У Менску ня будзе Чайна-таўну, пакуль беларускія тавары будуць у разы даражэйшыя за кітайскія. «Свабода» наведала нешматлікія кітайскія мясьціны Менску і ўпэўнілася, што кітайскі сцэнар раману «Мова» Віктара Марціновіча выглядае маларэалістычна.
Харбін — Гомель — Менск
Кавярня «Шанхай», адна з самых старых кітайскіх, якія дзейнічаюць у Менску, працуе з 1996 году. Першапачаткова разьлічаная пераважна на кітайцаў, сёньня яна вядомая перш за ўсё сярод беларускіх гурманаў. Гэтымі ж днямі кітайскіх наведнікаў зусім няма: усе, хто мае магчымасьць, яшчэ тыдзень таму адправіліся сьвяткаваць кітайскі Новы год — галоўнае для кітайцаў сьвята — на радзіму. Выключэньне — кітайцы, якія маюць беларускія сем’і. Сярод іх дырэктар і кухар «Шанхая».
«У Беларусі мы ня можам адзначыць кітайскі Новы год з такім размахам, як у Кітаі, таму што ў Беларусі гэта працоўны дзень», — кажа Ян Лю, дырэктар кавярні.
Ян прыехаў у Беларусь у 1992 годзе. Пяць гадоў адвучыўся на эканаміста ў Гомелі, а потым пераехаў у Менск у пошуках працы. На той час гаспадары кітайскай кавярні «Чжунго Мэйшы» (перакладаецца як «смачная кітайская ежа») зьбіраліся вяртацца ў Кітай і шукалі, каму б перадаць свой бізнэс. Пераемнікам стаў Ян Лю. Пасьля капітальнага рамонту ў 2010 годзе было вырашана даць кавярні прасьцейшую і больш вядомую, чым папярэдняя, назву — «Шанхай».
Ян і Антон — кітайскія імёны
Аднак трымае Яна ў Беларусі зусім ня бізнэс. Пераехаўшы ў Менск, у хуткім часе ён ажаніўся зь мясцовай дзяўчынай. Цяпер у Яна і Натальлі тры сыны: Брус, Антон і Алан.
«Гэтыя імёны ёсьць і ў кітайскай мове, — кажа Ян. — Кітайскімі герогліфамі можна запісаць любое імя».
Дарэчы, імя Ян — таксама кітайскае. Але мясцовыя, кажа ён, пры знаёмстве заўжды пытаюць, як яго сапраўды завуць, думаючы, што «Ян» — беларускі адпаведнік нейкаму складанаму кітайскаму імю, якое не выгаворваюць беларусы.
«Мне людзі кажуць, што гэта польскае імя. А я ім адказваю, што кітайскае».
З усімі дзецьмі Ян размаўляе па-расейску, а кітайскую мову яны вывучаюць сёньня на курсах пры Белдзяржунівэрсытэце. Каб падтрымліваць сувязь з гістарычнай радзімай, Ян часта езьдзіць у родны Харбін, часам беручы з сабой і дзяцей.
Білет да Масквы — 1 даляр
Кітайцаў у Беларусь сёньня прыяжджае больш, чым у 1990-я, але ўсё адно сапраўднага Чайна-таўну ў Менску не знайсьці. Студэнты трымаюцца сваёй суполкі пры інтэрнаце, а рабочыя — вакол працы. І першыя, і другія прыяжджаюць у Беларусь толькі на час свайго навучаньня ці кантракту, і вельмі мала хто застаецца. Нават па кітайскіх кавярнях яны асабліва ня ходзяць, таму што многія кітайскія фірмы разам з рабочымі прывозяць у Беларусь і сваіх кухараў. Часам у рабочых бывае такі строгі графік, які не дазваляе ім нават пакідаць месца працы-жыльля.
Прычына, якая перадусім спыняе кітаізацыю Беларусі, — высокія беларускія кошты. У той час, калі заробкі ў Беларусі і Кітаі прыкладна аднолькавыя, беларускія кошты непараўнальна высокія. На такі самы заробак у Кітаі рабочыя могуць дазволіць сабе нашмат больш, чым у Беларусі. Таму баяцца кітайскага панаваньня ў Беларусі ў сёньняшніх эканамічных умовах ня варта.
Зусім іншая сытуацыя была на пачатку 1990-х гадоў. Беларусь, якая перажывала калясальны крызіс і гіпэрінфляцыю, па словах Яна, была ў лепшых эканамічных умовах, чым Кітай.
«За адзін даляр я тады мог даехаць да Масквы, а самалёт да Чыты каштаваў 8 даляраў», — узгадвае ён.
Зь беларускай кухні люблю «шубу»
У кавярні, дзе мы размаўляем зь Янам і Натальляй, стаіць спэцыфічны пах кітайскіх заправаў. На кухні завіхаецца У Цзінь, які ўжо чатыры гады працуе ў «Шанхаі». Як і Ян, ён застаўся ў Беларусі пасьля таго, як пабраўся шлюбам зь беларускай.
Толькі сапраўдны кітаец, лічыць Ян, можа гатаваць кітайскія стравы. Навучыцца гэтаму майстэрству за тры месяцы вучобы ў Кітаі, чым ганарацца некаторыя беларускія кухары, Ян лічыць, нельга.
Умеючы добра гатаваць, дома Ян да пліты не падыходзіць. Справа ня столькі ў тым, што ён стамляецца працаваць зь ежай за дзень, колькі ў адсутнасьці на стандартнай беларускай кухні адмысловых умоваў. Так, для кітайскай кухні патрэбны моцны агонь і вок — глыбокая патэльня з вузкім дном. Без такіх плітаў і добрай выцяжкі прыгатаваць сапраўдную кітайскую страву ў хатніх умовах вельмі складана.
«Для нас кітайская ежа — штодзённая, — кажа Натальля. — Таму дзецям больш падабаецца наша звычайная ежа, таму што яна для іх незвычайная».
Што тычыцца Яна, то з усіх мясцовых страваў больш за ўсё яму падабаецца селядзец пад шубай, які жонка гатуе на сьвяты.
Да нас нават таджыкі ня едуць
Высновы Свабоды пра непэрспэктыўнасьць Беларусі для кітайцаў пацьвярджае Кацярына Барнукова, дасьледчыца рынку працы, эканаміст Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтру (BEROC). Па яе словах, Чайна-таўны ў эўрапейскіх ды іншых мэгаполісах зьявіліся ва ўмовах, калі ўзровень даходаў у Кітаі быў у разы ніжэйшы, чым у іншых краінах разьвітага сьвету.
«Сёньня сярэдні заробак у Кітаі перавышае 700 даляраў, што істотна вышэй за сярэдні заробак у Беларусі, — кажа Барнукова. — Вядома, пры гэтым узровень няроўнасьці ў заробках у Кітаі вышэйшы, і верагодна, што нехта з кітайцаў і мог бы зарабіць у Беларусі. Але гэтая розьніца не такая высокая, каб ахвотных міграваць было шмат».
Яшчэ й нізкая пакупная здольнасьць беларускіх грошай стрымлівае кітайцаў ад пераезду да нас: на тыя ж 700 даляраў у Кітаі можна купіць нашмат больш, чым у Беларусі. А няпростае міграцыйнае заканадаўства зусім не спрыяе прыцягненьню таннай працоўнай сілы з-за мяжы. Таму пакуль кітайцы, як і іншыя мігранты, застаюцца ў Беларусі незапатрабаванымі.
«Цяпер да нас прыяжджаюць у асноўным з Казахстану і Туркмэністану, — кажа Барнукова. — Але штогадовыя лічбы міграцыйнага прыросту (крыху больш за адну тысячу чалавек з кожнай краіны ў 2013 годзе) вельмі сьціплыя і наўрад ці сур’ёзна ўплываюць на рынак працы ці макраэканоміку. А вось з Таджыкістану, які зьяўляецца буйным пастаўшчыком працоўнай сілы для Расеі, да нас прыяжджае менш за сто чалавек на год — гэта яшчэ адзін з доказаў нашай міграцыйнай непрывабнасьці».
Пад Віцебскам быў кітайскі калгас
У гістарычным кантэксьце беларуска-кітайскія стасункі вядомыя яшчэ з XVIII стагодзьдзя. Тады сярод беларускай шляхты зьявілася мода на кітайшчыну. Як расказаў Свабодзе Сяргей Харэўскі, культуроляг і дасьледчык архітэктурнай і гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, у кітайскім стылі былі пабудаваныя альтанкі ў прадмесьці Альба ў Нясьвіжы, пад уплывам моды на кітайшчыну адчыніліся парцалянавыя і масянжовыя мануфактуры ў Новым Сьвержані і Целяханах.
Мая бабця прыгадвала, што да рэвалюцыі па вёсках хадзілі кітайцы, якія гандлявалі шаўковымі ніткамі і гузікамі
«А ў Менску кітайцы зьявіліся на пачатку XX стагодзьдзя, значна пазьней, чым у іншых краінах, — кажа Харэўскі. — Гэта было зьвязана з расейскай калянізацыяй Порт-Артура перад Першай сусьветнай вайной. З таго часу многія кітайцы траплялі і ў Беларусь. Мая бабця прыгадвала, што да рэвалюцыі па вёсках хадзілі кітайцы, якія гандлявалі шаўковымі ніткамі і гузікамі. Кітайцаў разглядалі як вялікае дзіва — іх мужчыны насілі касічкі, — але вельмі чакалі гэтых карабейнікаў, бо ў іх былі розныя рэдкія ніткі любога адценьня».
Па словах Харэўскага, напярэдадні Першай сусьветнай вайны ў Менску жыло нямала кітайцаў. Другая хваля іхняга прытоку ў Беларусь адбылася пасьля Грамадзянскай вайны, калі дэмабілізаваныя кітайскія вайскоўцы, што ваявалі на баку Чырвонай арміі, аселі ў розных рэгіёнах Беларусі. Пад Віцебскам у міжваенны час нават існаваў кітайскі калгас.
«Але іх напаткаў такі самы лёс, як і многіх іншых прадстаўнікоў нацыянальных меншасьцяў у 1930-я гады: сталінскія чысткі зьнішчылі кітайскую прысутнасьць у Беларусі».