Грамадзкая рада пры Міністэрстве ўнутраных справаў выбрала сваім старшынём галоўнага рэдактара газэты «СБ. Беларусь сегодня» («Советская Белоруссия») Паўла Якубовіча, перадае БелТА. Папярэдні старшыня рады, кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька, абраны ганаровым старшынём.
Поўны склад грамадзкай рады не апублікаваны — невядома, ці ўвайшлі ў яго праваабаронцы, незалежныя актывісты або прадстаўнікі недзяржаўных арганізацыяў ці апазыцыйных партыяў.
Рада была створаная ў 2013 годзе як кансультатыўны орган, празь які мае адбывацца дыялёг праваахоўнікаў з грамадзкасьцю.
Павал Якубовіч заявіў, што «стаўленьне кожнага грамадзяніна да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў ёсьць тым самым маркерам, які паказвае, што калі міліцыю паважаюць і любяць, то краіна здаровая».
Але ня ўсе беларусы ставяцца да МУС пазытыўна. Пад пэтыцыяй супраць бязьмежжа і беспакаранасьці праваахоўнікаў і за адстаўку міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча было сабрана каля 5 тысяч подпісаў. Беларусы ня раз заяўлялі, што міліцыянты могуць беспадстаўна зьбіваць чалавека нагамі, біць аб сьцены, наступаць ботам на галаву, а то і мачыцца на чалавека, і страляць па людзях, а пакараньня за гэта не нясуць. Шуневіч адказваў на такія аповеды заявамі пра «інфармацыйную вайну супраць МУС з мэтай зьмены сацыяльнага ладу».