Супраць украінскіх вайсковых сілаў на ўсходзе краіны ваюе батальён «Сьмерць». Ён складаецца з чачэнцаў, якія зьяўляюцца салдатамі або афіцэрамі расейскай арміі і спэцслужбаў.
Пра гэта адзін зь лідэраў групоўкі распавёў міжнароднаму агенцтву навінаў Reuters. Аднак розныя групы чачэнцаў ва Ўкраіне ваююць з абодвух бакоў канфлікту. Адной зь іх мэтаў зьяўляецца перамога адзін аднаго.
«Алаху Акбар» і чачэнская мова загучалі ў Данбасе
Выкрыкваючы «Алаху Акбар», што азначае «Алах — найвялікшы», група чачэнскіх вайскоўцаў праводзіць трэніроўкі ў засьнежаным полі побач з турыстычнай базай, недалёка ад Данецка. Мужчыны маюць на куртках і шапках шаўроны ў колер чачэнскага сьцяга — зялёна-бела-чырвоныя.
Гэта — батальён «Сьмерць», які ваюе на ўсходзе Ўкраіны на баку сэпаратыстаў на працягу апошніх шасьці месяцаў. Намесьнік камандзіра групы з пазыўным «Стынгер» распавёў міжнароднаму агенцтву Reuters, што ўсе мужчыны атрымалі вайсковы досьвед на службе ў расейскай арміі або ў спэцслужбах.
«У нас каля трох сотняў людзей па Данецкай вобласьці. Баявы досьвед — ад дзесяці да дваццаці гадоў. Практычна 70 адсоткаў — са спэцназу, з розных структураў. Недзе 75 адсоткаў зь іх маюць раненьні, узнагароды, дзяржаўныя у тым ліку. Усе тут — добраахвотнікі. З 2000-х гадоў мы зьяўляемся салдатамі і афіцэрамі расейскай арміі і расейскіх спэцслужбаў », — сказаў ён.
Гэтую ж інфармацыю на сваім сайце распаўсюдзіў сайт «Наваросіі», дадаючы, што галоўная мэта батальёна — «затрыманьне чачэнцаў, якія супрацоўнічаюць з кіеўскай хунтай».
«Ёсьць такое паняцьце — аддаваць даўгі»
Гэта прапанова, хутчэй за ўсё, тычыцца чачэнскага батальёна імя Джахара Дудаева, што ваюе на баку украінцаў. Відэазварот Ісы Мунаева, лідэра батальёна і брыгаднага генэрала ўзброеных сілаў Чачэнскай рэспублікі Ічкерыі, прэзыдэнтам якой быў Дудаеў, зьявіўся ў інтэрнэце яшчэ 5 кастрычніка.
«Я выконваю свой абавязак. Ёсьць такое паняцьце — аддаваць даўгі. Калі нам было цяжка, братэрскі народ Украіны даў майму народу, маёй радзіме, дапамогу», — сказаў ён у звароце.
Паводле словаў журналіста Чачэнскай рэдакцыі Радыё Свабода Лёмы Чабаева, які асабіста знаёмы з Мунаевым, на самым пачатку ў батальён запісаліся больш за 350 чалавек.
Адной з прычынаў стварэньня батальёна імя Джахара Дудаева была інфармацыя пра тое, што «кадыраўцы» ваявалі на супрацьлеглым баку, распавёў Чабаеў.
«Гэта велізарная ганьба! І калі яны там ёсьць такія, то ня можа быць, каб нас там не было ў процівагу. Агульнае ў нас зь імі толькі тое, што гэтыя людзі ведаюць чачэнскія словы, фразы, трохі мову. Ніякіх іншых агульных знакаў у нас зь імі няма», — сказаў ён.
На думку Чабаева, увязвацца ва ўкраінскі крызіс любым чачэнцу — гэта вялікая несправядлівасьць. Тым больш, калі выпраўляцца туды ад імя Крамля.