У Кіеве прайшла дыскусія працоўнай групы па Беларусі ў «Эўранэсьце» з апазыцыйнымі беларускімі палітыкамі. Разглядаем яе вынікі з трох розных ракурсаў — прадстаўніка АГП, «Гавары праўду» і руху «За свабоду».
Тры галоўныя тэмы абмеркавалі з апазыцыйнымі беларускімі палітыкамі ўдзельнікі працоўнай групы па Беларусі ў Парлямэнцкай асамблеі краін «Усходняга партнэрства» «Эўранэст», гэта:
- вынікі вайсковых вучэньняў «Захад-2017»,
- дачыненьні Беларусі і Эўразьвязу напярэдадні саміту «Ўсходняга партнэрства»,
- падрыхтоўка да мясцовых выбараў.
Афіцыйнай дэлегацыі Нацыянальнага сходу Беларусі на дыскусіі ў Кіеве не было — вынікі беларускіх парлямэнцкіх выбараў Эўразьвяз не прызнае.
Карэспандэнт Свабоды запісаў выказваньні трох удзельнікаў кіеўскіх дыскусій:
- кіраўніка руху «За свабоду» Юрася Губарэвіча,
- сябра палітрады Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандра Дабравольскага
- адну зь лідэраў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Тацяну Караткевіч.
Уладам ня вераць і беларусы, і суседзі
Губарэвіч: «Вучэньні папсавалі імідж Беларусі адразу на двух кірунках: паглыбленьні дыялёгу з Эўразьвязам і жаданьні афіцыйных уладаў зрабіць Менск нэўтральнай пляцоўкай для дыялёгу ня толькі па сытуацыі ва Ўкраіне».
Дабравольскі: «Для гэтых вучэньняў галоўным было ня тое, як яны праводзіліся, а ў які час яны прайшлі. Вучэньні адбыліся на тле таго, што Расея адкрыта паказала сваю агрэсіўнасьць і жаданьне захопліваць чужыя тэрыторыі. Таму адчуваньне небясьпекі, якое мелі многія краіны, асабліва суседзі, цалкам зразумелае. Вучэньні яшчэ раз прадэманстравалі вялікую залежнасьць Беларусі ад Расеі. А гэта пагражае нашаму сувэрэнітэту».
Караткевіч: «„Гавары праўду“ прапаноўвала Міністэрству абароны падчас вучэньняў стварыць грамадзкую камісію з экспэртаў і журналістаў. Гэта дапамагло б пашырыць круг даверу да ўлады. А яго няма. Ну як можа давяраць афіцыйнаму Менску тая ж Літва, калі да Міністэрства абароны няма даверу ў сваёй краіне?!»
Арышт Статкевіча — пальчатка, якую кінулі ў твар эўрапейцам
Губарэвіч: «Адметнасьцю „Эўранэсту“ стала затрыманьне ў Менску Міколы Статкевіча, які меўся быць адным з удзельнікаў кіеўскіх дэбатаў. З боку беларускіх уладаў — гэта пальчатка, кінутая ў бок эўрапейцаў. Гэта паказьнік таго, што рэжым прынцыпова не зьбіраецца мяняцца, для яго гэта важней нават за атрыманьне нейкіх прэфэрэнцый з боку Эўразьвязу. Улады разумеюць, што зараз на першы плян выходзіць зацікаўленасьць і Брусэля, і Вашынгтону ў рэгіянальнай бясьпецы, а не пытаньні дэмакратычных пераменаў».
Дабравольскі: «Эўрапейскія палітыкі паказалі, што яны даволі цьвяроза ацэньваюць сытуацыю ў Беларусі. У іх ёсьць разуменьне, што трэба супрацоўнічаць з уладамі. Але беларускае кіраўніцтва шмат што абяцае, а выконвае вельмі мала. Мне спадабаўся Ўладзімер Някляеў, які расказаў пра арышт Міколы Статкевіча, пра перасьлед яго самога. Ён сказаў заходнім палітыкам: вы ж павінны разумець, што, ідучы на саступкі без узаемных крокаў насустрач, вы заахвочваеце ўладу праводзіць рэпрэсіі супраць грамадзкіх актывістаў».
Караткевіч: «Я за пашырэньне сувязяў з Эўразьвязам. Яны даюць нам магчымасьць разьвіцьця, асабліва ў рэгіёнах. Намі патрэбныя супольныя праграмы па зялёнай эканоміцы, па разьвіцьці інфраструктуры і г. д. Гэта зробіць нашу краіну больш прывабнай для замежных інвэстыцый. У выніку і нашы грамадзяне будуць жыць лепей».
Выбары зноў пройдуць бяз правілаў
Губарэвіч: «У параўнаньні з парлямэнцкімі выбарамі ўвосень 2016 году выбарчае заканадаўства зусім не зьмянілася. Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі спадарыня Ярмошына публічна заявіла, што ніякіх зьменаў на мясцовых выбарах у заканадаўства ўнесьці ўжо не пасьпеюць. Праўда, яна паабяцала нейкія перамены ў межах правапрымяняльнай практыкі, што можна зрабіць праз пастановы Цэнтравыбаркаму. Але гэта меней нават за касмэтычныя зьмены».
Дабравольскі: «Нам зрабіў даклад прадстаўнік Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЭ Ўладзімір Місеў. Ён расказаў пра асноўныя моманты намаганьняў БДІПЧ зьмяніць выбарчае заканадаўства ў Беларусі. Але ў Бюро ня маюць ніякіх ілюзій наконт гэтага. Зразумела, што мясцовыя выбары пройдуць па старых правілах, а калі казаць дакладней, бяз правілаў».
Караткевіч: «Хто б што ні казаў, але прысутнасьць Алены Анісім і Ганны Канапацкай у Палаце прадстаўнікоў паказвае, што там нарэшце зьявілася нейкая альтэрнатыва. І вельмі важна цяпер перанесьці гэтую тэндэнцыю на мясцовыя выбары. Каб вынікам гэтай кампаніі сталі дэпутаты альтэрнатывы, найперш у абласных і гарадзкіх саветах. Гэта паспрыяе новым пераменам».
* * *У дыскусіі ўдзельнічалі сустаршыні працоўнай групы па Беларусі дэпутаты Богдан Здраеўскі (Польшча) і Думітру Дзякаў (Малдова), а таксама парлямэнтары з Азэрбайджану, Латвіі, Літвы, некаторых іншых краін, кіраўніца прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Андрэа Віктарын і дырэктар дэпартамэнту Ўсходняга суседзтва Генэральнага дырэктарату Эўракамісіі па пытаньнях суседзтва і пашырэньня Эўразьвязу Лоўрэнс Мэрэдыт.