Кіраўнік Рассельгаснагляду Сяргей Данкверт лічыць загад Аляксандра Лукашэнкі распачаць супраць яго крымінальную справу ціскам ня толькі на яго ведамства, але наогул на ўсіх расейскіх чыноўнікаў.
У інтэрвію РБК Данкверт заявіў, што засмучаны прэтэнзіямі беларускага кіраўніцтва.
«Вы ж ведаеце, любы чалавек, якому пагражаюць, спачатку думае, што гэта ўсё ня так, потым пачынае думаць: а як жа наогул рэагаваць? Але, я вам скажу, у дадзеным выпадку я ўсё ж такі разглядаю гэта як не зусім карэктныя меры аказаньня ціску ў цэлым на службу. Калі ўзяць у маштабе вялікім, усёй краіны, то [гэта ціск] на ўсіх чыноўнікаў нашай краіны. Чаму? Таму што, уявіце, быў Баўмгертнер, потым Данкверт. Тым людзям, якія маюць такія прозьвішчы, а ў нас шмат хто і ў «Сбербанку» маюць прозьвішчы такія — нямецкага напрамку, трэба баяцца.
На пытаньне журналістаў, як Данкверт будзе рэагаваць на сытуацыю з крымінальнай справай у Беларусі, кіраўнік расейскага ведамства заявіў:
«А што можа зрабіць чалавек супраць прэзыдэнта? Тым больш Беларусі. Што можа зрабіць просты [чалавек], нават кіраўнік? У лепшым выпадку трэба піць заспакаяльнае на ноч, у адваротным — проста скончыць жыцьцё самагубствам. Таму што, калі табе пагражае прэзыдэнт, што ты можаш зрабіць?»
На прэс-канфэрэнцыі 3 лютага Аляксандар Лукашэнка прапанаваў распачаць супраць Сяргея Данкверта крымінальную справу за перашкоды пастаўкам беларускіх харчоў.
«Ведаеце, рознага кшталту данкверты... Нам трэба вывучыць гэтае пытаньне, Ігар Анатолевіч [Шуневіч], і распачаць крымінальную справу, як некалі па Керымаву і Баўмгэртнэру. За нанясеньне ўрону дзяржаве. Распачаць крымінальную справу, і мы яго дастанем. Калі ён пабудзе ў СІЗА, ён будзе даваць сабе справаздачу, што ён робіць».
У Крамлі ў сваю чаргу выказалі неўразуменьне заявам пра крымінальны перасьлед Данкверта.
У той жа дзень было абвешчана, што Рассельгаснагляд з 6 лютага ўводзіць часовыя абмежаваньні на пастаўкі ялавічыны і ялавічных субпрадуктаў з усіх прадпрыемстваў Менскай вобласьці.