Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інтэрактыўная мапа паказала, дзе ў Беларусі шмат Акцяброў


Карыстальнік інтэрнэт-мапы Беларусі Ігара Трафімовіча можа паглядзець, дзе ў краіне больш населеных пунктаў з назвамі, што сканчаюцца на «-шчына», а дзе — на «-ты».

Менскі дызайнэр Ігар Трафімовіч апублікаваў на ўласным сайце trafimovi.ch інтэрактыўную мапу назваў гарадоў і вёсак Беларусі. На ёй тэрыторыя Беларусі разьбітая на мноства рознакаляровых шасьцівугольнікаў. Жоўтыя паказваюць месцы, дзе назваў пэўнага тыпу няма, зялёныя — дзе ёсьць крыху, сінія — дзе багата, фіялетавыя — дзе такі тып назваў дамінуе. Па кліку на шасьцівугольнік можна пабачыць прыклады назваў, якія адпавядаюць фільтру, і адсотак назваў сярод усіх у сэктары. Фільтры можна ўводзіць самастойна ці абіраць з прапанаваных аўтарам.

Скарыстацца інтэрактыўнай мапай >>

Аўтар інфаграфікі зазначыў Свабодзе, што ня можа адказаць адназначна, што яго падштурхнула да стварэньня гэткай інфаграфікі:

Калі ў мяне зьявіліся тэхнічныя здольнасьці для стварэньня такога кшталту інфаграфікі, адразу захацелася ўжыць іх у некамэрцыйнай сфэры, зрабіць нешта захапляльнае на глебе лякальных дадзеных.

«Я працую дызайнэрам ў кампаніі, якая займаецца распрацоўкай сродкаў візуалізацыі для бізнэс-патрэбаў. Калі ў мяне зьявіліся тэхнічныя здольнасьці для стварэньня такога кшталту інфаграфікі, то адразу захацелася ўжыць іх у некамэрцыйнай сфэры, зрабіць нешта захапляльнае на глебе лякальных дадзеных.

Як я пазначаў на сайце, мяне натхніла праца нямецкага дызайнэра Морыца Штэфанэра, які візуалізаваў разьмеркаваньне тыповых суфіксаў у гарадоў Нямеччыны. Перш за ўсё, было цікава пабачыць, як тая самая візуалізацыя магла б выглядаць для Беларусі. Па-другое, хацелася пайсьці на крок далей і зрабіць інструмэнт для дасьледаваньня, таму ў маім варыянце карыстальнік сам можа фільтраваць назвы, і ня толькі па суфіксах, — і глядзець, што атрымаецца.

Дарэчы, я ня быў адзіны ў сваім памкненьні. На глебе візуалізацыі Морыца, дызайнэры й распрацоўшчыкі са Швайцарыі, Даніі, Румыніі і іншых краінаў зрабілі адпаведныя візуалізацыі для сваіх краінаў. Спасылкі можна адсачыць праз твітэр Морыца, там ёсьць нават Антарктыда».

На мапе Трафімовіча прапануюцца некалькі гатовых фільтраў: можна пабачыць усе гарады і вёскі, назвы якіх сканчаюцца на «-чы», «-кі», «-ўка» і гэтак далей. Можна і ўвесьці свой фільтар: напрыклад, паглядзець, дзе ў Беларусі назвы гарадоў і вёсак пачынаюцца на «Ме-», а дзе на «Мі-». Але аўтар сам прапануе незвычайны фільтар: усе гарады і вёскі, што маюць у назьве трасянкавы «Акцябр».

«Я ўзяў датасэт з Opendata.by, у сваю чаргу, яго першакрыніцай зьяўляецца праект OpenStreetMaps, — тлумачыць Свабодзе Трафімовіч. — Там ёсьць беларускі і расейскі варыянты назваў, а таксама трансьліт паводле беларускай. Мне падаецца, што гэтай крыніцы можна давяраць, хаця я дапускаю, што ня ўсе населеныя пункты трапілі ў гэты датасэт. Паводле беларускай Вікіпэдыі, вёска Акцябр і пасёлак Акцябрскі сапраўды існуюць».

Па некаторых фільтрах разьмеркаваньне назваў прыблізна роўнае па ўсёй Беларусі, некаторыя ж даюць выразны геаграфічны падзел. Напрыклад, гарады і вёскі, назвы якіх сканчаюцца на «-ішкі», прадказальна гуртуюцца каля мяжы зь Літвой. Можна пабачыць, што некаторыя тыпы назваў больш уласьцівыя для ўсходу, некаторыя — для захаду краіны. Але Трафімовіч заўважае і нечаканую асаблівасьць:

Спадзяюся, знойдуцца навукоўцы, якія зробяць больш глыбокія высновы, карыстаючыся маёй працай.

«Калі быў гатовы прататып, я, перш за ўсё, праверыў усе галосныя ў канцы слова. Высьветлілася, што для захаду больш характэрны галосныя «-ы/-і», для ўсходу «-а». Калі я ўвёў канчатак «-у», на мапе засталася адна кропка і гэта была вёска «Зара Камунізму» на Гарадзеншчыне.

На прыкладзе Нямеччыны мы можам бачыць, што падзел бывае значна больш разнастайным, таму мне б не хацелася неяк драматызаваць сытуацыю. Спадзяюся, знойдуцца навукоўцы, якія зробяць больш глыбокія высновы, карыстаючыся маёй працай».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG