Ад 2019 году ў Беларусі будуць уведзеныя новыя тэхнічныя ўмовы вытворчасьці піва. Партал Pivo.by разглядзеў зьмены ў параўнаньні зь цяперашнімі тэхнічнымі ўмовамі.
У новых нормах няма крытычных зьменаў для вытворцаў піва. Але з 2019 году піва будзе падзяляцца толькі на «сьветлае» і «цёмнае», а варыянт «паўцёмнае» зьнікне з клясыфікацыі. У тэрміналёгію будзе ўведзенае «пшанічнае піва» (з пшанічнага соладу), «спэцыяльнае піва» (з ужываньнем пладовай ці расьліннай сыравіны або натуральных араматызатараў, але зь ня менш як 80% піва ў напоі) і «спэцыяльнае пшанічнае піва», а таксама «безалькагольнае піва».
Тэрміны прыдатнасьці будуць павялічаныя: фільтраванае непастэрызаванае піва можна будзе захоўваць да 180 дзён, фільтраванае пастэрызаванае са стабілізавальнымі сродкамі — да 365 дзён. Патрабаваньні да фізыка-хімічных паказьнікаў будуць апісаныя для піва з колькасьцю алькаголю, ня меншай за 1,8% (раней — ад 3,7%). Таксама ўведзена азначэньне аднаразовых кегаў — раней дапускаліся толькі шматразовыя зь нержавейнай сталі.
Беларусь заняла 4-е месца ў рэйтынгу самых нездаровых краінаў сьвету — пасьля Чэхіі, Расеі і Славеніі
Беларусы застаюцца аднымі з самых пітушчых у сьвеце. Паводле афіцыйнай беларускай статыстыкі, сярэднестатыстычны беларус (дзеляць на ўсіх, у тым ліку на немаўлятаў) спажывае 8,8 літра ўмоўнага чыстага сьпірту на год, а паводле міжнароднай статыстыкі (дзеляць толькі на старэйшых за 15 год) — больш як 16 літраў сьпірту на год. Толькі 1 зь 5 беларусаў цэлы месяц ня піў алькаголю.
Са 160 тысяч алькагольна залежных штогод 8 тысяч адпраўляюць у прафілякторыі. На алькаголь прыходзіцца амаль 10% ад агульнага гандлю ў краіне.