Беларускі палітык, генэрал-лейтэнант міліцыі Мечыслаў Грыб кажа, што ў трагедыі, якая адбылася 8 кастрычніка ў гандлёвым цэнтры «Эўропа» нельга вінаваціць міліцыянтаў.
«Здарэньне ў ГЦ „Эўропа“ – вельмі цяжкае, жорсткае і эмацыйнае. Але абвінаваціць нейкі канкрэтны дзяржаўны орган, які не прадугледзеў, немагчыма, на мой погляд. Сёньня нельга ўзяць пад ахову ўсе гандлёвыя пункты і офісныя будынкі. Гэта проста немагчыма. Тое самае ў найбольш дэмакратычных краінах – там таксама адбываюцца напады, не зьвязаныя з арганізаванай злачыннасьцю. Таму я б нікога не вінаваціў у гэтым», — кажа Грыб.
Ён лічыць, што зараз найбольш важна разабрацца, што гэта за малады чалавек, як ён апынуўся ў краме, які яго фізычны і псыхічны стан, чым ён захапляецца, чаго ён наглядзеўся, што яго змусіла нападаць на людзей з бэнзапілой:
«Пакуль няма ні справы, ні вынікаў экспэртызы, таму цяжка казаць, хто вінаваты. Трэба ведаць, што за сям’я, што за школа і ВНУ, дзе ён вучыўся, – усё гэта трэба аналізаваць, каб сказаць, што стала прычынай трагедыі і як яе можна было пазьбегнуць».
Мечыслаў Грыб скептычна ставіцца да абвінавачваньняў праваахоўных органаў – іхныя супрацоўнікі не павінны па змаўчаньні ахоўваць усе крамы:
«Цяжка ацаніць работу праваахоўных органаў. Яны ж не былі на месцы здарэньня. І яны не павінны былі там быць – там няма ніякіх аб’ектаў, дзе мусіць дзяжурыць міліцыя. А чалавек, які ў выніку затрымаў забойцу, апынуўся на месцы злачынства. І дзякуючы яго гераізму забойцу ўдалося затрымаць. Але падставаў казаць пра тое, што міліцыя спрацавала кепска, няма. Трэба ўлічваць, ці павінны міліцыянты былі быць у гэтым гандлёвым цэнтры; калі ім паведамілі і за які час яны прыбылі».
Што да сродкаў самаабароны, то яны ў Беларусі ёсьць, але іх выкарыстаньне можа стаць прычынай таго, што ахвяра нападу сама будзе прыцягнутая да крымінальнай адказнасьці, падкрэсьлівае Грыб:
«Ёсьць сродкі самаабароны, якія можна насіць пры сабе: гэта газавыя балёнчыкі і электрашокеры. Калі ёсьць спэцыяльны дазвол, то можна мець і агнястрэльную зброю. Але праблема ў тым, што ў нас засталіся выключна савецкія падыходы да абароны і самаабароны. Што маецца на ўвазе? Часьцей за ўсё чалавек, які абараняецца, пасьля прыцягваецца да крымінальнай адказнасьці – за тое, што перавысіў межы неабходнай абароны. Але гэтыя межы вельмі размытыя, і вельмі часта ацаніць аб’ектыўна вельмі цяжка. Таму людзі баяцца займацца самаабаронай, каб пасьля не аказацца на месцы падсуднага. Гэтае пытаньне даўно існуе, але яно не распрацоўваецца, на жаль».