У часы кананьня камунізму гэта быў „дэмакратызатар“. А гістарычна ў Беларусі „праваахоўнымі інструмэнтамі“ былі дручок і кій. Дубінка ж азначала дрэва, матэрыял; гэта, відаць, русізм у значэньні ‘гумавая палка’. Як жа яе называць?
Сьцісла:
- Афіцыйна гэта „изделия ПР“ („палка резиновая“) з рознымі індэксамі. Халодная зброя, здольная забіць чалавека.
- У народнай традыцыі для бойкі прыдатныя кол, тыніна, дрын, але гэта прастамоўныя словы.
- Кій — даўняя прылада і для самаабароны, і для пакараньня.
- Дунін-Марцінкевіч хваліў менскіх праваахоўнікаў XIX стагодзьдзя: Кiём ня б’юць, у часьць не цягаюць!
- Але кій надта шматзначнае слова: на яго абапіраюцца, ім гуляюць у більярд.
- Дубіна па-беларуску — драўніна дубу, матэрыял. Толькі ў ХХ стагодзьдзі дубінкамі сталі рэгулярна называць палкі, відаць, пад уплывам расейскай мовы.
- Друк, дручок яшчэ ў ВКЛ быў інструмэнтам ураднікаў і мясцовай самаабароны: Ураднікі дзьверы друкамі выламалі.
- Ня блытайма амонімы! Дом дрýку — дзе друкуюцца газэты для ідэалягічнага кантролю мазгоў. Дом друкá — міністэрства для фізычнага кантролю тых самых мазгоў ;-).
- Слова дручок — найбольш адпаведнае і свойскае, але некаторыя лічаць, што назвы інструмэнтаў рэпрэсіяў не павінны быць надта беларускімі, і таму выбіраюць дубінку (як і амон).
Афіцыйна найпрасьцейшая зь іх завецца „изделие ПР-73“ („палка резиновая“, узор 1973 году), прылада няхітрая. Але мяжы фантазіі вынаходнікаў няма: ёсьць і ПР-90, ПР-73М зь міні-гардай (выступам), ПР-Тонфа з папярочным тронкам, ПР-Таран і нават „Аргумент-2“ і -3 — адмыслова для дыскусіі.
Прыметнік „гýмавая“ ў назьве прылады стварае ўражаньне „мяккасьці“. Але яно аблуднае.
„Выкарыстаньне [літой] гумы абумоўлена ня гэтулькі імкненьнем зьменшыць паражальныя ўласьцівасьці ПР, колькі пашырыць дыяпазон цяжкасьці нанесеных цялесных пашкоджаньняў“ уключна з хуткай сьмерцю, —
пішуць дасьледнікі пытаньня Р. Ропат і Е. Куцко з Акадэміі МУС Беларусі. Адносяць гэтую прыладу да „халоднай зброі ўдарна-раздрабляльнага дзеяньня“.
I have a дрын…
Зрэшты, палка для самаабароны — спрадвечны атрыбут чалавека. У беларускай мове ёсьць некалькі назваў для яе: кій, друк і дручок, дубіна і дубінка. А таксама падручныя свойскія:
I з плоту я цягну здаровую тыніну,
Каб чым было мне адбівацца ад сабак.
(Віктар Шалкевіч. Гарадоцкі раманс)
Але такая зброя служыць і для нападу.
Стылёвы статус дрына Лёлік Ушкін павысіў, уклаўшы ў вусны „сілавіка“ падзячную прамову нібыта пры атрыманьні праваабарончай прэміі за разгон 25 Сакавіка 2006 году:
„Як і ў вялікага Гандзі, у нас былі толькі пáлкі. (...) І закончыць я хацеў бы словамі вялікага змагара за правы чалавека Марціна Лютэра Кінга: «Ай хэў э дрын!». Прычым, у адрозьненьне ад Кінга, ня просты дрын, а дрын — гумовы“.
І ўсё ж словы тыніна, кол (ён, як правіла, завостраны), дрын і падобныя — пра рыштунак традыцыйнай вясковай бойкі — застаюцца прастамоўнымі. Перабярэм больш нэўтральныя.
Кiём ня б’юць, у часьць не цягаюць!
Кій — улюбёнае слова беларускіх мудраслоўяў:
Ня кіем, дык палкай (прыблізна адпавядае расейскаму „не мытьём, так катаньем“)
Што кіем па вадзе (рас. „как об стенку горохом“)
Ад бяды кіем не абаронісься
Кіем рэбры памацаць; кія ўсыпаць
Кій перагнуць (рас. „перегнуть палку“)
Гультаю хлеб на кію
Біты сабака кія баіцца
Добры чалавек пабаіцца ківа, а благі не пабаіцца й кія (вэрсія Рыгора Барадуліна)
У Насовіча кій — гэта „порядочная палка“: Гані яго кіем са двара! Ян Станкевіч дае слову расейскія адпаведнікі „палка, дубина, дубинка“. Павелічальныя — кіюга, кіяга, памяншальнае — кіёк.
Кій для самаабароны: Ад сабак паганых ёсьць кій бараніцца, мэтафарычна нагадвае Якуб Колас. Але кій — і прылада пакараньня:
Бо ў Крашыне пан сярдзiты,
бацька кiямi забiты,
мацi тужыць, сястра плача —
дзе ж ты пойдзеш, небарача...
(Паўлюк Багрым. Заграй, заграй, хлопча малы...)
А што кіем называлі дысцыплінарны дручок у Менску, маем сьведчаньне ад самога Вінцэнта Дунін-Марцінкевіча. Ягонаму лірычнаму герою, дзеду ў „Вечарніцах“, крыўдна за Менск, бо „людзi злые грэшуць“ і несправядліва „на Менск наш вельмi брэшуць“. Дзед хваліць горад, у тым ліку паводзіны менскіх праваахоўных органаў:
I дзясятнiкi — ня так, баш, як гдзе, —
ня зьдзекуюцца сельскай грамадзе,
ня грозяць глумам, з вазоў не хватаюць,
кiём ня б’юць, у часьць не цягаюць!
Шмат з таго часу зьмянілася...
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Слоўнік беларускай рэвалюцыі. БалаклаваЯнка Брыль у 1996 годзе, калі новасьпечаны валадар ужо праявіў сваю сутнасьць, ставіць у шэраг прыладаў заняволеньня беларусаў менавіта гумавы кій і ўспамінае яшчэ адно яго мэтафарычнае імя:
Як быццам наш народ мала яшчэ нацярпеўся, напакутаваўся за вякі. Агонь i меч разнамасных „вызваліцеляў“, крывавы бізун прыгону, Курапаты i Трасьцянец, i „божы палец“, як называлі ў даваеннай Польшчы паліцэйскі гумавы кій, што ў нашы дні зноў уварваўся ў моду...
(Янка Брыль. Мужнасьць і мудрасьць. 1996)
Але ўсё ж слова надта шматзначнае. Кій — гэта і апора пры хадзе, кавенька.
А калі да нас прыйшоў більярд (кажуць, ужо ў XVI стагодзьдзі), а зь ім францускі тэрмін la queue, то старое добрае слова кійстала называць яшчэ і прыладу заганяць галкі ў кішэні :-).
Дубінка на сьпіцы
У старабеларускай мове дубіна — дрэва і матэрыял зь яго, дубовая драўніна:
„Тот жа поп менены і насьледнікі яго зьдзітавецкія маюць... у барах і пушчы дзерава і дубіну сьцінаці“ (1596)
„...На ахверу уставічне агонь вечны з дубіны ва дні і ў ночы пáлена“ (пераклад „Кронікі“ Мацея Стрыйкоўскага)
І Якуб Колас называў дубінкай матэрыял для колаў:
На калодкі і абады Андрэй меў пра запас бярэзіну (...) А дзе б узяць дубінкі на сьпіцы? I адразу ў яго вачах устаў малады дубок...
А для сьпіц патрэбныя тонкія пруткі. Хоць ёсьць у Коласа і дубінка ад ваўкоў адбівацца, і ўжывае ён дручок і дубіну як сынонімы:
Утупіў Цімох у дол зрок,
Рукою правёў па шчаціне,
Другою намацаў дручок —
Спадручней яму пры дубіне.
І цяперашнія слоўнікі падкрэсьліваюць матэрыял, зь якога дубіна зроблена: ‘Тоўстая, звычайна дубовая палка’ (Тлумачальны слоўнік беларускай мовы). Ну а дубінка — маленькая дубіна.
У расейскай мове слова „дубина“ здаўна азначае палку, кол менавіта „для обороны, драки“, як пісаў Даль. Абрасло дадатковымі мэтафарычнымі значэньнямі, напр. „дубина народной войны“ (так Леў Талстой ідэалізуе расейскіх антынапалеонаўскіх партызанаў).
Песьняй „Дубинушка“ суправаджалі карчаваньне дрэваў на лядзе, а потым бурлацкае цяганьне вадаплаваў. У беларускай традыцыі падобнай песьні ў жанры працоўных песень няма — мо і таму, што ў нас надзелы зямлі інтэнсіўна выкарыстоўвалі з пакаленьня ў пакаленьне і не было завядзёнкі (дый не было асабліва дзе) пашыраць гаспадарку экстэнсіўна.
У беларускім гістарычна-літаратурным дыскурсе „дубіна/дубінка“ такога напаўненьня ня мае. Яшчэ ў літаратуры ХІХ стагодзьдзя кіямі білі(ся) шчодра, а дубінак як прылады бойкі/кары амаль няма.
Ян Станкевіч, патрабавальны да свойскасьці/чужасьці слова, увогуле не ўключыў дубіну ў свой фундамэнтальны беларуска-расейскі слоўнік (1989).
Ураднікі дзьверы друкамі выламалі
А вось словам друк называлі інструмэнт аховы грамадзкага парадку і закону раней за кій і пагатоў за дубінку — з ВКЛаўскіх часоў:
Ураднікі... ґвалтам дзей да дому майго дзьверы сакірамі, друкамі выламалі (1589)
Дручок — зразумела, ‘малы друк’: Два натоўпы стаялі адзін супраць аднаго. З боку слабод напіралі мяшчане і рамесьнікі з дручкамі, пожагамі, мечнымі палосамі. (Уладзімер Караткевіч. „Хрыстос прызямліўся ў Гародні“)
Браты Гарэцкія ў слоўніку 1920 году атаесамляюць друк менавіта з расейскай ‘дубинкой’. У народнай мудрасьці друк — інструмэнт самаабароны: „Гэта табе навука: у чужыя сані не садзіся бяз друка“ (прыказка). „Адзін буду йсьці, дык трэба ўзяць які дручок із сабою“ (Мікола Шатэрнік, слоўнік Ігуменшчыны).
Сучасныя слоўнікі літаратурнай мовы крыху па-рознаму апісваюць яго значэньне: ‘тоўсты кій’; ‘тоўстая і доўгая палка’ (часам яна бывае і ‘сукаватая’). Але ў кожным разе называць гумавы выраб беларускімі словамі друк, дручок зусім апраўдана.
Дом дрýку і Дом друкá
Друк у значэньні ‘палка’ — слова спрадвечнае, праславянскага паходжаньня. Ня блытайма яго з амонімам, германізмам друк (друкаваць кнігі). Толькі націск і канчаткі дапамогуць разабрацца, дзе каторы друк:
Дом дрýку — дзе друкуюць газэты для ідэалягічнага кантролю за мазгамі.
Дом друкá — адпаведнае міністэрства, таксама для кантролю за мазгамі, але фізычнага. (У гаворках бывае і націск на корані: дрýка.)
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Шалудзівыя, Пражжонная і Храк. Слоўнік для „вэртыкалі“Амон, ціхар, дубінка...
Але некаторыя лічаць, што ня варта лішне зьбеларушчваць назвы інструмэнтаў рэпрэсіяў і зьдзеку, і не шукаюць беларускіх адпаведнікаў для амону, ціхароў, прадольных, вертухаяў і г.д. І дубінал не прапішаш дручком...
Доўга не дазваляны савецкаю цэнзураю верш Караткевіча „Баляда пра архангелаў“, які ў сьпісах хадзіў па руках майго пакаленьня, — пра нашчадкаў Сталіна і Гітлера, у якіх
...Замест сумленьня — дубінка
І замест сэрца — кастэт.
Пэўна, не пасавалі сюды традыцыйныя беларускія дручок і кій. Слова дручок, якое гучыць куды больш па-свойску, Караткевіч ужываў у апісаньні ранейшых эпох.
Выбар слова — дубінка ці дручок — застаецца за аўтарам. А новая Беларусь вернецца да пытаньня, каторае слова замацаваць як тэрмін. Але найперш зьменіцца функцыя адпаведнай рэчы.