У памежным зь Беларусьсю ўкраінскім Чарнігаве ў цэнтры гораду на Алеі герояў дэмантавалі два помнікі дзеячам бальшавіцкага рэжыму — Уладзімеру Антонаву-Аўсеенку і Мікалаю Падвойскаму.
Помнікі Ўладзімеру Антонаву-Аўсеенку і Мікалаю Падвойскаму на Алеі герояў Чарнігава дэмантавалі на пачатку гэтага тыдня. Зрабілі гэта ня ўлады, а моладзь з грамадзкай арганізацыі «Трэцяя сіла».
Нейкай заўважнай зьнешняй рэакцыі на падзею гараджане ня выявілі. Аднак зьявіліся шматлікія камэнтары на мясцовых сайтах, якія паведамілі пра Алею.
Іх падсумаваў чарнігаўскі журналіст і выдавец Пятро Антоненка ў інтэрнэт-газэце «Високий вал» у артыкуле «Нещасна Алея, нещасний народ»:
«Іх трэба дэмантаваць — усіх бальшавікоў, што ёсьць на Алеі. Добра было б рашэньне ўлады на гэты конт, але ўлада зацягвае з гэтым усім, таму моладзь сама пачала.Там ідуць яны ў рад: першы — Юры Кацюбінскі, сын пісьменьніка, далей — Антонаў-Аўсеенка і Падвойскі, якія зьнятыя, за імі — Віталь Прымакоў, Мікалай Шчорс, Мікалай Крапівянскі».
Ёсьць на Алеі герояў і іншыя ўраджэнцы Чарнігаўшчыны — генэрал-палкоўнік Міхаіл Кірпанос, камандуючы Паўднёва-заходнім фронтам, — ён загінуў у верасьні 1941 году, або ваенны штурман, двойчы Герой Савецкага Саюзу Васіль Сянько. Іх асобы пярэчаньняў у чарнігаўцаў не выклікаюць.
Іншая справа — той жа Антонаў-Аўсеенка. Ён і з Украінскай Цэнтральнай Радай змагаўся, і масавыя рэпрэсіі з войскамі ўчыняў супраць «клясавых ворагаў» і «нацыяналістаў», і баявымі атрутнымі рэчывамі ўціхамірваў збунтаваных сялян на Тамбоўшчыне. «Палымяны рэвалюцыянэр», творца беззаконьня і гвалту, Аўсеенка і сам урэшце трапіў у жорны рэпрэсіяў.
Як сьцьвярджае журналіст Антоненка, чарнігаўцы наагул толкам ня ведаюць, чаму тая ці іншая асоба трапіла на Алею герояў:
«А віною ўсяму тое, што дэмакратычныя партыі, арганізацыі не правялі за дваццаць цяць гадоў суд над камуністычным рэжымам — як зрабілі тое ў Польшчы ды Прыбалтыцы. І не тлумачылі людзям, хто й чаму знаходзіцца на Алеі. І наша прэса, радыё й тэлебачаньне да гэтага не спрычыніліся. Людзі проста ня ведаюць, хто там і што. Гэта вялікі мінус. Багата яшчэ засталося ад таталітарызму ў мэнтальнасьці людзей. То бок де-юрэ мы — незалежная дзяржава, Савецкага Саюзу няма, а дэ-факта ў галовах людзей ён яшчэ застаўся».
У некаторых камэнтарах пра знос помнікаў прыхільнікі камуністычнай ідэі выказваліся, што, маўляў, ня трэба «ваяваць» з помнікамі. Але ж бальшавікі вынішчалі ня толькі помнікі, але й цэрквы, касьцёлы, палацы. І ставілі на іх месцы сваіх бальшавіцкіх «бажкоў», хоць у тых і рукі былі па локці ў крыві. Пераназывалі гарады і вуліцы, вёскі і мястэчкі, надаючы ім імёны тых жа новых «бажкоў».
Чарнігаўскі грамадзкі актывіст Аляксандар Ясянчук выказвае й свой погляд на «рэвізію» гарадзкой Алеі герояў:
«Цяпер паміж Украінай і Расеяй ідзе неабвешчаная вайна, збройны канфлікт. І тыя „таварышы“, якія стаяць на Алеі герояў, бралі ўдзел у такой жа неабвешчанай вайне Расеі супраць Украіны ў 1918–1920 гадах. Той жа Антонаў-Аўсеенка, Падвойскі, Кацюбінскі камандавалі акупацыйнымі войскамі. Гэта людзі — сымбалі таталітарнай эпохі, сымбалі вайны. Але мы не вандалы — помнікі перададзены ў гарадзкі музэй. Ёсьць думка зрабіць асобны музэй таталітарнай эпохі».
Раней у Чарнігаве ў сквэры на праспэкце Міру павалілі помнік Леніну. На ягоным пастамэнце, па абодва бакі, цяпер каліграфічнай вязьзю выпісаныя звароты да народу Тараса Шаўчэнкі і Лесі Ўкраінкі.