Спокліч Эўрапейскага дня моваў — „Цэнім усе мовы ў Эўропе“ . Гэта і ёсьць зьмест і мэта сьвяткаваньня, якое ўжо 22 гады ладзіцца пад эгідай Рады Эўропы. Яе генэральны сакратар Марыя Пэйчынавіч-Бурыч выпусьціла адмысловы зварот:
„Гэта ўшанаваньне сатканага з моваў багатага габэлену, які робіць наш кантынэнт такім асаблівым. Моўная разнастайнасьць — наша культурная спадчына. Яна дапамагае нам цаніць адрозьненьні і разумець, што разнастайнасьць — наша сіла. Шануйма ўсе мовы ў Эўропе“.
Афіцыйная старонка сьвята мае 42 моўныя вэрсіі, у тым ліку на эўрапейскіх мовах, якія ня маюць статусу агульнадзяржаўных. Беларускай вэрсіі — няма... У Радзе Эўропы 46 дзяржаваў, але статус „спэцыяльна запрошанай“ у Раду для Рэспублікі Беларусі быў прыпынены ў 1997 годзе пасьля чарады антыканстытуцыйных рэфэрэндумаў. А з 2022 году, пасьля шырокамаштабнага нападу на Ўкраіну, з Рады Эўропы была выключаная і Расея.
Таму сьвята і не адчуваецца ў Беларусі. Хоць па ўсім нашым кантынэнце ў гэты верасьнёўскі дзень праходзяць канцэрты і выставы, канфэрэнцыі выкладнікаў і тэматычныя школьныя заняткі. У аўстрыйскім Грацы, дзе месьціцца апорны для культываваньня эўрапейскай моўнай шматстайнасьці Эўрапейскі цэнтар сучасных моваў, моўны фэстываль доўжыцца некалькі дзён. Сеціва напоўненае гульнямі і забавамі для дзяцей і ня толькі: мяне, напрыклад, захапіў аўдыётэст на распазнаньне мовы, якою гавораць суседзі ў чарзе ці ў кавярні. Мэта — нястомна паказваць, што моўная шматстайнасьць — гэта супольнае багацьце эўрапейцаў, вучыць пашане да мовы суседняга народу, наагул да кожнай мовы, нават калі ёю размаўляе пара соцень чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Справа генэрал-губэрнатара Мураўёва і папячыцеля Карнілава жывеА пуцінская ўлада канчаткова сарвала „ленінскія“ дэкарацыі з палітыкі моўнай русыфікацыі. У Расеі скасавалі абавязковае вывучэньне ў школах моваў мясцовых народаў, нават татарскай у Татарстане (дзе родная мова карэннага народу трымалася ці не наймацней сярод нерасейскіх у РФ), адну за адной скасоўваюць нацыянальныя аўтаноміі — якая ўжо тут моўная разнастайнасьць!
Гэтая моўная палітыка Масквы паслухмяным рэхам адгукаецца ў менскіх уладных палацах. Цяперашні іх распараднік невыпадкова пачаў сваю ўладную біяграфію менавіта з моўнага пытаньня, скасаваўшы ў 1995 годзе статус беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: UNESCO: Беларуская мова на мяжы зьнікненьня, але шанец ёсьцьВынік — у 2009 годзе UNESCO ўключыла беларускую мову ў „чырвоную кнігу“ моваў пад пагрозай зьнікненьня. Але мала таго. Згаданы распараднік і яго прапагандысты безупынна зьдзекліва цытуюць беларускія словы і ўжываюць іх — напрыклад „сьвядомы“, „змагар“ — для кляйменьня „ворагаў“. Гэтая палітыка мае ўсе прыкметы лінгвацыду.
Хоць антыдэмакратычная ўлада Беларусі была выстаўленая з Рады Эўропы ў „пачакальню“, тым ня менш РЭ ня раз працягвала руку афіцыйнаму Менску, прапаноўваючы далучацца да канкрэтных пагадненьняў пад сваёй эгідай, у тым ліку „Эўрапейскай хартыі рэгіянальных моваў ці моваў меншасьцяў“. У 2017 годзе зь Менску нават паведамлялі, што гатовыя выконваць палажэньні Хартыі і ратыфікаваць яе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская мова і дзяржаўная моўная палітыка: выглядаем як тыповая аўтаномія РФПраўда, і тады ўзьнікала пытаньне, а як улады забясьпечваюць правы беларускамоўных — беларускую мову ў Беларусі не запішаш жа ў „рэгіянальныя“ ці „мовы меншасьцяў“? Ну а цяпер, пасьля закрыцьця Менскам школаў з польскай і літоўскай мовамі выкладаньня, і ўсе іншыя пытаньні праясьніліся. Часам бачыш у суседзкай прэсе рэплікі — маўляў, усюды на іх месцы цяпер будуць беларускамоўныя школы. Наіўнасьць!..
Моўная разнастайнасьць як костка ў горле „русского міра“. І гэта яшчэ адна стратэгічная чырвоная лінія, якая падзяляе „русскій міръ“ і Эўропу. Яны несумяшчальныя.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.