Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Лукашэнка тлумачыў крызіс у беларуска-расейскіх дачыненьнях


Сем гадзін дваццаць адна хвіліна — новы рэкорд працягласьці выступаў Аляксандра Лукашэнкі. 3 лютага на «Вялікай размове з прэзыдэнтам» быў пабіты рэкорд 2015 году.

Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Віталь Цыганкоў, Валер Карбалевіч.

Цыганкоў: Як і чакалася, не адразу, а прыкладна з 3-й гадзіны гэтай вялікай імпрэзы значная частка размовы была прысьвечаная адносінам Беларусі з Расеяй. І тут варта нагадаць, на якім фоне прайшла прэсавая канфэрэнцыя. Усе яго добра ведаюць, але, тым ня менш, нагадаем пра нядаўняе рашэньне ФСБ Расеі ўсталяваць памежную зону на мяжы Расеі і Беларусі. І Лукашэнка адразу выказаўся і пра гэта: стварыўшы такую памежную зону, Расея парушыла дамову аб мяжы паміж дзьвюма краінамі. «Мы стваралі саюзную дзяржаву, і тут адзін міністар, няхай нават моцны, ФСБшнік, ды іншыя, адным росчыркам пяра паставіў крыж на ўсіх дамоўленасьцях, выдаўшы свой загад. Гэта што, нармальна?»

Цягам сёньняшняга дня даставалася многім расейскім чыноўнікам — ад прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьведзева да кіраўніка ФСБ, і асабліва да кіраўніка Рассельгаснагляду Сяргея Данкверта.

Увогуле цягам сёньняшняга дня даставалася многім расейскім чыноўнікам — ад прэм’ер-міністра Дзьмітрыя Мядзьведзева да кіраўніка ФСБ, і асабліва да кіраўніка Рассельгаснагляду Сяргея Данкверта. Аляксандар Лукашэнка проста загадаў распачаць крымінальную справу супраць Данкверта за нанясеньне шкоды дзяржаве. «Калі ён пасядзіць у нас, у сьледчым ізалятары, тады зразумее, што ён творыць», — сказаў Лукашэнка. І таксама выказваўся пра тое, што «ўсе гэтыя Данкверты — людзі зацікаўленыя, у кожнага вялізная латыфундыя, яны самі зьяўляюцца вытворцамі таго ці іншага прадукту, альбо робяць „дах“ для таго, хто працуе ў гэтай сфэры, альбо зьяўляюцца ўласьнікамі». Такая разьюшанасьць выкліканая тым, што Рассельгаснагляд некалькі разоў ужо абмяжоўваў пастаўкі розных беларускіх тавараў, апошнім разам — ялавічыны з двух беларускіх прадпрыемстваў. Данкверт увогуле ў інтэрвію называў беларускіх партнэраў «нядобрасумленнымі», бо, як ён сьцьвярджае, Беларусь нарасьціла экспарт у Расею пасьля ўвядзеньня эмбарга супраць Эўразьвязу і Ўкраіны менавіта мясам.

Але цікава, што хоць Лукашэнка шмат крытыкаваў канкрэтных чыноўнікаў, пра Пуціна такіх рэзкіх словаў ён не казаў. Больш за тое, уся гэтая рыторыка была ў стылі «цар добры, а баяры кепскія». Прэзыдэнта Расеі Лукашэнка называў сваім сябрам, хоць і прызнаваў, што некаторыя дыскусіі зь ім праходзяць на самых высокіх нотах.

Стратэгічна ўсе абвастрэньні з Расеяй Аляксандар Лукашэнка зьвязаў з тым, што Масква асьцерагаецца сыходу Беларусі на Захад. І ён прыгадаў, што цяпер у расейскіх СМІ пачынаюць «дубасіць» міністра замежных спраў Макея, што ён нібыта вядзе краіну на Захад. Але, цытую, «ніякі Макей не вядзе перамовы бяз згоды прэзыдэнта». І, дарэчы, тут нейкім парадаксальным і іранічным чынам ён перавёў адказнасьць за паляпшэньне адносінаў афіцыйнага Менску з Захадам на Пуціна. Сказаў, што «вы ж павінны разумець, гэта ўзгодненая пазыцыя, на якую мяне падштурхнуў мой сябра Пуцін».

І ў гэтым сэнсе Лукашэнка даволі канкрэтна заявіў, што ўсе размовы, плёткі наконт магчымага выхаду Беларусі з ЭўрАзЭс, Саюзнай дзяржавы — поўны вымысел. «Мы ніколі не былі супраць інтэграцыйных працэсаў, а выступалі ініцыятарам усіх іх». Але тут жа дадаў: «Мы якраз разьлічвалі, што гэты саюз будзе заснаваны на раўнапраўі, будуць створаныя роўныя ўмовы. Гэта галоўнае, без чаго не бывае такіх саюзаў. Але калі няроўныя ўмовы, то навошта нам туды ісьці, дзеля чаго?». Як бачым, зноў-такі прысутнічае пэўная нелягічнасьць. У адной фразе Лукашэнка кажа, што ніколі ня выйдзем і гэта патрэбна Беларусі, і літаральна празь некалькі сэкундаў адзначае, што няроўныя ўмовы, якія існуюць, не прыносяць Беларусі ў гэтых саюзах нічога добрага.

Глод: Віталь ужо зьвярнуў увагу на тую крытыку, якую Лукашэнка скіраваў на адрас расейскага чыноўніка Данкверта. Я б нават сказаў, што гэта ня крытыка — гэта фактычна загад арыштаваць чалавека. У сацыяльных сетках пачалі згадваць амаль аналягічную гісторыю з былым кіраўніком «Уралкалію» Баўмгертнэрам. Але хачу зьвярнуць увагу, што гэта дзьве розныя рэчы. Бо «Ўралкалій» — гэта прыватная фірма, а спадар Данкверт кіруе ня нейкай прыватнай установай, а вялікай адказнай структурай расейскай дзяржавы. Таму я думаю, што гэта было сказана, можа, і ў нейкім запале.

Мы лёталі на адным крыле. Куды прыляцелі — усе бачыце

Але што тычыцца расейска-беларускіх адносінаў, для мяне быў вельмі важны адзін сказ: «Мы лёталі на адным крыле. Куды прыляцелі — усе бачыце». То бок ня трэба тут быць вялікім палітолягам, каб разумець, што меў на ўвазе Аляксандар Лукашэнка. І, вядома, тут мае рацыю Лукашэнка, калі кажа, працягваючы гэтую думку, што мы павінны сябраваць з усімі нашымі суседзямі, што і Ўкраіна, і Польшча — гэта не чужыя, гэта нашы суседзі, суседзі, як кажуць, ад Госпада Бога.

Усё ж, як бы рэзка ён ні казаў пра Расею, але Віталь Цыганкоў меў рацыю, калі зьвярнуў увагу вось на што. Лукашэнка адзначыў, што інфармацыя пра магчымы выхад з ЭАЭС і АДКБ — усё гэта поўная выдумка. Пакуль Лукашэнка адтуль выходзіць не зьбіраецца. Але трывога ў яго ёсьць, і яе я хацеў бы патлумачыць тымі лічбамі, якія былі агучаныя ў расейскіх мэдыях якраз у той час, калі ішла прэсавая канфэрэнцыя. «Левада-цэнтар» зрабіў апытаньне, і што ж высьвятляецца? Толькі 33% расейцаў лічаць Беларусь краінай, якая знаходзіцца за мяжой Расеі. А амаль 2/3, дакладна — 61%, лічаць Беларусь часткай Расеі. Але стаць часткай Расеі — гэта значыць страціць сваю ўладу.

Крытыка па ўсіх кірунках.

Карбалевіч: Кажучы пра Расею і яе палітыку, Лукашэнка намаляваў страшнаватую карціну. Палітыку Расеі ён назваў зьдзекам. Вось толькі некалькі рэплікаў. Расея «імкнецца трымаць Беларусь на кручку». У яе «дарэвалюцыйны ўзровень перапрацоўкі сельскагаспадарчай сыравіны». «Расея не пытала нас, калі ўводзіла санкцыі супраць Захаду». «Гэта карупцыйная краіна». «Беларусь страціла 15 млрд даляраў ад уступленьня ў ЭАЭС». «Расея прымае былых тэрарыстаў». «Ад каго яны закрылі мяжу? Гэта чыста палітычны выпад». Ну, і «Расея рана радуецца перамозе Дональда Трампа ў ЗША». То бок крытыка па ўсіх кірунках.

І апошняя фраза — гэта калі ён расказваў пра тое, як яны спрачаліся з Пуціным пра цэны на газ, пра мэханізм кампэнсацыі. Ён нібыта жартам сказаў — што, у вас акцыі «Газпрому», можа? Але, як вядома, у кожным жарце толькі частка жарту.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG