Зрыў менскай сустрэчы трохбаковай кантактнай групы Ўкраіна — Расея — АБСЭ па сытуацыі ў Данбасе зьвязаны з імкненьнем сэпаратыстаў і Расеі дамагчыся ад Украіны аднабаковых саступак.
Такую думку ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў украінскі палітоляг Уладзімер Фясенка.
«Зрыў гэтых перамоваў зьвязаны з тактыкай сэпаратыстаў, за якімі стаіць Расея. Зрыў перамоваў толькі засьведчыў: яны ня хочуць дамаўляцца. Яны хочуць выкарыстаць гэтыя перамовы для таго, каб дамагчыся аднабаковых саступак ад Украіны. Гаворка ідзе фактычна аб прызнаньні сэпаратысцкіх рэспублік, што недапушчальна. Украіна ня пойдзе на гэта, гэта не зразумеюць у грамадзтве. Але Расея і сэпаратысты хочуць у той ці іншай форме дамагчыся гэтага», — кажа экспэрт.
Фясенка зьвяртае ўвагу на тое, што сэпаратысты ў якасьці ўмовы для правядзеньня перамоваў патрабуюць ад Украіны аднаўленьня сацыяльных выплат у Данбасе. Але, як адзначае палітоляг, гаворка ідзе пра тэрыторыі, якія не падкантрольныя Ўкраіне, таму сэпаратысты спачатку павінны прызнаць сувэрэнітэт і цэласнасьць Украіны, а таксама пагадзіцца на правядзеньне мясцовых выбараў паводле ўкраінскіх законаў, што прадугледжана менскімі дамоўленасьцямі ад 5 і 19 верасьня.
«Усе гэтыя дамоўленасьці сэпаратысты парушылі, а цяпер яны кажуць: давайце зноў вяртацца да перамоваў пра адмысловы статус Данбаса, хаця самі гэта адхілілі ў свой час. Таму гаворка ідзе аб тактыцы сэпаратыстаў: яны хочуць аднабаковых саступак з боку Ўкраіны і выстаўляюць ультыматумы, выкарыстоўваючы тое, што ў перамовах зацікаўлены міжнародныя партнэры, — аднаўленьня менскіх перамоваў дамагаліся ў Эўразьвязе», — адзначае палітоляг.
Яны хочуць аднабаковых саступак з боку Ўкраіны і выстаўляюць ультыматумы, выкарыстоўваючы тое, што ў перамовах зацікаўлены міжнародныя партнэры
Яшчэ адна прычына зрыву сустрэчы — спроба сэпаратыстаў да пачатку перамоваў пашырыць тэрыторыі, якія знаходзяцца пад іх кантролем.
«Яны зьбіраюцца дэ-факта адсунуць лінію фронту, а потым выкарыстоўваць гэта ў сваіх інтарэсах у перамовах аб разьмежаваньні лініі супрацьстаяньня. Таму працягваюцца атакі на данецкі аэрапорт, паводле апошніх дадзеных, канцэнтрацыя войскаў назіраецца ў раёне стратэгічна важнай трасы паміж Данецкам і Луганскам. Наагул ва Ўкраіне заўважылі адну цікавую заканамернасьць: як толькі з Расеі прыходзіць так званы гуманітарны канвой (а якраз цяпер туды прыйшоў чарговы расейскі „гумканвой“), адразу павялічваецца інтэнсіўнасьць абстрэлаў, што, хай і ўскосна, сьведчыць аб тым, што ў гэтым канвоі прывозяць боепрыпасы», — лічыць Фясенка.
6 сьнежня прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што, паводле папярэдніх дамоўленасьцяў, паседжаньне трохбаковай кантактнай групы Украіна — Расея — АБСЭ адбудзецца ў Менску 9 сьнежня. Як паведамляла прэс-служба ўкраінскага лідэра, Украіна чакае, што па выніках сустрэчы будзе зацьверджаны графік рэалізацыі менскіх дамоўленасьцяў.
У сваю чаргу данецкія сэпаратысты заявілі, што да 9 сьнежня не пасьпеюць узгадніць шэраг важных пытаньняў «са сваім кіраўніцтвам», і сустрэча, на іх думку, павінна адбыцца не раней, чым 12 сьнежня.
Як паведаміў прадстаўнік ДНР Дзяніс Пушылін, сэпаратысты патрабуюць увядзеньня ў дзеяньне ўкраінскага закона аб адмысловым статусе асобных раёнаў Данбасу, а таксама жадаюць пачуць пазыцыю ўладаў Украіны па паэтапным зьняцьці «эканамічнай блякады Данбасу».
У чацьвер Пушылін аб’явіў, што перамовы 12 сьнежня таксама не адбудуцца. Ён патлумачыў гэта тым, што 10 сьнежня ўкраінскі бок адмяніў відэаканфэрэнцыю па скайпе, на якой плянавалася ўзгадніць умовы сустрэчы.