У Магілёве сёлета на базе дзьвюх школ набіраюць першыя клясы зь беларускай мовай навучаньня. Першаклясьнікаў гатовыя прыняць сярэдняя школа № 1 — у цэнтры гораду, і № 34 — у магілёўскім Задняпроўі. Абвесткі пра набор беларускамоўных першаклясьнікаў зьявіліся ў гарадзкіх газэтах і на інфармацыйных стэндах у фае школ.
У школе № 1 таксама вядзецца набор у сёмы кляс, дзе вучыцца па-беларуску адно дзіця. Паводле слоў дырэктара школы № 34 Ігара Якіменкі, усё неабходнае для арганізацыі навучальнага працэсу на беларускай мове ёсьць.
Ігар Віктаравіч расказаў, як бачыць стан беларускамоўнага навучаньня, ягоныя пэрспэктывы ды праблемы.
Ігар Віктаравіч Якіменка, пераможца конкурсу прафэсійнага майстэрства «Настаўнік году 2004», выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, мае катэгорыю «настаўнік-мэтадыст» па спэцыяльнасьці «Настаўнік матэматыкі і фізыкі». Стаж пэдагагічнай дзейнасьці — з 1991 году.
— Ігар Віктаравіч, у Магілёве не было клясаў зь беларускай мовай навучаньня больш за дзесяць год. Навошта школе, якой вы кіруеце, кляса зь беларускай мовай навучаньня?
— Беларуская мова — наша родная мова. На жаль, здаецца, яна ўключаная ў сьпіс моваў, якія зьнікаюць. Давайце разам зробім так, каб наша мова ня зьнікла. І давайце зробім гэта прыгожа, каб нам ня трэба было выконваць ультыматыўныя патрабаваньні. Тады стварэньне ўмоваў для беларускамоўнага навучаньня будзе адным з кампанэнтаў камфортнага жыцьця нашага грамадзтва.
А цяпер, дазвольце, ваша пытаньне я сфармулюю крыху іначай. А ці патрэбнае беларускамоўнае навучаньне грамадзтву, гораду, краіне? Як думаеце? Патрэбнае! Тады чаму ня мы? Гэта першае. Па-другое, клясы зь беларускай мовай навучаньня, як і з расейскай, фармуюцца па жаданьні бацькоў.
Падручнікі на беларускай мове існуюць. Іх ня трэба выдумляць, а толькі трэба даставіць у школу. Навучальныя пляны таксама распрацаваныя. Пакоем для разьмяшчэньня клясы мы забясьпечым. Ён будзе невялікі, паводле санітарных нормаў. Пакуль што ў ім змогуць працаваць з настаўнікам да шасьці вучняў.
Падкрэсьлю, гэта будзе першая кляса пачатковай школы, якая будзе мець назву: «Мы гаворым па-беларуску». Адчыніш дзьверы, а там усё аформлена на беларускай мове.
І апошняе — настаўнікі. Іх будзем падбіраць у залежнасьці ад схемы фармаваньня клясы.
— А якія праблемы існуюць у фармаваньні клясаў зь беларускай мовай навучаньня?
— Тэхнічных перашкодаў я ня бачу. Задача ў тым, каб бацькі захацелі аддаць сваіх дзяцей вучыцца на беларускай мове. Кляса фармуецца, калі ласка, прыходзьце і пішыце заявы. У кожнай школе і дашкольнай установе гораду вісяць абʼявы пра тое, што такія клясы адкрыюцца. Адна заява ўжо ёсьць, мы і будзем ад гэтага адштурхоўвацца.
— Ці дзейснае навучаньне, калі ў клясе адно дзіця?
— Калі дзіця вучыцца адно, то яно адно. Я б прапанаваў цяперашні падыход. Няхай гэты маленькі чалавечак навучаецца зь дзецьмі ў клясе з расейскай мовай навучаньня. Ён ходзіць з гэтымі дзецьмі, напрыклад, на ўрокі фізычнай культуры, сьпеваў. (Думаеце, у беларускамоўнай клясе сьпяваць будуць толькі беларускія песьні? Не! Ёсьць праграма. У клясе з расейскай мовай сьпяваюць і беларускія песьні.) Далей — урокі працы, на іх больш робяць рукамі, а ня моваю.
А калі падыходзіць час спэцыфічных прадметаў, напрыклад, матэматыкі, то калі ласка: уся кляса пайшла на «математику», а дзіця зь беларускай мовай выкладаньня — на «матэматыку». Колькасьць гадзін аднолькавая. А тэрміналёгія — вы нават не ўяўляеце, наколькі розная. Урокі беларускай мовы — колькасьць гадзін аднолькавая, настаўнікі працуюць розныя.
Пры такім падыходзе нам трэба будзе мець ня два камплекты настаўнікаў, а паўтара.
— А як так сталася, што ў Магілёве адбыўся заняпад беларускамоўнага школьніцтва?
— Я не магу на гэтае пытаньне адказаць, бо не займаўся яго вывучэньнем. Мяне чытаць, размаўляць і думаць па-беларуску навучыла мая школьная настаўніца. Напэўна, не ўва ўсіх была такая настаўніца.
— Ігар Віктаравіч, як думаеце, у цяперашняй прававой сытуацыі ці павінен настаўнік у роўнай ступені валодаць і беларускай, і расейскай мовамі, каб аднолькава якасна выкладаць прадметы на дзьвюх дзяржаўных мовах?
Настаўнік, які выкладае на беларускай мове, павінен сурʼёзна ведаць мэтодыку беларускамоўя. Распыленьне на беларускую і расейскую мовы дужа сурʼёзна ўсё пераблытае. Калі ж ад бацькоў ёсьць запыт на беларускамоўнае навучаньне — наш абавязак знайсьці для іхных дзяцей кваліфікаванага настаўніка.
— Ці ёсьць у школе кваліфікаваныя кадры, здольныя вучыць дзяцей па-беларуску?
Сярод настаўнікаў пачатковай школы ёсьць спэцыялісты, якія працавалі ў вясковай школе. А гэта азначае, што яны валодаюць мэтодыкамі выкладаньня ўсіх прадметаў на беларускай мове. Прычым гэтыя настаўнікі маюць розную дадатковую адукацыю. Гэта азначае, што яны ня толькі здольныя выкладаць школьныя прадметы, але могуць зьвярнуцца да дзяцей зь іншымі размовамі.
Другі ракурс. Дапусьцім, няма настаўнікаў, здольных выкладаць прадметы на беларускай мове. Але настаўнікі — гэта спэцыялісты, якія здольныя хутка вучыцца. Яны здольныя мяняць свае падыходы, бо выбралі прафэсію настаўніка.
— Дык ці ёсьць будучыня ў беларускамоўнага навучаньня, як мяркуеце?
— Ёсьць!
Мы падбіраем настаўніка, распаўсюджваем інфармацыю. Днямі прайшоў сюжэт па тэлебачаньні пра магчымасьць вучыцца на беларускай мове ў Магілёве. Будзем ствараць музэй школы і афармляць яго напаўненьне на беларускай мове. Ужо ягоны накід ёсьць. Такім чынам ствараем асяродзьдзе. Калі ласка, прыходзьце, вучыцеся.
У выніку: зьвярнуўся да цябе чалавек на беларускай мове — перайдзі на беларускую мову, і ён будзе рады, што знайшоў суразмоўцу. Гэта тое, што мы б хацелі дзецям даць у школе — далейшы ход іхнага жыцьця таксама ня просты. Ва ўнівэрсытэтах іх жа будуць вучыць на расейскай мове — яна таксама спатрэбіцца.
— З вашых слоў вынікае, што дзеці, адвучыўшыся на беларускай мове, будуць пазбаўленыя магчымасьці працягваць навучаньне на той жа мове? Гэтая праблема сапраўды актуальная!
Давайце мы ня будзем забягаць наперад. Мы, напэўна, і пачынаем гэтую працу дзеля таго, каб за дзесяць год веерам разьвілася ўжываньне беларускай мовы.
— Дык унівэрсытэты ж не выпускаюць настаўнікаў матэматыкі, фізыкі, якія б вучылі гэтым прадметам на беларускай мове? Усё залежыць, хутчэй, ад іхнага жаданьня асвоіць мову, каб выкладаць гэтыя прадметы?
— Дык такія беларускамоўныя настаўнікі працуюць у сельскіх школах. У іх праблемаў з выкладаньнем няма. Давайце адʼедзем ад Магілёва на два-пяць кілямэтраў — і пабачым там беларускамоўныя школы. Відаць, можна было б вазіць дзяцей, якія хочуць вучыцца па-беларуску, у такія прыгарадныя школы. Аднак у бацькоў ёсьць права прапанаваць стварэньне беларускамоўных клясаў у горадзе. Нарэшце, у Менску, Горадні існуюць беларускамоўныя навучальныя ўстановы. У Асіповічах — беларускамоўная гімназія.
— Пытаньне — ці выкладаюць настаўнікі ў вёсках матэматычныя прадметы сапраўды па-беларуску?
— Не магу сьцьвярджаць ні «так», ні «не». Я, напрыклад, выкладаў інфарматыку ў школе на беларускай мове амаль тры гады. Перавучыўся і выкладаў для вучняў гарадзкой 23-й школы. Гэта было ў 1991–93 гадах. Вучні былі 5–6 клясаў. Выкарыстоўваліся падручнікі на беларускай мове. Тады быў пэрыяд уздыму беларускай мовы, і нават за выкладаньне на беларускай мове я атрымліваў даплату. Гэта таксама істотна было для настаўніка.
У кожны пэрыяд гісторыі — свае патрабаваньні. Калі ў 1993 годзе гэта быў слушны падыход (маю на ўвазе даплаты за выкладаньне на беларускай мове), то на сёньня, я лічу, гэта павінна карэктавацца. Патрабаваньні часу іншыя.
— Калі ў беларускамоўнага навучаньня ёсьць будучыня, то чаму бацькі ня пішуць заяваў, каб іхных дзяцей вучылі па-беларуску?
— А мы яшчэ пакуль нікога «пэрсанальна» не запрашалі...
Пададзена адна заява з гатоўнасьцю вучыцца ў беларускамоўным клясе. Канстытуцыя гарантуе права навучацца па-беларуску. Кодэкс аб адукацыі дае такую магчымасьць. Жаданьне бацькоў, напэўна, стымулюецца веданьнем канстытуцыйных правоў, нарматыўных дакумэнтаў. Чаму тады нам ня ўзяцца за ажыцьцяўленьне гэтага патрабаваньня? У прынцыпе — гэта вялікая, пакуль незапатрабаваная ніша. Трэба толькі напрацаваць досьвед, і такія клясы павінны быць.