Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ (PDF) «Аб прыёме ва ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі і навучаньні ў іх». Цяпер набор (паступленьне) ў пятую клясу гімназіяў будзе рабіцца без уступных іспытаў.
Усе, хто вучыўся ў чацьвёртых клясах гімназіяў, аўтаматычна працягнуць навучаньне, а прыём новых вучняў будзе, верагодна, ажыцьцяўляцца без экзамэнаў (як менавіта, не ўдакладняецца). Конкурсны адбор у пятую клясу застанецца ў мастацкіх гімназіях-каледжах — будзе адбывацца «паводле вынікаў праверкі творчых здольнасьцяў».
Паводле прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі, гэта «дазволіць зьняць неапраўданую псыхалягічную і эмацыйную нагрузку» на вучняў, што «агулам будзе спрыяць захаваньню іхнага здароўя».
Беларускія гімназіі сабраліся зрабіць звычайнымі школамі ў канцы лета 2017 году. Міністар адукацыі, былы кіраўнік Камуністычнай партыі Беларусі Ігар Карпенка прапанаваў такую рэформу Лукашэнку на «пэдагагічнай нарадзе». Гімназіям вырашылі фактычна пакінуць назвы і навучаньне на павышаным узроўні толькі ў 10-й і 11-й клясах. Ідэя выклікала крытыку сярод настаўнікаў і бацькоў.
Крысьціна Вітушка пра зьмены ў школьнай адукацыі
«Гімназіі „апусьцілі“ пад узровень настаўнікаў»: экспэрты і бацькі — пра новую рэформу ў адукацыі
Намесьніца старшыні парлямэнцкай камісіі: «Гімназіі апраўдалі сябе і павінны захавацца»
Яўгенія Пастарнак: «Закрываць гімназіі — гэта калясальная дурасьць»
Адначасова са зьменамі ў гімназіях новы ўказ Лукашэнкі дазваляе вывучаць ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі асобныя прадметы на павышаным узроўні. Як менавіта гэта будзе адбывацца, мае цягам двух месяцаў вырашыць Міністэрства адукацыі і Міністэрства культуры.
У студзені Мінадукацыі прыняла пастанову, што абяцае «разгрузіць» настаўнікаў ад залішняй працы з паперамі, але ці зьменшыцца аб’ём папяровай працы насамрэч, невядома.