Цяпер шорт-ліст складаецца зь сямі імёнаў. Сярод кандыдатаў – тры беларусы (Аляксандар Мілінкевіч, Алесь Краўцэвіч і Тацяна Шчытцова), два амэрыканцы (цяперашнія правост ЭГУ Дэвід Полік і Эдвард Рослаф), прарэктар па разьвіцьці і камунікацыі Дарыюс Удрыс, які мае грамадзянства Літвы і ЗША, і сёмы – літовец Шарунас Ліекіс.
Мяркуецца, што канчатковыя рэкамэндацыі па кандыдатуры новага рэктара Агульнаму сходу сузаснавальнікаў (органу, адказнаму за прыняцьце канчатковага рашэньня) будуць зробленыя да 1 сакавіка 2015 году.
Тацяна Шчытцова – прафэсар філязофіі, выкладчыца ЭГУ. Працуе ў ЭГУ з 1994 году. На пасаду рэктара сваю кандыдатуру вылучыла сама, бо лічыць «важнай прысутнасьць сябра акадэмічнай супольнасьці ў межах конкурсу».
Раней публікаваліся інтэрвію з Аляксандрам Мілінкевічам, Дарыюсам Удрысам і Алесем Краўцэвічам
Тацяна Шчытцова: «Нам неабходнае аднаўленьне даверу ўнутры ЭГУ»
– Вы працуеце ў ЭГУ, добра ведаеце сытуацыю знутры. Ці сапраўды ўнівэрсытэт перажывае цяпер крызіс, складаную сытуацыю, зь якой трэба шукаць выйсьце?
– Унівэрсытэт сапраўды цяпер у даволі складанай сытуацыі. Тут цэлы комплекс праблемаў, якія пераплятаюцца.
Па-першае, гэта скарачэньне акадэмічных праграмаў у ЭГУ, з-за гэтага ёсьць такое «прасяданьне» нашай гуманітарнай ідэнтычнасьці, страта асаблівай акадэмічнай атмасфэры, якой ЭГУ славіўся ў свой менскі пэрыяд.
Па-другое, ёсьць пэўная дэзарыентаванасьць што да місіі ўнівэрсытэту. І гэта наўпрост зьвязана са стратай сувязі зь беларускім грамадзтвам.
Трэцяя праблема – пагаршэньне рэпутацыі ўнівэрсытэта і ў Беларусі, і ў Літве. І тут сытуацыя была б іншая, калі б сам унівэрсытэт пастаянна супрацоўнічаў зь незалежнымі беларускімі СМІ.
Чацьвёртая праблема – з наборам студэнтаў. Няма прафэсіяналаў у камандзе, якая займаецца рэкрутынгам.
Яшчэ адна праблема – фінансавая нестабільнасьць, якая сёньня зьвязаная зь неапраўдана завышанымі адміністрацыйнымі выдаткамі.
Потым трэба адзначыць такую ўнутраную інстытуцыянальную дэзынтэграцыю. Існуе палярызацыя. З аднаго боку – топ-мэнэджэры, з другога – акадэмічная супольнасьць. Вельмі паказальна, што на сайце ЭГУ няма інфармацыі пра выкладчыкаў, пра іх навуковую, дасьледчыцкую дзейнасьць – то бок таго, чым ганарыцца кожны ўнівэрсытэт. І як наступства гэтай дэзынтэграцыі – адсутнасьць узаемнага даверу. А ў больш палітычнай плоскасьці мы сутыкаемся з тым, што палітыка прыняцьця рашэньняў не прадугледжвае разьвітай культуры акадэмічнага самакіраваньня.
Калі казаць пра мэнэджмэнт у цэлым, я б такі дыягназ паставіла: у нас прынцып ляяльнасьці да парадку кіраваньня ўзяў верх над прынцыпам рацыянальнасьці. А асабліва ад гэтага пацярпела акадэмічная сфэра.
– Якім, на вашу думку, павінен быць унівэрсытэт? Беларускім, эўрапейскім, літоўскім?
– Я мяркую, што ўнівэрсытэт павінен быць і адным, і другім, і трэцім. І тут няма ніякіх супярэчнасьцяў. Ён павінен быць літоўскім, таму што юрыдычна мы літоўская інстытуцыя. Разам з тым унівэрсытэт павінен быць эўрапейскім, ён павінен адпавядаць эўрапейскім каштоўнасьцям, быць пераемнікам эўрапейскіх акадэмічных традыцыяў. Павінна быць скразная інтэрнацыяналізацыя ўнівэрсытэту. З аднаго боку – акадэмічная мабільнасьць нашых студэнтаў і прафэсараў, з другога боку – да нас павінны прыяжджаць прафэсары-візытэры, замежныя студэнты. Ну і, вядома ж, унівэрсытэт павінен быць беларускім. Яго місія – падрыхтоўка беларускай інтэлектуальнай эліты. І пераважная колькасьць студэнтаў заўсёды была, ёсьць і будзе зь Беларусі. Яшчэ адзін момант – дасьледаваньні культуры і грамадзтва Беларусі.
– Якім чынам павінна прысутнічаць у ЭГУ Беларусь, беларуская мова?
– Беларусь павінна прысутнічаць як тэма, павіны быць адмысловыя курсы, праграмы. У навукова-дасьледчых праектах таксама павінен падтрымлівацца і захоўвацца фокус на Беларусь. І гэта ўжо рэальнасьць. Вядучыя прадстаўнікі беларускай навуковай, інтэлектуальнай эліты павінны весьці лекцыі, майстар-клясы (назаву толькі некалькі імёнаў – Валянцін Акудовіч, Ірына Дубянецкая, Алесь Разанаў).
Беларусь павінна прысутнічаць у выглядзе грамадзянскага прадстаўніцтва беларускіх стэйкхолдэраў у органах кіраваньня ЭГУ – у Сэнаце, у Кіроўнай радзе, іншых структурах.
Што тычыцца мовы, я перакананая, што калі сувязі зь беларускім грамадзтвам будуць разьвівацца і Беларусь як тэма будзе ўсё больш разнастайна прадстаўлена ў акадэмічнай дзейнасьці, разам з гэтымі працэсамі ступень прысутнасьць беларускай мовы будзе натуральным чынам расьці.
– На канфэрэнцыі, якая нядаўна адбылася, кіраўніцтва наракала, што ня можа запрашаць аўтарытэтных, усясьветна вядомых прафэсараў з-за мяжы дзеля недахопу сродкаў. Ці сапраўды фінансавая сытуацыя цяжкая? І як вы зьбіраецеся прыцягваць донарскія сродкі?
– У прынцыпе, фінансавая сытуацыя заўсёды была складаная. То бок у ЭГУ ніколі не было стабільнага дзяржаўнага фінансаваньня ці аднаго пастаяннага спонсара, мэцэната. Колькі ЭГУ існуе, ён пастаянна шукае донараў. Іншая справа, што сёньня даводзіцца канстатаваць такое надзвычай нерацыянальнае разьмеркаваньне сродкаў, і гэта вельмі абвастрыла праблематычнасьць нашага фінансавага становішча.
Каб выправіць становішча, трэба стаць пераканаўчымі для патэнцыйных донараў. Трэба ўзьняць рэпутацыю ўнівэрсытэту, каб рэпутацыя і імідж ЭГУ ў Беларусі неяк стабілізаваліся, сталі пазытыўнымі. А для гэтага патрабуецца ўцямная актуальная перафармулёўка місіі ўнівэрсытэту.
Другі момант – пры ўмове выкананьня ўнівэрсытэтам сваёй беларускай місіі і аднаўленьня сувязяў зь Беларусьсю, я мяркую, магчыма перайсьці на такую стадыю супрацоўніцтва зь беларускай грамадзянскай супольнасьцю ці бізнэс-структурамі, калі можна будзе разьлічваць і на падтрымку з самой Беларусі.
Я разумею, як гэта гучыць праблематычна сёньня, але, мне падаецца, тут ёсьць пэўная пэрспэктыва. Але зарука гэтага – пэўны пазытыўны рэзананс працы ЭГУ ў самой Беларусі. Можа быць выкарыстана і тактыка «малых унёскаў», стварэньне супольных акадэмічных праграмаў зь іншымі ўнівэрсытэтамі, іншыя крокі. Але адзін з галоўных донараў унівэрсытэту – гэта студэнты. Адпаведна, трэба працаваць над павелічэньнем набору, ня толькі ў Беларусі, а перш за ўсё на постсавецкай прасторы. Ну і, вядома, патрэбная прафэсійная каманда па фандрайзінгу ва ўнівэрсытэце. Сёньня ў заходніх унівэрсытэтах гэтаму вучаць.
– Таксама многія кажуць пра адсутнасьць дэмакратыі, акадэмічных свабодаў у ЭГУ. Кажуць пра непразрыстасьць працэдуры выбараў рэктара. Нават некаторыя кандыдаты скардзіліся, што ня ведаюць дакладна працэдуру выбараў. Адміністрацыя, вышэйшае кіраўніцтва практычна недаступныя для СМІ. Ці пагаджаецеся вы з гэтымі тэзамі?
– Што да працэдуры выбараў, яна сапраўды непразрыстая. І можна толькі здагадвацца, чаму чальцы Кіроўнай рады абралі такую кансьпіралягічную стратэгію. Гэта ўваходзіць у супярэчнасьць з тымі каштоўнасьцямі, якія яны быццам бы павінны прадстаўляць.
Што да дэмакратычных свабодаў – я б не сказала, што іх няма. У шмат якіх аспэктах мы вельмі выгадна адрозьніваемся ад беларускіх унівэрсытэтаў. ЭГУ для студэнтаў – гэта месца, дзе можна вучыцца свабодзе, культуры аўтаноміі, адказнасьці, ініцыятыўнасьці. Доказ таму – нядаўняя канфэрэнцыя, якую зладзілі студэнты. Тут пытаньне – з чым ці з кім параўноўваць.
– Калі вас абяруць рэктарам, ці будзеце вы мяняць каманду?
– Адкажу коратка. Часткова – так, часткова – не. Гэта залежыць ад таго, пра які ўзровень і сэктар адміністраваньня ідзе гаворка.
– Якія вашы першыя крокі будуць на пасадзе рэктара?
– Вядома ж, гэта скарачэньне адміністрацыйных выдаткаў і правядзеньне пэўнай адміністрацыйнай рэформы. Рацыянальнае разьмеркаваньне бюджэтных сродкаў і складаньне рэалістычнага фінансавага пляну на бліжэйшы час. Прыцягненьне каманды прафэсіяналаў, якая зоймецца рэкрутынгам. Сустрэчы з адміністрацыяй, выкладчыкамі, студэнтамі для сумеснага вызначэньня праблемных зон. Трэба пачынаць распрацоўку акадэмічнай рэформы, накіраванай на аднаўленьне нашай гуманітарнай ідэнтычнасьці. Трэба ачаць распрацоўку новага Статуту. Неабходная распрацоўка праграм дзеяньняў па аднаўленьні сувязяў зь беларускім грамадзтвам, наладжваньне сувязяў зь незалежнымі СМІ.
У больш агульным пляне я б сказала так: нам неабходна аднаўленьне даверу ўнутры ўнівэрсытэту, прадуктыўнага рэжыму супрацоўніцтва. Тут, мяркую, у мяне перавага ёсьць як у чалавека, які больш за 20 гадоў працуе ў ЭГУ.