Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэктар ЭГУ жорстка скрытыкаваў Лукашэнку і беларускую апазыцыю

абноўлена

Дэйвід Полік
Дэйвід Полік

Рэктар Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Дэвід Полік выступіў з палітычнай заявай, у якой аспрэчыў вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, а таксама скрытыкаваў апазыцыю.

На яго думку, нягледзячы на вялікую фінансавую падтрымку грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі з боку ЗША, апазыцыя застаецца разьяднанай і «хутчэй стане ваяваць адзін супраць аднаго, чым прызнаецца ў сваіх сапраўдных інтарэсах і памылках».

«Тэатральны спэктакль працягваецца. Аляксандар Лукашэнка працягне выконваць сваю звыклую „ролю“ прэзыдэнта Беларусі. У дачыненьні да яго нельга сказаць „абраны“, „ухвалены“ або „пацьверджаны“. Кожнае з гэтых азначэньняў — ня проста няпраўда, яно проста непраўдападобнае. Як ужо казалася адзіным пытаньнем у гэтым спэктаклі было тое, на якім адсотку галасоў спыніцца Лукашэнка: 72%, 79% ці на абсурдных 83% — абапіраючыся на ілюзію, што можна зымітаваць „праўдападабенства“ і што насельніцтва Беларусі будзе надалей маўчаць».

Крытычна выказаўся рэктар і на адрас беларускай апазыцыі:

«Многія прадстаўнікі „апазыцыі“ дэзарыентаваныя, ня маюць адзінага кірунку. Сярод яе прадстаўнікоў занадта шмат тых, хто хутчэй стане ваяваць адзін з адным, „есьці сваіх дзяцей“, чым прызнаецца ў сваіх сапраўдных інтарэсах і памылках. Некаторыя прадстаўнікі апазыцыі не пашкадавалі крытыкі і ў адрас нацыянальнага гонару краіны — ляўрэаткі Нобэлеўскай прэміі пісьменьніцы Сьвятланы Алексіевіч, якую папракаюць у выкарыстаньні расейскай мовы, а не беларускай. Не было ні праяваў гонару, ні задавальненьня, толькі дробязная крытыка, мэта якой — зьняважыць таго, хто не належыць да невялікай групы асобаў, якая больш клапоціцца пра свае асабістыя інтарэсы, а не пра народ. Гэтая разрозьненая „апазыцыя“ апусьцілася да спрэчак і сварак, хто вышэй падыме нацыянальны сьцяг, страчваючы мэту, а ўлада Лукашэнкі сустракае адпор толькі ад самых адважных і мужных».

«Надышоў час адкрыта сказаць: „Кароль голы“, і кароль гэты — ня толькі Лукашэнка. Гэта і, на жаль, раздробленая апазыцыя. Усім вядома, хто такі Лукашэнка і што ён робіць. Але хто і дзе гэтая „апазыцыя“ і якія яе інтарэсы?», — задае рытарычнае пытаньне Дэвід Полік.

«Ня варта забываць, што пасьля Перабудовы і развалу Савецкага Саюзу Беларусь разглядалася як адна з самых шматабяцальных краін постсавецкай прасторы. Надзеі на дэмакратычныя перамены былі вельмі высокія. Менавіта ў такім кантэксьце прэзыдэнт ЗША Біл Клінтан прыбыў у Менск у 1993 годзе (насамрэч у 1994 годзе. — РС) і дзяліўся тут сваімі надзеямі, імкненьнямі і верай у сьветлую будучыню Беларусі. З таго моманту і да цяперашніх прэзыдэнцкіх выбараў было праведзена безьліч сэмінараў і канфэрэнцыяў. Дыпляматычныя місіі з розных краін Захаду зьдзейсьнілі дзясяткі тураў, каб вывучаць падзеі ў Беларусі зь першых рук. Узьнікае пытаньне: зь якой мэтай?

Надышоў час адкрыта сказаць: „Кароль голы“, і кароль гэты — ня толькі Лукашэнка. Гэта і, на жаль, раздробленая апазыцыя

У ранейшыя гады ўнёсак заходніх краін быў велізарны. Афіцыйная статыстыка сьведчыць, што толькі паміж 2006 і 2012 гадамі каля 875 мільёнаў даляраў ЗША былі накіраваныя на дапамогу Беларусі. Значная частка гэтай сумы была накіраваная на разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці. У пазьнейшы час фінансавая падтрымка супрацоўніцтва зь Беларусьсю працягвалася, аднак на больш нізкім узроўні. Зноў жа: зь якой мэтай? Якія былі вынікі гэтых інвэстыцыяў і аптымізму, і наколькі эфэктыўна працавала „апазыцыя“, якая атрымлівала такую неверагодную фінансавую і маральную падтрымку? На жаль, вынікі несуцяшальныя. Грамадзянская супольнасьць застаецца разьяднанай, не атрымліваючы належнай падтрымкі з боку „апазыцыі“. Больш за тое, інтэлектуальнае жыцьцё Беларусі застаецца ў стагнацыі, і заслугі такіх людзей, як Алексіевіч, робяцца выключэньнем з правілаў. Можна толькі задаць пытаньне: а дзе ж галасы беларускіх студэнтаў і чаму іхнія галасы заглушаюцца?»

«Іронія для Беларусі, а таксама для эўрапейскага Балёнскага працэсу палягае ў тым, што ў той самы год, калі Беларусь прынялі ў Балёнскі працэс, Лукашэнка нават не разглядае магчымасьці вяртаньня адзінага беларускага дэмакратычнага ўнівэрсытэту на радзіму. Яшчэ большая іронія палягае ў тым, што сярод так званай „апазыцыі“ ёсьць тыя, хто нападае на адзін з найбольш пасьпяховых дэмакратычных праектаў у Беларусі за апошнія 25 гадоў. У той час як самі яны ніякім чынам не ўплываюць на ход палітычных падзей унутры Беларусі, гэты невялікі адукацыйны „Давід“ паўстаў супраць Галіяфа і даў эўрапейскую дэмакратычную адукацыю тысячам студэнтаў.

Сьвет павінен прызнаць, што 11 кастрычніка не было днём выказваньня надзей і памкненьняў беларускага народу. Можна толькі спадзявацца, што шматлікія супярэчнасьці, якія ўласьцівыя Беларусі ў яе стасунках з Захадам, будуць вырашаныя на гэтым наступным этапе жыцьця краіны», — заявіў прафэсар Дэвід Полік, рэктар Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту.

Церашковіч: Полік агучвае чужыя словы

Павал Церашковіч
Павал Церашковіч

Прафэсар Павал Церашковіч пракамэнтаваў карэспандэнту Свабоды заяву рэктара ЭГУ Дэвіда Поліка.

«Калі пачаў чытаць, мне падалося, што гэта пісалі студэнты другога-трэцяга курсу, гэта такі пачатак журналісцкай практыкі. Бо бачная такая наўмысная патэтыка, шмат банальнасьці, коснаязыкасьць і г.д. А потым ужо ў канцы высьветлілася, што гэты тэкст нібыта напісаў рэктар Полік. Па-першае, я думаю, Полік проста агучвае чужыя словы. І, хутчэй за ўсё, гэта словы Анатоля Міхайлава адносна і беларускай апазыцыі, і беларускай культуры. Там канстатуецца, што нібыта тут стагнацыя адбываецца. Але калі Полік ня ведае ні расейскай, ні тым больш беларускай мовы, як ён наагул можа разважаць пра становішча беларускай культуры?

Па-другое, разважаньні адносна таго, як трэба будаваць дэмакратыю, — за гэта, канечне, вялікі дзякуй. Але вось Полік далёка сам не дэмакрат. І калі ўспомніць нядаўнюю гісторыю ЭГУ, то менавіта Полік быў старшынём камісіі, якая пазбавіла працы ў ЭГУ чальцоў сэнату і практычна ўсё кіраўніцтва прафзьвязу. І гэтыя рэпрэсіі працягваюцца і, здаецца, будуць цягнуцца і далей. І вось калі б нешта падобнае зрабіў рэктар беларускага ўнівэрсытэту, то быў бы скандал на ўсю Эўропу, яго б унесьлі ў сьпіс і забаранілі ўезд у ЭЗ. А тут вось чалавек яшчэ кагосьці навучае дэмакратыі».

Карэспандэнт: «У лісьце сярод іншага гаворыцца пра тое, што Беларусь прынятая ў Балёнскі працэс, а „Лукашэнка нават не разглядае магчымасьці вяртаньня адзінага беларускага дэмакратычнага ўнівэрсытэту на радзіму“. Наколькі слушная гэта заява?»

Церашковіч: «Па-першае, тут элемэнтарная непісьменнасьць, бо рэктару ЭГУ трэба было б ведаць, што Беларусь у Балёнскі працэс не прынялі з той прычыны, што Балёнскі працэс ужо даўно завершаны. А існуе эўрапейская прастора вышэйшай адукацыі, куды Беларусь прынялі. Ну, і адносна таго, што ніхто не разглядае вяртаньня ЭГУ на радзіму, — я ня ведаю, а ці былі заявы ці пажаданьні на радзіму вярнуцца? Наколькі я ведаю, такіх заяў з боку кіраўніцтва ЭГУ не было».

Мілінкевіч: Поліку непрыстойна столькі аналізу прысьвячаць сытуацыі ў Беларусі, якую ён не разумее

Аляксандар Мілінкевіч
Аляксандар Мілінкевіч

Камэнтуючы заяву рэктара ЭГУ Дэвіда Поліка, дзе той сярод іншага крытыкуе беларускую апазыцыю, лідэр руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што ў яго «згублена апошняя надзея на тое, што ўнівэрсытэт будзе вяртацца да беларускасьці».

«Я ўдзельнічаў у невялікай канфэрэнцыі, на якой павінна была быць прадстаўлена місія і канцэпцыя ЭГУ пасьля абраньня Дэвіда Поліка рэктарам. Там выступаў і Міхайлаў, і сам Полік, удзельнічаў Станіслаў Шушкевіч, Андрэй Дынько, я і многія іншыя. Я скажу маё ўражаньне — у мяне згублена апошняя надзея на тое, што ўнівэрсытэт будзе вяртацца да беларускасьці, пра якую гаварыла шырокая грамадзянская супольнасьць. У тым ліку падпісвала ліст і Алексіевіч. Я бачу, што ён канчаткова пойдзе да камэрцыялізацыі, амэрыканізацыі. Вельмі шкада, бо праект сапраўды для Беларусі выключна важны.

Поліку, я лічу, проста непрыстойна столькі аналізу прысьвячаць сытуацыі ў Беларусі, якую ён, безумоўна, не разумее. Можна крытыкаваць апазыцыю, я сам яе крытыкую. І я самакрытычны да сябе. Але ён так і не разумее, якое вялікае значэньне мае гэты ўнівэрсытэт у гісторыі Беларусі. Гэта не чарговы каледж, гэта эўрапейскі гуманітарны, але павінен быць беларускі ўнівэрсытэт. Шкада, што ўнівэрсытэт пачынае дрэйф канчаткова ад Беларусі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG