На сайце Petitions.by 12 сакавіка зьявілася пэтыцыя супраць будаўніцтва хімічнай лябараторыі на менскім Лагойскім тракце, побач зь Севастопальскім паркам. На момант публікацыі пэтыцыя набрала ўжо больш за тысячу подпісаў.
У пэтыцыі жыхары менскага Зялёнага Лугу называюць свой раён «самым чыстым і зялёным» у горадзе — таму іх непакояць пляны збудаваць тут вытворчасьць акрылятных манамэраў. Вытворчасьць дадасьць выкідаў да тых, што дае шчыльны рух машын па Лагойскім тракце і вуліцы Каліноўскага, а таксама завод «Тэрмапляст», што паміж вуліцай Каліноўскага і паркам.
Адміністрацыя раёну праводзіла грамадзкае абмеркаваньне праекту ў лютым, але ў час абмеркаваньня мясцовыя жыхары, сьцьвярджаецца ў пэтыцыі, выявілі значныя парушэньні горадабудаўнічага, экалягічнага і прыродаахоўнага заканадаўства. Менчукі хвалююцца, каб улады не праігнаравалі іхныя заўвагі па праекце — а гэта, пішуць яны, «не эмоцыі, выкліканыя нежаданьнем суседнічаць з хімічнай вытворчасьцю, а абгрунтаваныя і аргумэнтаваныя довады, якія абапіраюцца на нормы дзеючага заканадаўства».
На вызначанай пляцоўцы паводле Генэральнага пляну будаваць аб’екты хімічнай прамысловасьці забаронена. Чамусьці ў плянах не разглядаюцца іншыя пляцоўкі, як то за межамі гораду.
Гэта ўжо чацьвёрты масавы пратэст супраць заводаў у Беларусі за бягучы год
Нядаўна зьбіралі подпісы супраць двух заводаў: супраць будаўніцтва заводу «Амкадор» у Калодзішчах пад Менскам падпісаліся на Petitions.by больш як 2 тысячы чалавек, супраць акумулятарнага заводу пад Берасьцем — амаль тысяча на Petitions.by (яшчэ амаль 10 тысяч подпісаў на Change.org і яшчэ амаль 40 тысяч подпісаў, сабраных на вуліцах).
На абедзьве пэтыцыі былі дадзеныя афіцыйныя адказы («праект прайшоў экалягічную экспэртызу» — на пэтыцыю пра Калодзішчы, «грамадзянскае абмеркаваньне ўжо прайшло» — пра Берасьце). Але, мяркуючы па сацсетках, адказы не задаволілі падпісантаў. Праціўнікі берасьцейскага будаўніцтва выходзілі на акцыю пратэсту, на якой «кармілі галубоў».
Праціўнікі заводу ў Калодзішчах маюць уласны сайт Stop-zavod.by, праціўнікі заводу пад Берасьцем — сайт з падобнай назвай Stopzavod.by. Памочнік Лукашэнкі паабяцаў разабрацца з будаўніцтвам пад Берасьцем.
Тым часам жыхары вёскі на Гомельшчыне падалі ў суд на цэлюлёзны камбінат і кітайскую карпарацыю. Яны патрабуюць спагнаць з адказчыкаў агулам 7,4 мільёна рублёў кампэнсацыі за шкоду здароўю й маёмасьці. Вяскоўцы сабралі зьвесткі, хто і зь якой прычыны прасіў ратунку ў службы МНС, зьвяртаўся па мэдычную дапамогу ў зьвязку з шкоднымі выкідамі новага прадпрыемства. Ёсьць таксама афіцыйныя адказы з розных дзяржаўных установаў. У адказе зь Мінпрыроды пазначана, што за пэрыяд пусканаладачных работ у атмасфэру выкінута 113,7 тоны забруджвальных рэчываў пры гадавым ліміце 5 тон.