Словы маюць значэньне: дыялёг — размыты, перамовы — канкрэтныя. Прадстаўнікі Каардынацыйнай рады ня раз заяўлялі, што яе місія — дамагчыся дыялёгу з уладамі. Але якое месца гэтага слова ў нашай рэальнасьці?
Насуперак пашыранаму стэрэатыпу, дыялёг — ня двухбаковы працэс, а шматбаковы. Старажытнагрэцкае слова διάλογος [diálogos], якое перанялі амаль усе эўрапейскія мовы, складаецца з прыстаўкі διά ‘праз, цераз’ і кораня λόγ-ος (‘слова, прамова, маўленьне’). Сумоўе, так бы мовіць. Тлумачальны слоўнік беларускай мовы так і азначае дыялёг: ‘размова паміж дзьвюма або некалькімі асобамі’ (як, скажам, у нейкай сцэне тэатральнай пастаноўкі).
А перамовы (сынонім — перагаворы) той жа слоўнік азначае куды больш дакладна, фармалізуе: ‘дзелавы абмен думкамі пры высьвятленьні якіх-н. пытаньняў, умоў і пад’.
У ангельскай мове лексычнае разьмежаваньне паміж словамі dialogue і negotiations не такое выразнае, там dialogue, паводле Оксфардзкага слоўніка, можа быць і фармальнай мэтанакіраванай дыскусіяй.
Выглядае, у гэты момант беларускага жыцьця такая лексычна-палітычная дылема — дыялёг ці перамовы; dialogue у ангельскім ці дыялёг у беларускім значэньні — зьяўляецца зноў. Чаму „зноў“ — бо для людзей майго пакаленьня гэта déjà vu.
У Дэклярацыі Стамбульскай сустрэчы на высокім роўні АБСЭ (19 лістапада 1999 году), на якім у складзе дэлегацыі беларускіх дэмакратычных сілаў давялося быць і мне, ёсьць пункт 22 — пра Беларусь. Устрывожаная ламаньнем Канстытуцыі 1994 году і зьнікненьнямі палітычных апанэнтаў рэжыму ў Беларусі, міжнародная супольнасьць спрабавала абавязаць Лукашэнку вярнуць у краіне канстытуцыйную законнасьць і правесьці свабодныя выбары. У дакумэнце быў заклік правесьці „real political dialogue“ — з удзелам АБСЭ, з павагай да вяршэнства закону і свабоды сродкаў масавай інфармацыі.
Ясна, што Лукашэнка, нягледзячы на пастаўлены пад Дэклярацыяй подпіс, парушыў слова ўжо ў студзені наступнага году. Аднак перад тым улада пагуляла-такі ў „шырокі дыялёг“ у зручным для сябе значэньні слова: на сходку пазьбіралі псэўдаграмадзкія арганізацыі кшталту Саюзу жанчын і БПСМ, было некалькі прадстаўнікоў рэальных грамадзкіх структураў, але галоўнае — там ішлося пра ўсё на сьвеце, толькі не пра вяртаньне краіны ў канстытуцыйнае поле і не пра дэмакратычныя выбары. Каб задурыць імітацыяй галовы і беларусам, і міжнароднай супольнасьці.
Таму дэмакратычныя сілы тады і запатрабавалі не размытага „дыялёгу“ ні пра што, а перамоваў на чатыры канкрэтныя тэмы, у тым ліку выбараў і свабоды мэдыя. Праўда, марна, што было прадказальна.
Перамовы — працэдурнае паняцьце. Ёсьць бакі перамоваў, тэма перамоваў, выніковы дакумэнт для падпісаньня бакамі. Перамовы бываюць нават з тэрарыстамі. А дыялёг — ён бязьмежны, такое сабе сумоўе людзей з добрымі памкненьнямі. Скажам, дыялёгу аб капітуляцыі не бывае. А вось перамовы аб годным сыходзе могуць быць.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не канечне адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.