У Гомелі ўсё больш прадпрыемстваў пераходзяць на скарочаны працоўны тыдзень. Да іх ліку зь 5 сьнежня дадасца швейнае акцыянэрнае таварыства «Камінтэрн».
Чацьвёртага сьнежня швейная фабрыка «Камінтэрн» працуе апошні дзень на гэтым тыдні. Адна з кіраўнікоў фабрыкі гэта пацьвярджае:
«Так, заўтра ў нас выходны. Прадпрыемства не працуе — вытворчасьць яго».
Патлумачыць прычыны пераходу на чатырохдзёнку суразмоўца адмаўляецца. Затое пра гэта гавораць рабочыя прадпрыемства:
«Працы няма. Загад быў, што нібыта з нашай згоды. Працы няма! Падпісаліся — а што ж зробіш? У нас, напрыклад, пагадзінная аплата — страцім у грашах».
Яшчэ адзін рабочы на пытаньне пра заўтрашні выходны панура адказвае:
«На месяц на чатырохдзёнку пераводзіцца. Праблема існуе з замовамі».
І толькі, бадай, маладая швачка Ірына выходзіць з «Камінтэрна» ў добрым настроі — яна звальняецца. Кажа, што паводле сямейных абставінаў зьяжджае ў суседнюю Расею.
«Чатырохдзёнка ў нас. Сёньня сказалі, што заўтра не працуюць. Зрэшты, мне ўсё адно. Прыехала два дні таму і напісала адразу заяву на звальненьне. Я працавала швачкай — мяне з вуліцы сюды прывялі. Чаму навучылася тут, таму й навучылася. У мяне заробак на апэрацыях па замацаваньні быў два з паловай мільёны. Усё залежыць ад апэрацыі. І пяць мільёнаў можна зарабіць».
Адначасова зь пераходам на чатырохдзёнку фабрыка абвясьціла й зьніжкі на сваю прадукцыю, якая выпушчана год ці два таму. Напрыклад, мужчынскі касьцюм мінулагодняга выпуску, які каштаваў паўтара мільёна рублёў, цяпер у фірмовых крамах можна набыць за 850 тысяч.
Насупраць «Камінтэрну» прадпрыемства «СтанкаГомель». Яно яшчэ з кастрычніка пераведзена на чатырохдзённы працоўны тыдзень.
На заводзе скарачэньне працоўнага тыдня тлумачаць адсутнасьцю попыту на станкі, і найперш — на ўнутраным беларускім рынку:
Спажыўцы нашых станкоў — гэта нашы флягманы, а яны знаходзяцца ня ў самым лепшым фінансавым становішчы
«Спажыўцы нашых станкоў — гэта нашы флягманы: трактарны завод, маторны, БелАЗ, „Гомсельмаш“. Яны знаходзяцца ня ў самым лепшым фінансавым становішчы. А калі так, то не да замоваў, не да абсталяваньня».
Ужо некалькі месяцаў па скарочаным працоўным тыдні працуе й завод «Гідрапрывад», які вырабляе рэгулюючую апаратуру для трактараў і мабільнай тэхнікі МТЗ, «Гомсельмашу», Бабруйскага трактарнага заводу дэталяў і агрэгатаў.
На прадпрыемстве пераход на чатырохдзёнку тлумачаць проста:
«Аб’ёмаў няма пакуль у Беларусі».
Ня надта шэньціць і тым беларускім прадпрыемствам, якія арыентаваліся ў сваім экспарце толькі на рынак Расеі. У зьвязку з рэзкім падзеньнем курсу расейскага рубля фінансавая выручка заводаў таксама зьнізілася.
Дырэктар аднаго з гомельскіх прадпрыемстваў так падсумоўвае вынікі экспарту сваёй прадукцыі ў Расею:
«Так, нас гэта „паклала“, і „паклала“ моцна. Калі раней я мог зарабіць 270-280 мільёнаў у адносінах да даляра, то цяпер я зарабляю 230 мільёнаў».