Сустаршыня рады Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікалай Статкевіч, затрыманы ў Менску ўвечары 30 кастрычніка, знаходзіцца ў ізалятары на вуліцы Акрэсьціна, дзе, верагодна, адбывае 5-суткавы арышт паводле «старога» прысуду. Пра гэта Марына Адамовіч напісала ў «Фэйсбуку».
Паводле Марыны Адамовіч, міліцыянты на працягу ўсяго дня 30 кастрычніка пільнавалі яе машыну.
«Мы вярталіся дадому, праехалі мэтраў пяцьсот, як нас спыніла ДАІ», — распавяла Адамовіч.
31 кастрычніка яна даведалася пра месцазнаходжаньне мужа: Статкевіч у ізалятары на вуліцы Акрэсьціна. Затрыманы ён нібыта па «старой» пастанове, за акцыю 8 верасьня, паводле якой яго раней асудзілі на 5 сутак адміністрацыйнага арышту. Такім чынам, выйсьці на волю ён павінен 4 лістапада а 20:30.
Але афіцыйна пакуль невядома, за што менавіта затрымалі Статкевіча.
Сам палітык казаў раней, што атрымаў позву ў суд за тое, што даў журналістам інтэрвію пад турмой на Акрэсьціна 7-га кастрычніка ў Менску (пасьля адбыцьця 15-суткавага арышту), у якім распавёў пра «спробу заразіць яго сухотамі».
Таксама ён меркаваў, што неўзабаве пракуратура ды судовыя органы пачнуць дасылаць выклікі ды позвы па выніках «Маршу абураных беларусаў», які адбыўся 21 кастрычніка ў Менску і адным з арганізатарам якога выступаў Статкевіч.
«Помсьцяць за тое, што расказаў пра спробу заразіць сухотамі»
Гэта ўжо шостае затрыманьне палітыка сёлета. Разам ён правёў за кратамі 34 дні.
31 кастрычніка Мікалай Статкевіч плянаваў выступіць на сэсіі Парлямэнцкай асамблеі «Ўсходняга партнэрства» («Эўранэст») у Кіеве.