У Cat Café ў Вільні цяжка трапіць па выходных: гаспадары абмяжоўваць колькасьць наведнікаў, каб не турбаваць катоў.
У канцы 2014 году беларусы Ягор Рашчынскі і Аляксей Рудзько ды літоўцы Ромас Жвірбліс, Таўтвідас Біцінас адкрылі недалёка ад плошчы Лукішкі (Ясінскага, 1) каціную кавярню. За год існаваньня яна стала надзвычай папулярнай, а цяпер атрымала і афіцыйнае вызнаньне як самая гасьцінная кавярня літоўскай сталіцы на конкурсе мэрыі «Vilniaus svetingumas» («Віленская гасьціннасьць»).
Асаблівасьць Cat Café ў тым, што ў памяшканьні жывуць і вольна ходзяць каты. Для іх і наведнікаў створаныя адмысловыя ўмовы. На кухню катам не пралезьці (санітарная праверка дала максымальную адзнаку па бясьпецы), затое ёсьць дзе паляжаць і з чым пагуляцца. Наведнікам не пададуць мясныя стравы, якія трэба гатаваць на месцы, затое прапануюць каву, кактэйлі, сэндвічы і торцікі. Нядаўна кавярня атрымала дазвол гатаваць супы.
Жывёльная частка пэрсаналу не баіцца людзей і рэагуе на іх па-кацінаму: часьцей ігнаруе, зрэдку цікавіцца і час ад часу дае сябе пагладзіць. Праўда, дзяцей да 6 год у мэтах бясьпекі ў кавярню ня пусьцяць.
Як апавёў Свабодзе Аляксей Рудзько, суўладальнік Cat Café, конкурс на самую гасьцінную кавярню праводзіўся з 1 траўня па 30 верасьня і шырока асьвятляўся ў прэсе, па горадзе віселі рэклямныя банэры. Арганізатары конкурсу — аддзел турызму гарадзкога самакіраваньня:
«Мэта гэтага конкурсу — падвысіць культуру гасьціннасьці. І адносна турыстаў, і адносна жыхароў гораду. Галасавалі простыя людзі, не было журы, і не было бачна, хто ў які момант меў колькі галасоў. Стаяла толькі канкрэтнае пытаньне: хто самы гасьцінны ў Вільні? Кожны ахвотны мог зарэгістраваць любую кавярню на сайце конкурсу, установам даваліся рэклямныя лістоўкі на розных мовах. Было каля 20–30 кавярняў у конкурсе, мы даведаліся пра свой удзел толькі празь месяц пасьля пачатку галасаваньня».
Уладальнікі кавярні атрымалі ўзнагароду з рук мэра (які сам яшчэ не пасьпеў наведаць кавярню) Той, зрэшты, ня быў упэўнены, як падзяліць прэмію між людзьмі і катамі з Cat Café.
Конкурс ладзіцца штогод з 2008 году. Акрамя кавярняў, у асобных намінацыях конкурсу вызначаліся самыя гасьцінныя рэстарацыі і гатэлі, музычныя клюбы і галерэі ды іншыя ўстановы. Пасьля конкурсу пераможцы праводзяць навучальныя сэмінары і майстар-клясы па гасьціннасьці. Чалавечая частка пэрсаналу, кажа Аляксей, пакуль ня ведае ўсіх перавагаў, якія дае перамога.
Праз папулярнасьць у Cat Café не заўсёды ўдаецца прыняць усіх ахвотных, на выходных трэба загадзя браніраваць месца. Але пашырацца ўладальнікі пакуль ня думаюць:
«Пакуль у кавярні 40 месцаў, гэта ня сеткавая ўстанова. Нават калі паставім яшчэ 5–6 сталоў, атрымаем проста многа людзей, але ўсе людзі ня змогуць атрымаць пажаданых адносінаў з катамі, а для катоў вялікая колькасьць наведнікаў будзе стрэсам. Нам наўпрост казалі і ў Коўне адкрыцца, і ў Паланзе. Але мы разумеем, што бывае нават летам, што мы ў Вільні запоўненыя ня цалкам, а адкрывацца ў Клайпедзе, запоўненай толькі ў летні сэзон, выйдзе дорага. І ў Вільні ў нас былі калегі, мы не называем іх канкурэнтамі, якія рабілі невялікае „Мур кафэ“ каля вакзалу, ды яно, на жаль, закрылася паўгода таму. Нават дзьве такія кавярні для Вільні — зашмат».
Падобныя кавярні дзейнічаюць і ў Рызе, і ў Таліне, і ў Кракаве, і ў шмат якіх іншых краінах сьвету. У Беларусі такіх пакуль няма — няма нават законаў, якія рэгулявалі б правілы для жывёлаў ва ўстановах харчаваньня. У Менску дзейнічае толькі Музэй ката.