Карэспандэнты Радыё Свабода Рыйн Альяс Балінт Салай, а таксама Баўгарская служба Радыё Свабодная Эўропа падрыхтавалі аналіз сытуацыі з пэйджарамі «Хэзбалы», якія выбухнулі.
Баўгарская кампанія з сувязямі з Нарвэгіяй аказалася замяшаная ў ланцужку паставак пэйджараў, якія ўзарваліся ў Лібане на гэтым тыдні, ад чаго загінулі 37 чалавек і некалькі тысяч атрымалі раненьні.
Пэйджары, якія выкарыстоўваліся членамі «Хэзбалы», самай магутнай даверанай арганізацыі Ірану на Блізкім Усходзе, адначасова ўзарваліся па ўсім Лібане 17 верасьня.
Прылады выглядалі як вырабы тайваньскай кампаніі Gold Apollo, аднак 18 верасьня кампанія заявіла, што на самой справе пэйджары былі зроблены вугорскай кампаніяй BAC Consulting.
Цяпер новыя дадзеныя сьведчаць пра наяўнасьць дадатковых сувязяў у Баўгарыі і Нарвэгіі.
Вось што на гэты момант удалося даведацца RFE/RL аб кампаніях і іх ценявых уладальніках.
Баўгарскі сьлед
Norta Global Ltd., баўгарская кампанія, зарэгістраваная ў Сафіі ў красавіку 2022 году, зараз зьявілася як адзін з магчымых гульцоў у ланцужку паставак сьмяротных пэйджараў. Па дадзеных крыніц Telex.hu, вугорская кампанія была ўцягнутая толькі на паперы, а фактычнай лягістыкай займалася Norta Global.
Баўгарскія запісы паказваюць, што ў кампаніі няма супрацоўнікаў, яна атрымлівае мінімальны прыбытак і ажыцьцяўляе сваю дзейнасьць па адрасе, зьвязаным з Agentsya Za Novy Firmy, баўгарскім агенцтвам-пустышкай.
Калі 18 верасьня карэспандэнты Радыё Свабода наведалі гэты адрас. Атанас Атанасаў, адзін з уладальнікаў Empresi, кампаніі, якая прадстаўляе Norta Global, адмовіўся адказваць на якія-небудзь пытаньні.
Аналягічна і саўладальніца Элі Атанасава рэзка перапыніла размову, калі яе спыталі пра Norta Global. Іх адвакат пазьней пацьвердзіў, што Norta Global зьяўляецца кліентам, але ня даў ніякіх падрабязнасьцяў пра яе адзінага ўладальніка Рынсана Хасэ.
Рынсан Хасэ, грамадзянін Нарвэгіі, які нарадзіўся ў 1985 годзе, ня мае значнай прысутнасьці ў сеціве. Яго профіль LinkedIn паказвае досьвед у галіне дзелавога адміністраваньня, атрыманы ў Індыі і Осла. Яго прафэсійны досьвед уключае розныя дзелавыя ролі ў Осла, і ён зарэгістраваны на прадпрымальніцкай плятформе ў пошуках партнэраў і фінансаваньня.
Хасэ таксама звязаны зь іншай кампаніяй пад назвай NortaLink; хоць вэб-сайту Norta Global у цяперашні час не існуе, у яго архіўнай вэрсіі ёсьць спасылка на старонку NortaLink у Facebook.
Радыё Свабода спрабавала звязацца з Хасэ праз LinkedIn і па нумары тэлефона, зьвязаным з Norta Global, але не атрымала адказу.
Хоць 19 верасьня Баўгарскае дзяржаўнае агенцтва нацыянальнай бясьпекі заявіла, што, насуперак паведамленьням аб Norta Global, мытныя запісы ня выявілі ніякіх сьлядоў вывазу пэйджараў з тэрыторыі Баўгарыі, раніцай 20 верасьня яно выступіла зь яшчэ адной заявай, у якой адмаўляла дачыненьне кампаніі да лібанскіх выбухаў.
«Сумесна з Нацыянальным агенцтвам даходаў, Міністэрствам унутраных спраў і Мытным агенцтвам было ўстаноўлена, што ў Баўгарыі не імпартавалася, не экспартавалася і не выраблялася ніякіх сродкаў сувязі», — гаворыцца ў паведамленьні агенцтва.
Акрамя таго, агенцтва заявіла, што Norta Global «не ажыцьцяўляла фінансавых апэрацый, якія падпадаюць пад дзеяньне закону „Аб мерах у процідзеяньні фінансаваньню тэрарызму“, і ня мае ніякіх камэрцыйных адносін зь фізычнымі або юрыдычнымі асобамі, якія знаходзяцца пад санкцыямі Рады Бясьпекі ААН або Рады Эўрапейскага зьвязу».
Праведзенае Радыё Свабода расьсьледаваньне ў базах дадзеных міжнароднага гандлю нч выявіла ніякіх запісаў аб імпарце ці экспарце кампаніі Norta Global ці з Баўгарыі ў Тайвань.
Вугорскі сьлед
Хоць інфармацыя пра Рынсана Хасэ бедная, публічны профіль вугорскай жанчыны, якая стаіць за BAC Consulting (кампаніяй, названай вытворцам пэйджараў тайваньскай кампаніяй Golden Apollo) значна больш істотны.
49-гадовая Крыстыяна Баршань-Арчыд’якана пацьвердзіла сваё дачыненьне да пэйджараў у інтэрвію NBC 18 верасьня, але сказала, што яна была толькі пасярэдніцай.
Пасьля зьяўленьня навін 18 верасьня сайт BAC Consulting быў выдалены, аднак у архіўных вэрсіях сьцьвярджалася, што кампанія прапануе кансалтынгавыя паслугі ў галіне аховы навакольнага асяродзьдзя, разьвіццья і міжнародных адносін.
На сайце Баршань-Арчыд’якана пазначаная як генэральны дырэктар і заснавальніца, што сьведчыць пра яе ролю стратэгічнага кансультанта ў інавацыях і ўнутраных справах. Яе разнастайны досьвед ахоплівае фізыку, устойлівае разьвіцьцё, разьвіцьцё бізнэсу, лічбавізацыі і нават мастацтва і рамёствы. Яна згадала такія арганізацыі, як UNESCO, Эўрапейскую камісію і Міжнароднае агенцтва атамнай энэргіі сярод сваіх папярэдніх працадаўцаў.
Сярод яе акадэмічных дасягненьняў яна можа пахваліцца доктарскай ступеньню і некалькімі ступенямі магістра прэстыжных брытанскіх ВНУ. Хаця Свабода пацьвердзіла яе доктарскую ступень ад University College London, іншыя ўнівэрсытэты пакуль не адказалі.
Вугорскае навінавае выданьне HVG пацьвердзіла яе стаж у Міжнародным агенцтве атамнай энэргіі ў 2008 годзе; акрамя таго, яны працытавалі яе былога калегу і навуковага суаўтара Акаша Кёвэра, які сказаў, што «Крыстыяна зь цяжкасьцю знаходзіла працу пасьля атрыманьня доктарскай ступені» і жыла з бабуляй, і гэтая сытуацыя працягвалася гадамі.
Ён таксама паведаміў, што пасьля атрыманьня доктарскай ступені яна не займалася ніякай навуковай працай і што яго ўласныя нядаўнія спробы зьвязацца зь ёй па электроннай пошце аказаліся беспасьпяховымі.
Хоць прысутнасьць Баршань-Арчыд’якана ў сацыяльных сетках застаецца прыкметнай, уключаючы старонку ў Instagram, якая дэманструе яе рысункі, ейны лічбавы сьлед пачынае зьнікаць. Да нядаўняга часу яна была пазначаная як галоўная дырэктарка ва ўстойлівым разьвіцьці ў Eden Global Impact Group, але ўвесь разьдзел «Хто мы», уключаючы яе профіль, цяпер выдалены са старонкі.
Акрамя таго, у яе профілі на LinkedIn пазначана, што яна ўваходзіць у раду дырэктараў Earth Child Institute, аднак у арганізацыі заявілі BBC, што яна ніколі не ўваходзіла ў іх раду.
Радыё Свабода спрабавала зьвязацца з Баршань-Арчыд’якана праз тэлефон, электронную пошту і асабіста, але пакуль беспасьпяхова.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Партатыўныя радыёстанцыі «Хэзбалы» выбухаюць па ўсім Лібане ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькасьць загінулых у выніку выбухаў партатыўных рацый «Хэзбалы» ў Лібане вырасла да 20