Лукашэнка сказаў, што патрабаваньне росту заробкаў «не папулізм», і «накідаў пытаньняў» старшыню КДБ

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка 2 траўня правёў сустрэчы са старшынямі праўладнай Фэдэрацыі прафсаюзаў і Камітэту дзяржаўнай бясьпекі.

На сустрэчы са старшынём ФБП Міхаілам Ордам Аляксандар Лукашэнка заявіў, што патрабаваньні ў занятасьці насельніцтва, росьце заробкаў і рэгуляваньні цэнаў — гэта «ня нейкі папулізм».

«Я не патрабую заробкаў як „зряплаты“. Я хачу, каб гэты заробак быў зароблены людзьмі. А для гэтага трэба, каб вытворчасьць функцыянавала як сьлед, эфэктыўна, — казаў Лукашэнка. — Калі мы ня хочам, каб людзі працавалі, ня хочам ім ствараць працоўныя месцы, дапамагчы, працаўладкаваць, то атрымаем хвалю злачыннасьці».

Сам Лукашэнка патрабуе і абяцае падвысіць сярэдні заробак у Беларусі да 500 даляраў, або 1000 рублёў, ужо больш за 10 гадоў (за выняткам асобных месяцаў – беспасьпяхова). У той жа дзень, калі Лукашэнка казаў пра недапушчальнасьць «зряплаты», Нацбанк заявіў пра штучны рост заробкаў беларусаў, які паскарае інфляцыю.

Лукашэнка таксама выказаўся за павелічэньне ўплыву афіцыйных прафсаюзаў і за тое, каб прафсаюзныя ячэйкі ствараліся на прыватных прадпрыемствах.

«Вы ведаеце, што ў нас там і залежных, і незалежных, і дзяржаўных, і праўладных, і пралукашэнкаўскіх – усялякіх прафсаюзаў, як толькі іх не называюць, — расказваў Лукашэнка Орду.— Але на самой справе, калі гэтая галіна – пажадана, каб гэта быў адзін прафсаюз, бязь нейкага дубляжу. Калі людзі хочуць кудысьці схадзіць, у нейкі так званы незалежны прафсаюз, няхай сходзяць, мы нікому не перашкаджаем. Але за чалавека мы павінны змагацца».

Таксама 2 траўня Лукашэнка правёў сустрэчу са старшынём КДБ Валерам Вакульчыкам. Ён пахваліў КДБ за тое, што цяпер «відаць» эфэктыўная барацьба з карупцыяй.

Таксама Лукашэнка спытаў Вакульчыка, што насьцярожвае старшыню КДБ у пытаньні выяўленьня карупцыі, якія вынікі ў выведцы, контравыведцы, антытэрарыстычнай дзейнасьці і ахове канстытуцыйнага ладу, як старшыня КДБ ацэньвае сытуацыю ў грамадзкай бясьпецы напярэдадні Дня Перамогі і Дня Рэспублікі.

Што Вакульчык адказаў, не паведамляецца. Таксама Лукашэнка даручыў яму інфармаваць насельніцтва пра вынікі дзейнасьці КДБ «настолькі, наколькі гэта магчыма», «каб не казалі, што мы тут заслонай пакрылі ўсё, утойваем ад народу».