Злучэньні паветрана-дэсантных войскаў Расеі да канца году возьмуць удзел у пяці сумесных вучэньнях з падразьдзяленьнямі замежных дзяржаваў, паведамілі «Інтэрфаксу» ў дэпартамэнце масавых камунікацый расейскага Міністэрства абароны.
Адзначаецца, што Расея актывізуе каапэрацыю зь іншымі краінамі ў вайсковай галіне. Так, у 2016 годзе было праведзена паўсотні мерапрыемстаў, на 2017-ы іх ужо заплянавана больш за 70.
У абаронным ведамстве ўдакладнілі, што ад пачатку гэтага году расейскія дэсантнікі ўзялі ўдзел у чатырох сумесных тактычных вучэньнях, тры зь якіх праводзілася на тэрыторыі Беларусі. А кульмінацыяй стануць маштабныя расейска-беларускія манэўры «Захад-2017» сёлета ў верасьні.
«Усе мерапрыемствы ладзяцца ў адпаведнасьці з плянам міжнароднай дзейнасьці Мінабароны Расеі на 2017 год», — запэўніваюць у Маскве.
Чаму Лукашэнка стаў адвакатам вучэньняў «Захад 2017»
Агулам, паводле экспэртаў, цягам году на тэрыторыі Беларусі пройдзе каля 40 розных вучэньняў, у тым ліку супольных. Мяркуецца, што пасьля манэўраў «Захад-2017» вайсковая актыўнасьць паступова зьнізіцца — у тым выпадку, калі Масква стрымае абяцаньні і выведзе свае падразьдзяленьні зь Беларусі.
Паводле некаторых зьвестак, у тым ліку ад крыніцаў у абаронных ведамствах краінаў NATO, Расея можа пакінуць у Беларусі пэўную колькасьць вайскоўцаў і тэхнікі.