Сутнасьць зводзіцца да наступнага: правільна харчавацца тым, што елі нашыя продкі. Усе навінкі і прадукты з далёкіх краінаў варта выключыць з рацыёну. Японцы павінны карміцца багавіньнем і сояй, лацінаамэрыканцы — какавай і кукурузай, а беларусы — бульбай і скваркай.
Як і большасьць экспэртаў у галіне харчаваньня, я прытрымліваюся таго пункту гледжаньня, што аснову рацыёну чалавека павінен складаць набор прадуктаў, які яму эвалюцыйна падыходзіць.
Вось некалькі цікавых фактаў на карысьць гэтага меркаваньня. Любы стаматоляг раскажа вам, што банан для беларускіх зубоў — найгоршая ежа. Флёра нашага рота вельмі пакутуе ад бананаў, таму перакусваць імі, асабліва ў прамежках паміж прыёмамі ежы — дрэнная практыка. Аднак народы, для якіх банан традыцыйна складае важную частку дыеты, аніякай шкоды ад жаваньня бананаў не атрымліваюць. Тое ж самае можна сказаць пра ківі і ананасы. Для нашай зубной эмалі яны залішне кіслотныя і таму яе руйнуюць. Для жыхароў лацінаамэрыканскага рэгіёну — ніякіх праблемаў. Яшчэ адзін цікавы фэномэн. Сярод жыхароў Азіі (кітайцы, японцы, тайцы і г. д.), якія больш-менш трымаюцца традыцыйнай дыеты рэгіёну, практычна не назіраецца пэўных ракавых захворваньняў, у прыватнасьці гарманальна-адчувальных, такіх як рак грудзей і палавых органаў і рак прастаты. Аднак азіяты-эмігранты ў заходнюю частку сьвету маюць такі ж шанец захварэць на анкалягічнае захворваньне, як і карэнныя жыхары заходніх краінаў. Можна запярэчыць, што харчаваньне — гэта не адзіны фактар ва ўзьнікненьні ракавых пухлінаў. Несумненна, гэта так. Аднак, менавіта гарманальна адчувальныя формы зь вялікай верагоднасьцю зьяўляюцца ў выніку не аптымальнага харчаваньня.
Дык як харчавацца беларусу? Няўжо бульбай і скваркай? Мой адназначны адказ: не. І вось чаму. Па-першае, «традыцыйная» беларуская дыета ніколі не зарэкамэндавала сябе ў якасьці карыснай. Нашы продкі ніколі не вылучаліся (у глябальнай пэрспэктыве) аптымальным здароўем і жылі адносна нядоўга. Беларуская зямля ня вельмі багатая карыснымі прадуктамі, аднак яны несумненна ёсьць. Ягады, грыбы, гарбузы і карняплоды, грэчка і авёс, лён і канопля — вось некаторыя зь іх.
Па-другое, калі, у справе харчаваньня жыць ізалявана ад глябальнага кантэксту, то гэтым можна аслабіць ня толькі сваё здароўе, але і здароўе сваіх будучых дзяцей. У эпоху глябалізацыі лёгка атрымаць доступ да многіх раней экзатычных прадуктаў, многія зь якіх маюць вялікую карысьць для здароўя. Трэба, аднак, на мой погляд, атрымліваць асалоду ад іх у меру і зь веданьнем. Выбіраць для частага ўжываньня тыя зь іх, якія знаёмыя нашаму генатыпу: ну, напрыклад, салодкая бульба па складзе падобная на звычайную «нашу» (якая, зноў жа, зусім ніякая ня наша!) бульбу, аднак значна пераўзыходзіць яе па спажыўных уласьцівасьцях. Ну а зрэдку можна папесьціць сябе абсалютна тым, чым душа пажадае. Да гэтага асабіста ад сябе я б дадала: з аглядкай на навакольнае асяродзьдзе і ўстойлівасьць.
Па-трэцяе, само пытаньне, што зьяўляецца «генэтычна нашым», вельмі спрэчнае. Спачатку не перашкодзіла б дакладна высьветліць, ад каго ж мы паходзім. Мы можам прасачыць нашу гісторыю менш чым на дзьве тысячы гадоў назад, далей усё спрэчна. У кантэксьце чалавечага жыцьця міленіюм — гэта доўга, у кантэксьце эвалюцыі — гэта імгненьне.
Усё вышэй сказанае адносіцца і да вельмі папулярнай сёньня так званай «Палеа дыеце», аснову якой складаюць мяса, гародніна, садавіна і арэхі. Гэтая дыета мае празьмернасьць жывёльных бялкоў, што можа прывесьці да сур’ёзных наступстваў для здароўя (хваробы нырак, анкалягічныя захворваньні), асабліва калі прытрымлівацца яе на працягу доўгага часу.
У беларускіх умовах, у прынцыпе, магчыма прытрымлівацца прынцыпу «толькі лякальныя прадукты» і пры гэтым выдатна харчавацца. Аснову рацыёну ў такім разе павінны складаць арганічныя гародніна і садавіна, ягады, семкі, крупы.
У гэтым артыкуле я выказала свой пункт гледжаньня, які не прэтэндуе на поўную аб’ектыўнасьць.