А ці не зашмат у Полацку помнікаў?
Звычайна адраджэньне ў гарадах Беларусі заканчвалася ў сярэдзіне 1990-х. Большасьць перайменаваньняў, помнікаў гістарычным асобам — усё гэта магчыма было ва ўмовах дэмакратычных 1990-х. Так гэта адбывалася, напрыклад, у Маладэчне, калі на чале гораду былі Генадзь Карпенка і Віктар Ганчар.
Зусім па-іншаму праходзіла дэкамунізацыя ў Полацку. Галоўныя зьмены тут прыпалі пераважна на 2000-я. І дзякуючы чалавеку, якога Аляксандар Лукашэнка прызначыў на пасаду старшыні выканкаму.
У лютым 1999 году Уладзімір Тачыла, сам родам з Полацкага раёну, узначаліў Полацкі гарвыканкам. Разам зь Мікалаем Ільніцкім, дырэктарам Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музэю-запаведніку, яны ўзяліся за адраджэньне гораду.
«У Полацку шчасьліва супалі дзьве вельмі патрыятычна настроеныя асобы, — кажа Свабодзе пісьменьнік Уладзімер Арлоў. — Асобы, безумоўна, творчыя, дзейсныя, якія могуць свае ідэі ня толькі генэраваць, але і ўвасабляць. Яны супалі ў часе і трапілі на ключавыя для Полацку пасады».
Кажуць, Тачыла і Ільніцкі дамовіліся штогод або ўстанаўліваць у Полацку новы помнік, або адкрываць новы музэй. І хоць шмат хто паставіўся да такога намеру скептычна, у Полацку цягам 2000-х сапраўды зьявіўся цэлы тузін новых помнікаў і музэяў.
Адзін за адным узьніклі помнікі Эўфрасіньні Полацкай і Сімяону Полацкаму (першы ў Беларусі). А Ўсяславу Чарадзею паставілі першы ў гісторыі незалежнай Беларусі конны помнік. Менавіта ў часы Тачылы беларускія навукоўцы вызначылі новы цэнтар Эўропы — у Полацку. Недалёка ад яго разьмешчаная яшчэ адна знакавая скульптура — помнік літары «Ў».
«У свой час я пачуў пытаньне: «Ці не зашмат помнікаў у Полацку?» — кажа Арлоў. — Я думаю, не зашмат, бо Полацак даў нашай гісторыі і культуры столькі выбітных асобаў, як ніякі іншы горада».
Каб паставіць любы помнік, звычайна трэба змарнаваць шмат часу на бюракратычныя працэдуры. Згодна зь беларускім заканадаўствам, помнік можна ўсталяваць толькі са згоды Мінкульту. Але ў Полацку гэтай бюракратыі пазьбеглі дзякуючы вынаходлівасьці ўладаў. Некаторыя помнікі тут маюць статус малой архітэктурнай формы. А такія скульптуры маюць права ўзгадняць мясцовыя ўлады.
Старшыня выканкаму, які пісаў вершы па-беларуску
Адначасова з новымі музэямі ды помнікамі Полацак часоў Тачылы —Ільніцкага пазбаўляўся ад савецкай тапаніміі. Цэнтральны праспэкт Карла Маркса ў 2009 годзе быў перайменаваны ў гонар Францішка Скарыны.
«Я не хачу тут на сябе коўдру цягнуць, што, маўляў, я быў ініцыятарам, — кажа Арлоў. — Ідэя насілася ў паветры. Але Тачыла раіўся са мной. Я яму кажу: калі б у Менску праспэкт Скарыны застаўся, то, можа, былі б нейкія контраргумэнты ва ўладаў. А раз у сталіцы няма такога праспэкту, дык няхай будзе на радзіме нашага гуманіста».
Таксама ў Полацку зьнікла вуліцы Фрунзэ. Яна стала называцца Эўфрасіньні Полацкай. Былая вуліца Леніна цяпер – Ніжне-Пакроўская. Усё гэта рабілася з ініцыятывы гарадзкіх уладаў.
Да 600-годзьдзя бітвы пад Грунвальдам у горадзе магла зьявіцца і вуліца Грунвальдзкая. Аднак у 2010 годзе Тачылу зьнялі з пасады старшыні райвыканкаму. Праз два гады ён увогуле трапіў за краты за «злоўжываньне ўладай». А таму шмат якія задумы ажыцьцявіць яму не ўдалося.
Сярод нерэалізаваных ідэяў Аляксандра Тачылы — аднавіць сабор сьвятога Стэфана на плошчы Свабоды. (На месцы гэтага помніку XVIII стагодзьдзя савецкія ўлады пабудавалі дзевяціпавярховы жылы дом, вядомы ў горадзе як «дом з вушамі»). Гэта знакавы для Полацку храм, які быў зруйнаваны ў 1964 годзе.
Але Тачыла, па словах Арлова, меў ня толькі намер, але ўжо і праект аднаўленьня сабору.
«Ён казаў, што гэтая справа вырашальная: людзей можна было б перасяліць, — згадвае Арлоў. — У ягоным кабінэце стаяў макет касьцёлу. Таксама ён хацеў аднавіць касьцёл бэрнардынскага кляштару, дзе цяпер псыхіятрычная лякарня».
Свабода зьвязвалася з Тачылам, але пасьля зьняволеньня былы старшыня адмаўляецца ад любых кантактаў з прэсай.
«Нягледзячы на ўсе пэрыпэтыі лёсу Тачылы, я па-ранейшаму яго бясконца паважаю за тое, што ён зрабіў для гораду, — кажа Арлоў. — Згадваю сустрэчы з Тачылам, калі ён чытаў мне свае беларускамоўныя вершы ў сябе ў кабінэце. Мы пілі каву і гаварылі пра ягоныя новыя ідэі. Такога з наступнымі мэрамі нельга было ўявіць».
Муры езуіцкага калегіюму не разбурылі, а аддалі Полацкаму ўнівэрсытэту
Полацак калісьці быў яшчэ і значным адукацыйным цэнтрам. У 1580 годзе Стэфан Баторы дазволіў езуітам адкрыць тут калегіюм. Сучасны будынак калегіюму каля Сафійскага сабору быў пабудаваны ў 1750 годзе. На пачатку XIX стагодзьдзя ён стаў езуіцкай акадэміяй — першай вышэйшай навучальнай установай на тэрыторыі Беларусі.
За савецкім часам у езуіцкіх мурах разьмяшчаўся ваенны шпіталь, а ў 1990-я гады будынак стаяў закінуты.
Толькі ў 2005 годзе ў езуіцкі калегіюм пераехаў гістарычна-філялягічны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Такім чынам, Полацкі ўнівэрсытэт сёньня працягвае традыцыі найстарэйшай навучальнай установы Беларусі і месьціцца ў самым старажытным унівэрсытэцкім будынку ў цяперашніх межах краіны.
Унутры былога калегіюму захавалася кафля пачатку XX стагодзьдзя і прыступкі XVIII-XIX стагодзьдзяў. Ва ўнівэрсытэцкім дворыку ўсталяваная шыльда Габрыэлю Грубэру – генэралу ордэна езуітаў, з чыёй ініцыятывы калегіюм ператварылі ў акадэмію.
«Дзякуючы Тачылу ды Ільніцкаму зьдзейсьнілася мая даўняя ідэя, агучаная ў маіх «Таямніцах полацкай гісторыі» яшчэ на пачатку 1990-х», — кажа Арлоў.
Сёньня ўнівэрсытэт займае ўвесь будынак, акрамя аднаго крыла, дзе з 2002 году месьціцца мастацкая галерэя. Тамара Джумантаева, дырэктарка музэю-запаведніку, лічыць важным разьмяшчаць музэі ў гістарычных будынках.
«Гэта ў шмат разоў узмацняе экспазыцыю», — сказала Джумантаева Свабодзе.
«Эпоха Леніна» — толькі ў музэі
Помнікі Леніну ў Полацку ня зносілі, бо яны і без таго не дамінуюць у гарадзкой прасторы. У сквэры на праспэкце Скарыны невялікі Ленін без пампэзнага пастамэнту схаваны паміж знакам «Геаграфічны цэнтар Эўропы» і помнікам літары «Ў». Яшчэ адзін Ленін — насупраць чыгуначнага вакзалу. А на цэнтральным месцы ў Полацку з 1974 году стаіць помнік Скарыну вышынёй 5,5 мэтра.
Як у шмат якіх постсавецкіх краінах Цэнтральнай Эўропы, помнікі ды бюсты Леніна ў Полацку прасьцей пабачыць у музэі, чым на вуліцах. Прыватны музэй Мікалая Панкрата «Эпоха Леніна» адкрыўся тут у 2007 годзе.
Як у шмат якіх постсавецкіх краінах Цэнтральнай Эўропы, помнікі ды бюсты Леніна ў Полацку прасьцей пабачыць у музэі, чым на вуліцах. Прыватны музэй Мікалая Панкрата «Эпоха Леніна» адкрыўся тут у 2007 годзе.
Сёньня музэй называецца «Сэнс жыцьця», бо адлюстроўвае атрыбуты, якія атачалі Мікалая Панкрата цягам усяго жыцьця. Амаль усе экспанаты – з савецкіх часоў. Толькі бюстаў Леніна тут больш за 700. Усяго Панкрат сабраў каля 50 тысячаў экспанатаў савецкіх часоў.
«Да мінулага трэба ставіцца з павагай, - распавёў Панкрат Свабодзе. – У 1990-х Ленінаў вывозілі на сьметніцу. А я зьбіраў іх і прывозіў да сябе. І дзе вы сёньня іх знойдзеце? Нічога з тых часоў ужо не захавалася».
Акрамя музэю Леніна, у Полацку яшчэ 13 музэяў. Адзінаццаць зь іх уваходзяць у Нацыянальны Полацкі гістарычны музэй-запаведнік. У яго адміністрацыі думаюць зрабіць Полацк горадам-музэем. Але такі юрыдычны статус у нашым заканадаўстве пакуль не прадугледжаны.
«Такі статус варта распрацаваць, — кажа Джумантаева. — Гэта можа быць базай для разьвіцьця турызму. Калі тут няма горадаўтваральных прадпрыемстваў, то чаму б не зрабіць горадаўтваральнымі музэі?»
Інэрцыя Тачылы і Ільніцкага дзейнічае
Прыклад Полацку паказвае, як разумная дэкамунізацыя ідзе на карысьць гораду. Гісторыя тут зрабілася падмуркам для разьвіцьця адукацыі і турызму.
Магчымым гэта стала толькі пры моцнай мясцовай уладзе. Пасьля сьмерці Ільніцкага ў 2006 годзе, а потым сыходу Тачылы ў 2010-м, прынцып «штогод па новым помніку ці музэі» ўжо не выконваецца.
«Інэрцыя дзейнічае, — кажа Арлоў. — Напрыклад, ужо пасьля Тачылы ўстаялвалі помнік Дойліду Іанну. Але і ідэя помніка, і праспэкта Дойліда Іанна – гэта справа яшчэ ранейшых гарадзкіх уладаў. Дарэчы, помнік стваральніку славутай Спасаўскай царквы ўсталяваны ў 2012 годзе – адзіны ў горадзе помнік гістарычнай асобе, дзе надпіс зроблены па-расейску».
Аднаўляць гістарычную спадчыну ў Полацку стала яшчэ складаней пасьля ліквідацыі гарвыканкаму. Як і ў шмат якіх гарадах, тут аб’ядналі раённую і гарадзкую ўлады.
«Адбылося проста злачынства перад Полацкам і палачанамі, — кажа Арлоў. — Пакуль што мы спадзяемся, што Полацку ўсё ж вернуць асаблівы статус. Гэта будзе і даніна гісторыі, і адкрые выдатныя магчымасьці і для горада і краіны».