Ружанскі палац Сапегаў рупліва аднаўляюць, а ў кляштары картузаў у Бярозе адрэстаўравалі толькі браму. Карэспандэнт Радыё Свабода на ўласныя вочы пабачыў, як дбаюць пра спадчыну Сапегаў.
Ружанскі палац Сапегаў і Бярозаўскі кляштар картузаў — адны з найбуйнейшых помнікаў архітэктуры на Берасьцейшчыне. Стварэньне абодвух фінансавалі Сапегі — магутны род Вялікага Княства Літоўскага. У Ружанскім палацы была рэзыдэнцыя роду, а ў кляштары картузаў знаходзіцца вялікі нэкропаль Сапегаў.
У Ружанскім палацы будуць тэатар і манэж, але рэстаўрацыя зацягнецца на гады
Браму Ружанскага палаца аднавілі ў 2008–2011 гадах. Цяпер там музэй, а рэстаўратары перайшлі да аднаўленьня Ўсходняга флігеля, сьцены якога былі настолькі падточаныя, што, будаўнікі кажуць, маглі ў любы час абваліцца.
Ружанскі палац мае замкавыя рысы, распавёў Радыё Свабода дырэктар музэю-палаца Сапегаў Руслан Кніга. Таму ў 2012 годзе аб’ект уключылі ў рэспубліканскую праграму «Замкі Беларусі». Згодна з гэтай праграмай штогод на рэстаўрацыю ідзе 1,2 мільярда рублёў зь мясцовага і рэспубліканскага бюджэтаў.
«У мінулым годзе нават далі болей, 1,6 мільярда. Цяпер ідзе аднаўленьне Ўсходняга флігеля — умацаваньне канструкцыі, цагляная кладка, гідраізаляцыя падмурку. На дадзены момант гатоўнасьць аб’екта — каля 20 працэнтаў», — распавядае Руслан Кніга.
Дырэктар музэю кажа, што ва Ўсходнім флігелі мяркуецца аднавіць тэатар XVIII стагодзьдзя на ўзор аналягічнага, які ёсьць у Чэхіі ў горадзе Чэскі-Крумлаў:
«Там унікальная машынэрыя сцэны, якая дазваляе ў часе адной пастаноўкі з дапамогай адмысловых драўляных мэханізмаў некалькі разоў мяняць загадзя падрыхтаваныя дэкарацыі», — тлумачыць Руслан Кніга.
У другой частцы флігеля, распавёў дырэктар, будзе адноўлены манэж:
«Але коні там стаяць ня будуць, а будуць ладзіцца розныя імпрэзы».
Палац Сапегаў стаў месцам паломніцтва для вясельляў з навакольных гарадоў. Руслан Кніга распавёў, што ў музэі нават ладзяць урачыстае заключэньне шлюбу. Летась гэтай паслугай скарысталіся 50 пар.
«А турыстаў да нас штогод прыяжджае каля 20 тысяч чалавек. 35 працэнтаў зь іх — замежнікі», — распавядае суразмоўца.
Па словах дырэктара, на аднаўленьне астатняй часткі палаца спатрэбіцца шмат гадоў. Заходні флігель давядзецца аднаўляць ад пачатку, бо ён зусім зьнішчаны. Таксама велізарныя ўкладаньні спатрэбяцца на аднаўленьне падземнай часткі палаца, якая складаецца зь некалькіх паверхаў.
«Справа ў тым, што галоўны, Паўночны корпус палаца — надзвычай унікальны. Ён захаваў яшчэ замкавыя рысы. Калі ў 1598 годзе Леў Сапега выкупіў гэтыя землі, ён запрасіў сюды, верагодна, італьянскага архітэктара. Былі пабудаваныя 4 паверхі падземных памяшканьняў, а зьверху — рэнэсансавы замак з часткова абарончымі функцыямі. У сутарэньнях захоўваўся правіянт, бо час быў няпросты. З бакоў замка было балота.
У ХVII стагодзьдзі замак разбурылі і потым перабудавалі ў выглядзе палаца. Сутарэньні, якія засталіся яшчэ з часоў замка, — унікальныя. Але, на жаль, у ХХ стагодзьдзі там былі абвалы, таму цяпер зь вялікай цяжкасьцю можна трапіць на другі і часткова трэці падземныя паверхі. Да 2011 году, калі тут зьявіўся музэй, гэтыя сутарэньні былі ў дрэнным стане, дзесяцігодзьдзямі мясцовае насельніцтва скідала туды сьмецьце. Дзякуючы валянтэрскаму лягеру па лініі ЮНЭСКО ў сутарэньнях зрабілі адносны парадак. У 2012–2013 годзе з 2–3 паверхаў сутарэньняў мы штогод вывозілі па 12–13 прычэпаў сьмецьця. Нават старую лядоўню з трэцяга паверху выцягнулі».
Топ-7 цікавостак пра Ружанскі палац ад Руслана Кнігі
• Пад Ружанскім палацам Сапегаў — 4 паверхі падземных памяшканьняў.
• У 1644 годзе Ружаны наведаў кароль Рэчы Паспалітай Уладзіслаў IV Ваза разам з каралевай.
• У розныя пэрыяды Сапегі то сябравалі, то варагавалі з наймагутнейшым родам Вялікага Княства Літоўскага — Радзівіламі. У XVII стагодзьдзі ў выніку паходу аб’яднанага войска Радзівілаў ды іншых магнатаў Ружанскі палац Сапегаў быў значна разбураны.
• У калекцыі роду Сапегаў у палацы захоўвалася цэлая сэрыя прац знакамітага вэнэцыянскага мастака ХVI стагодзьдзя Паала Вэранэзэ. Частка гэтых карцін цяпер у расейскім Эрмітажы, частка — у эўрапейскіх калекцыях.
• У час вайны з Расеяй 1654–1667 гг., калі расейскія войскі акупавалі Вільню, сталіцу ВКЛ, у Ружаны перавезьлі раку з мошчамі аднаго з найбольш шанаваных на той час каталіцкіх сьвятых — сьвятога Казімера. Ён лічыўся нябесным заступнікам як самога Вялікага Княства Літоўскага, так і Ружанаў. Ад наданьня Магдэбургскага права Ружанам у 1637 годзе яго выява — на гербе мястэчка.
• У 1784 годзе неаднойчы ў Ружаны прыяжджаў апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, які глядзеў у тутэйшым тэатры балет.
• Ружанскі палац Сапегаў часам называюць «беларускім Вэрсалем», таму што яго пляніроўка нагадвае францускі Вэрсаль — сымбаль магутнасьці Людовіка XIV.
Кляштар картузаў у Бярозе: аднаўляць ці кансэрваваць?
Ня менш унікальны архітэктурны комплекс — кляштар картузаў у Бярозе. Яго пабудову ў другой палове XVII стагодзьдзя фундаваў Казімер Леў Сапега, сын вядомага дзеяча Вялікага княства Літоўскага Льва Сапегі.
У параўнаньні з Ружанскім палацам кляштар сёньня больш занядбаны, на яго рэстаўрацыю не выдзяляецца такіх сродкаў. У другой палове 2014 году намаганьнямі мясцовых уладаў з раённага бюджэту прафінансавалі аднаўленьне брамы. Рэстаўрацыя абышлася ў 1,7 мільярда рублёў.
Абрысы гэтай брамы — на сёньняшнім гербе Бярозы.
Бярозаўскі гісторык, краязнаўца Алесь Кенда кажа, што адрэстаўраваць кляштар цалкам будзе надзвычай праблематычна:
«Хацелася б, вядома, яго ўбачыць у тым выглядзе, у якім ён быў. Але ў нашых умовах мне падаецца гэта ўсё больш безнадзейным. Пагатоў, там ёсьць свае нюансы — цяпер на былой тэрыторыі кляштара вельмі шмат прыватных пабудоваў.
А па-другое, мне спадабаліся словы польскай дасьледчыцы кляштару Дароты Пірамідовіч, якая сказала, што ў пляне мастацтвазнаўства рэшткі кляштару ўяўляюць большую каштоўнасьць, чым адрэстаўраваны ансамбль. Бо зьнікаюць усе аўтэнтычныя элемэнты, якія пакуль ёсьць. Таму, магчыма, для гісторыі лепей закансэрваваць тыя парэшткі, якія засталіся. Нават на прыкладзе брамы можна казаць, што аднаўленьне адбываецца не на 100 працэнтаў. Там, напрыклад, быў яшчэ лацінскі надпіс, якога цяпер няма. Дый многія іншыя ранейшыя элемэнты немагчыма аднавіць абсалютна дакладна», — мяркуе Алесь Кенда.
Гісторык кажа, што тэрыторыя кляштару вымагае яшчэ і археалягічных росшукаў, бо яшчэ ня цалкам дасьледаваная.
«Тут патрэбны тонкі і далікатны падыход да аб’екта. Трэба ствараць адмысловую камісію, а не вырашаць усё на ўзроўні райвыканкамаў. Як на мой суб’ектыўны погляд, адноўленая брама сярод разбураных парэшткаў глядзіцца неяк дзікавата. Магчыма, паўтаруся, лепей было б заняцца кансэрвацыяй», — мяркуе Алесь Кенда.
Цяпер парэшткі Бярозаўскага кляштару — адзіны ва Ўсходняй Эўропе помнік архітэктурнай спадчыны ордэна картузаў, найбольш закрытага ордэна каталіцкай царквы, кажа Алесь Кенда.
Топ-8 цікавостак пра кляштар картузаў у Бярозе ад Алеся Кенды:
• У Бярозе — адзіны картузіянскі кляштар на тэрыторыі ВКЛ. Усяго ў Рэчы Паспалітай было тры такія кляштары.
• Будоўля кляштару вялася 41 год, з 1648 па 1689. Кляштар атрымаў імя Сьвятога Крыжа, бо быў пабудаваны на месцы, дзе, паводле паданьня, раней стаяў цудадзейны крыж.
• У ХVІІ стагодзьдзі кляштар быў значным рэлігійным, асьветніцкім і вытворчым цэнтрам. Тут была бібліятэка з 2500 кніг, бандарная, ткацкая, мылаварная майстэрні, майстэрні па вырабе каляровай дахоўкі. У кляштары была аранжарэя з патройным шклом, сажалкі, дзе разводзілі заморскіх чарапах. Вада ў гэтыя вадаёмы падавалася праз трубаправод. На тэрыторыі кляштару дзейнічалі аптэка і шпіталь, а ў мястэчку — кляштарная школка.
• Бярозаўскі кляштар быў унесены ў францускую энцыкляпэдыю мастацтва як адзін з найпрыгажэйшых архітэктурных комплексаў Эўропы.
• На тэрыторыі кляштару былі пахаваныя 15 прадстаўнікоў роду Сапегаў і 42 іншыя сьвецкія асобы Вялікага Княства Літоўскага. Гэта быў найбольшы родавы нэкропаль Сапегаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
• Паводле паданьня, на кляштарным касьцёле была шыльда з праклёнам таму, хто паспрабуе нанесьці шкоду касьцёлу ці кляштару.
• Пачынаючы з 1866 году касьцёл і частку кляштарных пабудоваў разабралі, каб вымураваць казармы для расейскага войска. Казармы за свой колер атрымалі назву «чырвоныя». У першую сусьветную вайну тут быў нямецкі лязарэт, у 30-я гады — польскі канцлягер, замест якога ў 1939–1941 гадах стаў канцлягер савецкі, а з 1941 — нацысцкі. Пасьля вайны ў будынках знаходзілася савецкая вайсковая часьць. Сёньня там — культурніцкія і гандлёвыя ўстановы.
• У 1869 годзе пры разбурэньні кляштарнага касьцёла сапегаўскія пахаваньні па-вандальску разрабавалі. Срэбную скрыню, дзе захоўвалася сэрца Казімера Льва Сапегі, пераплавілі. Скралі нават скрыні ад трунаў, а парэшткі Сапегаў перапахавалі на мясцовых парафіяльных могілках.