Ці прыбяруць самалёт ад палаца Друцкіх-Любецкіх

Гарадзенскі экспэрт называе аднаўленьне палаца ў Шчучыне адным з найлепшых прыкладаў рэстаўрацыі ў Беларусі.

У Шчучыне Гарадзенскай вобласьці вядуцца рэстаўрацыйна-аднаўленчыя працы ў палацы князёў Друцкіх-Любецкіх канца ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзяў.

Паводле гарадзенскага краязнаўцы і экспэрта ў галіне архітэктуры Ігара Лапехі, пакуль па беларускіх мерках гэта выглядае як адзін з найлепшых прыкладаў рэстаўрацыі ў Беларусі, але толькі пакуль. Наперадзе яшчэ шмат працы.

Аднаўленьнем палаца Друцкіх-Любецкіх у Шчучыне займаюцца спэцыялісты ААТ «Белрэстаўрацыя». Паводле плянаў, якія намецілі ўлады, палац павінны аднавіць сёлета да верасьня, калі ў Шчучыне будуць адзначацца Дні беларускага пісьменства.

Збудаваны на пачатку ХХ стагодзьдзя віленскім архітэктарам Тадэвушам Раствароўскім палац адмыслоўцы параўноўваюць з Малым Трыанонам у Вэрсалі, рэзыдэнцыі францускіх каралёў. Адзін з князёў Друцкіх-Любецкіх працаваў некаторы час у Францыі і па вяртаньні дамоў дазволіў сабе такую экстравагантнасьць.

У пасьляваенныя гады палац апынуўся на тэрыторыі вайсковай часьці, вайскоўцы адчынілі ў ім Дом афіцэраў і дабудавалі актавую залю, а перад будынкам, за некалькі крокаў ад возера, паставілі помнік самалёту. Час не пашкадаваў і самалёт, бо відаць, што ён добра прагніў. Апошнія 15 гадоў па пакоях кінутага палаца гуляў вецер.

Гарадзенскі краязнаўца і аматар гісторыі архітэктуры Ігар Лапеха, зь якім мы аглядаем рэстаўрацыю, абыходзіць кожны пакой, кранае рукамі тынк, правярае новаўстаўленыя вокны, потым уключае ліхтарык і кажа, што першае і галоўнае — спраўдзіць, як умацавалі падмуркі. Мы спусьціліся ў скляпеньні, убачаным ён задаволены. Дадае, праўда, што працы тут яшчэ вельмі шмат.

Падмуркі палаца ўмацаваныя

«Падмуркі тут умацавалі на жалезабэтонную падушку. Яна дазваляе захоўваць у будынку гідралягічны рэжым. Сьцены ня будуць гніць. Гэта самае істотнае і важнае для будынка».

Мы падымаемся наверх, мой праважаты ўважліва разглядае столь, сьцены, паказвае мне дзьверы, якія ляжаць на падлозе. Задаволена кажа, што рэстаўратары захоўваюць тое нешматлікае, што засталося ў палацы пасьля савецкага часу, ня нішчаць, а беражліва аднаўляюць. Праўда, паводле яго, вельмі важна будзе, наколькі стыль інтэр’ераў будзе адпавядаць духу рэзыдэнцыі князя Друцкага-Любецкага.

Аўтэнтычныя дэталі ўнутры палаца аднаўляюцца

«Мне падабаецца, што тут вельмі скрупулёзна паставіліся да фрызаў і іншых архітэктурных дэталяў, якія захаваліся ў аўтэнтычным выглядзе. Вось мы бачым, што і аўтэнтычныя дзьверы будуць рэстаўравацца і іх паставяць ізноў на месца. Вось паглядзіце, як беражліва аднаўляецца ляпніна, прычым аднаўляецца там, дзе была, а ня ў кожным памяшканьні, як гэта зрабілі ў Залесьсі. Там проста эўрарамонт».

Мы абыходзім вакол палаца. Настрой Лапехі зьмяняецца, бо погляд упіраецца ў пяціпавярховы жылы дом, які яшчэ ў 80-я збудавалі амаль упрытык з палацам. Навакольле, на ягоную думку, вельмі абцяжарвае выгляд палаца, і зьмяніць яго будзе цяжка.

Ігар Лапеха паказвае на частку палаца, якая была дабудавана ў савецкі час

Дабудаваная частка палаца розьніцца ад аўтэнтычнай

Аўтэнтычная частка палаца

«На жаль, навакольле было вельмі моцна зьмененае ў савецкі час: парк высякалі, гэтыя недарэчныя пяціпавярховыя домікі сюды ўлепленыя. Самалёт на пастамэнце вельмі псуе выгляд з возера на палац. Я разумею, што гэтыя дамы зносіць ніхто ня будзе, але, тым ня менш, хоць нейкае аднаўленьне парка варта тут зрабіць, разьбіць клюмбы...».

Лапеха паказвае на дах і хваліць рэстаўратараў за тое, што балясіны там пакінулі драўляныя, як было адпачатку. А вось вокны — з плястыку.

Рэстаўратары захавалі драўляныя балясіны

Вокны ў палацы будуць плястыкавыя

«Не, ну, гэта рэальнасьць Беларусі... На жаль, у нас няма такіх эўрапейскіх стандартаў рэстаўрацыі. Але магу падкрэсьліць, што па беларускіх стандартах гэта адзін з самых лепшых прыкладаў рэстаўрацыі ў нашай краіне. А вось што выйдзе напрыканцы рэстаўрацыі — бо ў нас звычайна перад пэўнай датай пачынаюцца аўральныя працы — паглядзім, наколькі гэта будзе адпавядаць».

Мы ізноў у былым холе палаца. Лапеха паказвае, што з хола быў уваход у «вялікі салён» з трыма porte-fenêtres (францускімі дзьвярыма-вокнамі), дзьвюма вялікімі кафлянымі печамі і камінам. Столь упрыгожвала жырандоля вэнэцыянскага шкла, стаялі два вялікія бехштэйнаўскія раялі і піянола.

У былым холе палаца

Памяшканьні ўпрыгожвалі партрэты і жывапіс, са скульптуры — мармуровая Леда невядомага аўтара. На першым паверсе амаль усю правую частку паркавага фасада займала сталовая, сьцены якой былі ўпрыгожаныя партрэтамі каралёў, а ў сэрвантах захоўвалася фамільнае срэбра і францускі фарфор.

Плянуецца, што ў адноўленым палацы разьмесьціцца Цэнтар творчасьці дзяцей і моладзі. Праўда, местачкоўцы распавялі, што некалькі пакояў у палацы забраніраваў і Шчучынскі райвыканкам.​