Дзяніс Кучынскі — прэзыдэнт студэнцкага прадстаўніцтва ЭГУ, сябра Кіроўнай рады, студэнт 4 курсу, навучаецца па акадэмічнай праграме «Культурная спадчына і турызм». Дзяніс Кучынскі адказаў на пытаньні Радыё Свабода.
— Роўна год таму, 9–10 студзеня 2015 году, студэнцкае прадстаўніцтва і асацыяцыя выпускнікоў Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту арганізавалі прадстаўнічую канфэрэнцыю «Беларускі ЭГУ: 10 год у Літве», адна з мэтаў якой была — паўплываць на выбары рэктара. Вось ужо 10 месяцаў унівэрсытэтам кіруе новы рэктар — амэрыканскі прафэсар Дэвід Полік. Што зьмянілася за гэты год?
— Мне здаецца, сытуацыя неадназначная, калі казаць з пункту гледжаньня студэнтаў, майго — прэзыдэнта студэнцкага прадстаўніцтва. З аднаго боку, студэнты дамагліся, што прадстаўнік студэнцкага самакіраваньня цяпер удзельнічае ў Кіроўнай радзе — паўнавартасна, з правам голасу. Пяць студэнтаў — сябры Сэнату. У нас застаюцца працаваць таленавітыя выкладчыкі: Тацяна Шчытцова, Альміра Ўсманава, Сьвятлана Арцюшэўская, Ала Сакалова, Тацяна Чуліцкая, Андрэй Сьцяпанаў, Віктар Марціновіч, Сяргей Харэўскі, іншыя. Дарэчы, дзякуючы Харэўскаму, ва ўнівэрсытэце ў гэтым годзе адбываюцца цудоўныя імпрэзы — сустрэчы з Алесем Разанавым, Альгердам Бахарэвічам, Юляй Цімафеевай, Адамам Глобусам.
Зь іншага боку, новы рэктар Дэвід Полік, дырэктар па акадэмічных справах Аляксандар Каўбаска хочуць трымаць студэнцкае прадстаўніцтва пад сваім кантролем. І пра гэта сьведчыць той факт, што ў гэтым годзе яны адмовілі ў фінансавай падтрымцы студэнцкаму прадстаўніцтву, як гэта было раней. У нас была свая аўтаномія, нам давалі невялікія грошы, за якія мы рабілі розныя праекты. Адмовілі з такой фармулёўкай: кожны праект павінен быць зацьверджаны рэктарам, акадэмічным дырэктарам і гэтак далей. Гэта абсалютна не пасуе да практыкі літоўскіх ВНУ.
Але, я лічу, што нельга забыцца пра тых, каго мы страцілі — адштурхнутых, звольненых выкладчыкаў. Нельга забыцца пра Ўладзімера Дунаева, Андрэя Казакевіча, Паўла Церашковіча, Аляксандра Смаленчука, Максіма Жбанкова, Вольгу Шпарагу, Андрэя Лаўрухіна, Ірыну Дубянецкую, Ігара Бабкова... Бачыце, які вялікі патэнцыял мы страцілі! Некаторыя кажуць: ну падумаеш, сышлі... Мая выкладчыца гісторыі з гораду Ліды, якая мяне выхавала, Сьвятлана Мікалаеўна Канапацкая, вельмі высока цаніла прафэсара Алеся Смаленчука, і я паступаў у ЭГУ дзеля яго. Прыехаў вучыцца ў Вільню — а яго ўжо няма. Калі я быў абітурыентам, я ня ведаў, што тут адбываюцца такія сур’ёзныя канфлікты.
Не магу забыцца на людзей, якія сышлі. Прычым несправядліва, за крытыку. А цярпяць студэнты.
То бок тут два бакі аднаго мэдаля. З аднаго боку, ёсьць такія цудоўныя івэнты, з другога — тыя факты, пра якія я распавёў.
Што да рэктара — нам, акадэмічнай супольнасьці загадалі зрабіць так званы стратэгічны плян, мы павінны «вытачыць» місію, візію ўнівэрсытэту, якая б задаволіла нашых донараў. Я ні ў якім разе не сумняюся ў нашых магчымасьцях. Але пры гэтым мы павінны мець добры мэнэджмэнт. І на гэты конт у мяне вельмі вялікі сумнеў. Я вам раю паглядзець толькі на факты. У 2013 годзе спадара Поліка наймаюць кансультантам. Потым ён становіцца правостам, у 2015 годзе — рэктарам. У красавіку споўніцца год, як ён ужо рэктар. Што зьмянілася за гэты час? Ці павялічыўся ў нас набор? Ці палепшылася сытуацыя з донарамі? Ці ўзмацніўся дух салідарнасьці? Памятаеце, як у «Гамлеце» ў Шэксьпіра? «Што вы чытаеце, прынц?» — «Словы, словы, словы...»
Пасьля апошняга паседжаньня Кіроўнай рады, у якім я ўдзельнічаў ужо паўнапраўным сябрам, і на падставе той інфармацыі, якую я даведаўся (на жаль, яна канфідэнцыйная, я не магу распавесьці), я маю вельмі вялікія прэтэнзіі да нашага кіраўніцтва, і мне здаецца, што той шлях, якім мы цяпер ідзем, — ён няслушны, няправільны. І я казаў гэта на Кіроўнай радзе: мы ўсе нясём пэрсанальную адказнасьць за гэты праект — ЭГУ.
— Цяперашні рэктар Дэвід Полік быццам бы мае досьвед працы ў замежных ВНУ, ён чалавек адукаваны і дасьведчаны, што тычыцца амэрыканскіх унівэрсытэтаў. Але ЭГУ — беларускі праект, і працуе ён для Беларусі. На вашу думку, ці спадар Полік ведае праблемы, патрэбы Беларусі?
— Дэвід Полік прыйшоў у ЭГУ ў 2013 годзе дарадцам, потым стаў правостам, амаль год ён ужо рэктар. Але за гэты час мову рэгіёну спадар Полік ня вывучыў, нягледзячы на тое, што гэта было абавязковым патрабаваньнем на выбарах рэктара. У Беларусі ён так і не пабываў ніводнага разу. Таму ў мяне ёсьць сумнеў, што ён ведае праблемы рэгіёну.
Хачу зьвярнуць увагу яшчэ вось на што. Можа, гэтага толькі я не разумею, але дзе лёгіка? Пры канцы верасьня ў Вільні адбылася прадстаўнічая канфэрэнцыя «(Не)дэмакратычная Беларусь: палітычныя тэндэнцыі і адукацыя як інструмэнт дзеля трансфармацыі». Быццам бы добры крок — наладжваньне сувязяў з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі. А ў кастрычніку Дэвід Полік напісаў пасланьне «11 кастрычніка 2015... Ліст зь Вільні ў Беларусь». Навошта было зьбіраць вялікую канфэрэнцыю ў верасьні 2015 году — з прадстаўнікамі NGO, грамадзянскай супольнасьці, аднаўляць адносіны, а потым пісаць у лісьце, што ўсе нашы апазыцыйныя сілы нічога ня значаць, што яны неканструктыўныя? Нейкае разыходжаньне, мне здаецца.
Яшчэ адзін вельмі важны момант: калі мы абіралі новага рэктара, былі такія спадзевы, што ганаровы прэзыдэнт і першы рэктар ЭГУ Анатоль Міхайлаў будзе ўжо менш ангажаваны ва ўсе ўнівэрсытэцкія справы. Насамрэч гэтага не адбылося, ён па-ранейшаму заангажаваны. Тут праблема значна глыбейшая. Я ня ведаю, хто тут Майсей, але фараон ведае, што калі не адпусьціць народ — а ў нашым выпадку праект, які аднаму яму не належыць, — раз-пораз будуць надыходзіць кары, кара за карай, як пішацца ў Бібліі. Таму, калі фараон не зразумее, што народ — праект — не належыць яму аднаму, будуць надыходзіць кары.
— А якая фінансавая сытуацыя з донарамі, з прыцягненьнем сродкаў? Я ведаю, што нядаўна сышоў адзін з кандыдатаў у рэктары Дарыюс Удрыс, які займаўся фандрайзінгам — пошукам добраахвотных ахвяраваньняў на навуковыя дасьледаваньні.
— За тры гады працы ў ЭГУ Дэвіда Поліка сытуацыя з донарамі не палепшылася. Сапраўды, сышоў Дарыюс Удрыс, які займаўся фандрайзінгам і камунікацыямі. Ягоны дэпартамэнт проста ўвесь скасавалі. З аднаго боку, гэты дэпартамэнт прыбіралі, каб зэканоміць грошы, але гэты крок стратэгічна недальнабачны. Бо фандрайзінг з самага пачатку разьлічаны на даволі працяглы тэрмін. Нельга прыйсьці да патэнцыйнага донара і ўмомант пераканаць яго даць вялікую суму грошай. Гэта доўгі працэс, ён не адбываецца за год-два. І зьнішчэньне гэтага дэпартамэнту пойдзе не на карысьць унівэрсытэту, на маю думку. Калі вы пераконваеце, а не вымольваеце грошы.
— І ўсё ж вернемся да студэнцкіх праблемаў. Распавядзіце пра новы набор. Хто сёлета прыйшоў вучыцца ў ЭГУ?
— У гэтым навучальным годзе прыйшло вучыцца на дзённым аддзяленьні менш за 100студэнтаў. Калі 4 гады таму я прыйшоў вучыцца, увесь наш першы курс складаў больш за 140 чалавек.
Але я вельмі ўражаны: хоць набор і невялікі, але прынамсі тыя, каго я ведаю, — вельмі падрыхтаваныя, мэтанакіраваныя людзі. Дакладна не выпадковыя.
Я размаўляў з кіраўніцтвам Дэпартамэнтаў паліталёгіі, права, турызму — усе кажуць, што студэнты прыйшлі вельмі якасныя, сумленныя з пункту гледжаньня акадэмічнага. Бачна, што адабралі моцных студэнтаў. Што тычыцца грамадзянскай пазыцыі, то, на мой погляд, на сёньня студэнцкае кіраваньне — найлепшае за многія гады. У нас нядаўна была студэнцкая канфэрэнцыя, на якой мяне пераабралі, цяпер у студэнцкім самакіраваньні на валянтэрскіх асновах актыўна працуе 40 чалавек, для параўнаньня — летась актыўных было 6. Першым курсам я прыемна ўражаны.
Што да замежнікаў, па гэтым наборы я не заўважыў, што іх паболела. Ёсьць дзьве літоўскія студэнткі, адзін расеец, адзін украінец. Можа, гэта выгадна ўнівэрсытэту фінансава, бо калі прыходзіць вучыцца не грамадзянін Беларусі, ён павінен плаціць поўны кошт за навучаньне. Патрэбны добры мэнэджмэнт. Але трэба працаваць, адкрываць рынак.
Хоць я лічу, што ня ўсе рэсурсы ў Беларусі вычарпаныя. Нам хопіць і беларусаў, якіх можна было прывабіць. Але, зноў жа, патрэбны добры мэнэджмэнт. Калі параўнаць кошты БДУ і ЭГУ — яны прыкладна аднолькавыя.
— А самі б вы паступалі ў ЭГУ цяпер, калі б давялося выбіраць, дзе вучыцца?
— З пункту гледжаньня абітурыенцкага, калі б мне давялося зараз выбіраць паміж беларускай ВНУ і ЭГУ, я ўсё адно паступаў бы ў ЭГУ. У параўнаньні зь беларускімі ВНУ якасьць адукацыі ёсьць, хоць яе нельга параўноўваць з Оксфардам ці Кембрыджам. Свабоды, хоць яны і абмяжоўваюцца, таксама ёсьць.
Скажу так: ёсьць пэўнае кола людзей, якое не дае паўнавартасна разьвівацца ўнівэрсытэту, але, гэта, зразумела, ня ўвесь унівэрсытэт.
Я вам назваў цэлы шэраг выкладчыкаў. У першую чаргу менавіта выкладчыкі фармуюць твой сьветапогляд, даюць прафэсійныя веды.
— Ці ёсьць у ЭГУ замежныя выкладчыкі?
— Так. У мяне ў мінулым годзе быў курс «Гістарычная памяць Рэчы Паспалітай і ВКЛ», які выкладала навукоўка з Амэрыкі, яна прыехала толькі на адзін год. Было цікава, як жанчына з Амэрыкі спрабавала нам данесьці нашу гістарычную памяць — так, як яе бачаць амэрыканцы, заходнія краіны. З аднаго боку, я бачыў нейкі брак у разуменьні пэўных падзеяў, бо па першай адукацыі я гісторык, пераможца многіх алімпіяд. Але, зь іншага боку, яна паказвала бачаньне нашага сьвету — Беларусі, ВКЛ, Рэчы Паспалітай, савецкіх падзеяў — з гледзішча заходняга. Ёсьць у нас канадзкі выкладчык Грэгары Сэнстрам. У маіх замежных сяброў, якія вучацца па абмене, амаль усе выкладчыкі — замежнікі.
— Вось у вас ёсьць студэнцкае самакіраваньне, вы толькі што казалі пра 40 актывістаў-валянтэраў. Мабыць, ведаеце пра канфлікт, які адбыўся ў Белдзяржунівэрсытэце, калі студэнты выступалі супраць платных пераздач і дамагаліся сустрэчы з рэктарам. Але да рэктара іх так і не дапусьцілі. А ці да вас прыслухоўваюцца? Ці можаце вы дамагчыся сустрэчы з рэктарам? Што студэнты могуць вырашаць?
— Я асабіста як прэзыдэнт студэнцкага прадстаўніцтва з рэктарам пастаянна сустракаюся на паседжаньнях Кіроўнай рады, вось і літаральна ўчора сустракаўся. Актывісты таксама могуць. За ўсіх студэнтаў казаць не магу, бо шмат каму ўсе гэтыя праблемы не зусім цікавыя. Магчыма, і я, і многія іншыя ўжо стаміліся ад барацьбы, ад змаганьня. Цяпер сытуацыя больш-менш спакойная, сёлета не было нейкіх непрыемных падзей, кшталту павышэньня платы за навучаньне.
Што да платных пераздач, у нас гэта так адбываецца: першая пераздача бясплатная, а далей вырашаюць, ці даць яшчэ шанс платна пераздаць, а можна і вылецець.
— Цягам апошніх гадоў беларуская інтэлігенцыя, NGO, апазыцыя крытыкуюць ЭГУ за тое, што там ужо амаль не застаецца беларускасьці. Згортваюцца праграмы па беларускай гісторыі, ужо няма беларусістыкі, лічаныя прадметы выкладаюцца па-беларуску. Ці ёсьць сувязі зь Беларусьсю? Можа, практыку ў Беларусі праходзіце?
— Сувязі ёсьць. Ёсьць практыка пераддыплёмная, ёсьць практыка пасьля 3 курсу, і шмат людзей праходзяць яе ў Беларусі. Дапусьцім, у сфэры турызму можна знайсьці і працу ў Беларусі.
Пытаньне беларускасьці больш складанае. Лямант, што няма беларускасьці, не зусім апраўданы.
Беларускасьць ЭГУ будуецца на пэўных асобах — Харэўскім, Марціновічу, Фэліксу Акерману. Яны ладзяць розныя цікавыя творчыя сустрэчы. Таксама наша студэнцкае прадстаўніцтва ладзіць сустрэчы зь беларускімі інтэлектуаламі, грамадзянскай супольнасьцю. Нядаўна езьдзілі на «Мову Нанова».
Зь іншага боку, звальненьне таго ж прафэсара-гісторыка Алеся Смаленчука — гэта вялікая страта менавіта беларускага складніку ўнівэрсытэту. З пэўнымі людзьмі вось гэтая беларускасьць магла б павялічыцца. Пры Смаленчуку была распрацаваная цікавая праграма беларусістыкі — цяпер гэтага няма.
Калі мы кажам пра агульнае жыцьцё — ёсьць беларускі асяродак.
Іншы складнік — акадэмічны. Амаль на кожным дэпартамэнце ёсьць беларускамоўныя выкладчыкі. Але раней было больш. Мы заўсёды, як казаў Ігнат Абдзіраловіч, «паміж варожымі кірункамі»: паміж рынкамі, паміж патрэбамі... Мне здаецца, у такіх пытаньнях павінна быць калегіяльнасьць, агульнае разуменьне.
— Нядаўна быў апублікаваны прэс-рэліз, у якім сьцьвярджаецца, што 62% выпускнікоў ЭГУ вяртаецца працаваць у Беларусь. Вось вы самі пасьля заканчэньня вучобы зьбіраецеся вярнуцца на радзіму?
— Я вельмі люблю вандраваць, пабываў у 27 краінах, 85 гарадах сьвету. Але мае найлепшыя вандроўкі былі па Беларусі. Напрыклад, пешая вандроўка ў вёску Кудрычы на Палесьсі — з саламянымі дахамі, неверагодна прыгожымі заходамі... Сёлета на Каляды я вандраваў па Воранаўшчыне і Ваўкавышчыне. Адкрыў для сябе ўнікальны палац у Дзікушках на Лідчыне. Так што тут цэлая процьма нязьведанага. Terra incognita.
Я хачу вярнуцца ў Беларусь. Можа, не адразу пасьля ўнівэрсытэту, бо хачу яшчэ вучыцца далей. Я належу да рэгіёну, да Беларусі — я сам родам зь Ліды.
Я думаю, што нават у той часткі моладзі, якая хоча зьехаць, гэтае жаданьне зь цягам часу таксама пройдзе. Кажуць, што чалавек фармуецца да 23 гадоў. І вось гэты ўнівэрсытэцкі пэрыяд вельмі важны. Вельмі важна пасеяць гэтае зерне — не абавязкова, так бы мовіць, сунуць чалавеку ў галаву адразу дрэва: вось ты павінен вярнуцца, ці ты павінен любіць радзіму. У нас любяць удзёўбваць: ты павінен тое, ты павінен другое, любі Беларусь. Вось гэты імпэратыў — ён ніколі не працуе. Чалавек павінен да ўсяго дайсьці сам. Так, я хачу вярнуцца ў Беларусь.