Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На рэстаўрацыю помніка літары «Ў» у Полацку не паступіла ні капейкі


Таварыства беларускай мовы атрымала паведамленьне, што ў Полацку створаны дабрачынны рахунак для збору сродкаў на рэстаўрацыю пашкоджанага помніка. Аднак высьветлілася, што гэта агульны рахунак «дзеля патрэбаў ЖКГ», а зусім ня мэтавы — дзеля аднаўленьня помніка.

Ліст з Полацкага райвыканкаму ГА «Таварыства беларускай мовы» імя Францішка Скарыны атрымала яшчэ на пачатку красавіка. Згодна зь ім, рахунак ужо быў створаны, аднак раённыя ўлады чамусьці не палічылі патрэбным спавясьціць пра гэта патэнцыйных ахвярадаўцаў. Ні ў полацкіх, ні ў віцебскіх дзяржаўных СМІ так і не зьявілася інфармацыя пра магчымасьць далучыцца да ратаваньня помніка.

Начальнік аддзелу ЖКГ Натальля Палякова пацьвердзіла, што рахунак, на які ахвярадаўцы могуць пералічваць грошы, існуе. Аднак гэта «банкаўскі дабрачынны рахунак для добраахвотнага пералічэньня грашовых сродкаў для ўмацаваньня матэрыяльна-тэхнічнай базы прадпрыемства КУП „ЖКГ“ г.Полацка». Інакш кажучы, сродкі зь яго могуць пайсьці на розныя мэты.

Паводле галоўнага бухгальтара КУП «ЖКГ» Тацяны Лосевай, адзінае, што могуць зрабіць грамадзяне ў такім выпадку, — гэта абавязкова пазначаць, што ахвяруюць грошы менавіта на рэстаўрацыю помніка літары «Ў». Разьліковы рахунак мае наступныя рэквізыты: № 3132000200023, г. Полацк 216 ААТ АСБ Беларусбанк МФА 648 УНП 300058727 АКПА 3373894. Спадарыня Лосева запэўніла, што ў іх вядзецца строгі ўлік ахвяраваных сродкаў, але на сёньняшні дзень ані капейчыны на рэстаўрацыю ўнікальнага помніка літары яшчэ не паступіла.

Чаму пра магчымасьць ахвяраваць грошы на гэтую справу не было абвестак ні ў СМІ, ні на афіцыйным сайце Полацкага райвыканкаму, прадстаўнікі мясцовых уладаў адказаць не змаглі.

Кіраўніца аддзелу ЖКГ спадарыня Палякова кажа, што банкаўскія рэквізыты рахунка некалі будуць надрукаваныя ў газэце «Полацкі весьнік». На рэстаўрацыю помніка патрэбна каля 80 мільёнаў рублёў. Па словах Аляксандра Міхалевіча, намесьніка старшыні па архітэктуры і будаўніцтве, помнік маюць паправіць ужо ў чэрвені 2016 году.

Сёньня помнік літары «Ў» выглядае ня лепшым чынам. На яго пастамэнце — цытата зь верша Рыгора Барадуліна «Ад Эўфрасіньні, ад Скарыны, ад Полацка пачаўся сьвет». Літары гэтых радкоў пашкоджаныя. Нехта лічыць, што тут «пагаспадарылі» вандалы, іншыя — што сілумінавыя літары пацярпелі ад дажджу і сьнегу, а хтосьці вінаваціць дворнікаў, што неахайна чысьцілі помнік.

Помнік літары «Ў» быў усталяваны ў Полацку ў 2003 годзе, калі тут праходзіў Дзень беларускага пісьменства. А што ён пашкоджаны, высьветлілася яшчэ два гады таму. З тае пары грамадзкасьць ня раз зьвярталася да мясцовых уладаў з просьбай адрамантаваць помнік, але адказы былі выключна пра тое, што сродкаў на рамонт няма. Цяпер, калі ўлады абвясьцілі, што існуе дабрачынны рахунак для ахвяраваньняў, застаецца незразумелым, чаму інфармацыя пра яго прыхоўваецца. Прынамсі — не папулярызуецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG