Выкрадзенага ў Беларусі ўкраінца Паўла Грыба «западозрылі» ў падрыхтоўцы тэракту ў школе ў Сочы

Паўло Грыб у расейскім судзе, 18 кастрычніка

Cупраць украінца Паўла Грыба, меркавана выкрадзенага расейскімі спэцслужбамі зь Беларусі, распачалі крымінальную справу аб садзейнічаньні тэрарызму. Сястра затрыманага Вольга Грыб перадала Свабодзе пастанову сьледчых.

Паводле расейскага сьледзтва, Грыб «прапанаваў знаёмай дзяўчыне з Сочы ўзарваць бомбу на лінейцы ў школе». Яго называюць «прыхільнікам экстрэмісцкай арганізацыі УНА-УНСО», прыхільнікам «ідэяў супрэмасізму».

Грыб, як кажуць у пастанове суду, прызнаўся ў садзейнічаньні тэрарызму ў дзень затрыманьня, даваў паказаньні наконт схіленьня да тэракту. Адвакат і сваякі Грыба аб прызнаньнях не казалі.

Як сьцьвярджаюць сьледчыя, Грыб угаворваў дзяўчыну з Сочы, каб яна вырабіла і заклала бомбу ў школе, «знаходзячыся на тэрыторыі Ўкраіны, шляхам адпраўкі тэкставых паведамленьняў на ўкраінскай мове ў праграме Skype, якія зьмяшчаюць перакананьні, прапановы, заклікі да пачуцьцяў максымалізму, выключнасьці і значнасьці, пачуцьця перавагі ўкраінцаў над расейцамі, а таксама да пачуцьця помсты за нібыта мінулыя і цяперашнія факты акупацыі Расеяй спрадвечна ўкраінскіх земляў».

Тэракт нібы плянаваўся «з мэтай дыстабілізацыі органаў улады і ўзьдзеяньня на прыняцьце імі рашэньняў аб статусе асобных абласьцей Расейскай Фэдэрацыі».

Расейскія сьледчыя сьцьвярджаюць, што Грыб ня быў выкрадзены з тэрыторыі Беларусі, а быў затрыманы ў мястэчку Ярцава ў Смаленскай вобласьці.

Таксама, паводле сьледчых, Грыба абвясьцілі ў міжнародны вышук праз Інтэрпол яшчэ 12 жніўня. Чаму ён тады ня быў затрыманы на мяжы, калі 24 жніўня паехаў у Гомель, ні расейскі, ні беларускі бок не паведамляюць. Таксама як не паведамляецца, чаму Грыб нібыта паехаў у Расею.

Паўла пакінулі пад арыштам да 4 студзеня, хоць бацькі і адвакат затрыманага прасілі перавесьці яго хаця б пад хатні арышт – яму, інваліду зь дзяцінства, патрэбна пастаянная інтэнсіўная тэрапія. Але расейскія праваахоўнікі лічаць, што ў Грыба «няма цяжкіх захворваньняў, якія перашкаджалі бы ўтрымліваць яго пад вартай». Украінскіх лекараў да яго не пусьцілі, таксама не дазволілі перадаць лекі.

Тым часам Украіна так і не атрымала тлумачэньняў ад афіцыйнага Менску наконт выкраданьня Грыба. Больш за месяц таму МЗС Беларусі заяўляў, што «вывучае сытуацыю». Украінцам афіцыйна рэкамэндавалі адмовіцца ад паездак у Расею празь Беларусь.

***

Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.