Беларускія ўлады атрымалі права блякаваць ня толькі сайты з «чорнага сьпісу», але і сродкі ананімнасьці ў інтэрнэце — ананімайзэры, проксі-сэрвэры і Tor.
Такая норма зьмяшчаецца ў пастанове Апэратыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзыдэнце і Міністэрства сувязі ад 19 лютага. Пастанова тычыцца «абмежаваньня доступу да інфармацыйных рэсурсаў (іх складовых частак), разьмешчаных у глябальнай кампутарнай сетцы Інтэрнэт».
«Дзяржаўная інспэкцыя пры выяўленьні інтэрнэт-рэсурсаў, сродкаў забесьпячэньня ананімнасьці (проксі-сэрвэры, ананімныя сеткі тыпу Tor і іншыя), якія дазваляюць карыстальнікам інтэрнэт-паслуг атрымліваць доступ да інтэрнэт-рэсурсаў, ідэнтыфікатары якіх уключаныя ў сьпіс абмежаванага доступу, дадае ў сьпіс абмежаванага доступу ідэнтыфікатары гэтых інтэрнэт-рэсурсаў, сродкаў забесьпячэньня ананімнасьці», — адзначаецца ў пастанове.
Экспэрт у галіне кампутарнай бясьпекі Аляксей Чарняеў адзначыў у інтэрвію Радыё Свабода, што ўспрымае новыя абмежаваньня цалкам нэгатыўна.
«Безумоўна, гэта абмежаваньне свабоды слова ў інтэрнэце. Тэхнічна гэта зрабіць магчыма. Не на сто адсоткаў, але ў дастатковай ступені, каб адрэзаць большую частку інтэрнэт-аўдыторыі забароненых рэсурсаў. Калі казаць пра ананімайзэры, то іх можна заблякаваць як звычайны інтэрнэт-рэсурс, бо яны маюць нейкі стабільны адрас. Калі казаць пра Tor, то існуе сьпіс вузлоў, паводле якога адбываецца падключэньне карыстальніка. Бальшыня гэтых вузлоў публічна вядомыя, і іх таксама можна заблякаваць. Пасьля гэтага карыстальнік усё яшчэ мае тэхнічную магчымасьць карыстацца Tor, але для гэтага трэба рабіць дадатковыя захады: атрымліваць праз спэцыяльны е-мэйл адрас, уводзіць яго ў спэцыяльнае поле браўзэра, і тады можна ўсё ж такі далучыцца. Але зразумела, што ўсе дадатковыя захады абмяжоўваюць аўдыторыю, бо ў кагосьці ня хопіць разуменьня, у кагосьці ня хопіць матывацыі. Таму, безумоўна, у практычным сэнсе такія абмежаваньні будуць мець вынік, хаця ў тэхнічным пляне іх абыходзіць будзе ўсё ж такі магчыма», — патлумачыў экспэрт.
Безумоўна, у практычным сэнсе такія абмежаваньня будуць мець вынік, хаця ў тэхнічным пляне іх абыходзіць будзе ўсё ж такі магчыма
Па словах Чарняева, падобныя абмежаваньні можна сустрэць толькі ў такіх краінах, як Кітай або Этыёпія.
Паводле пастановы ААЦ і Мінсувязі абмежаваньне доступу будзе ўжывацца ў адносінах да сайтаў:
• уладальнікам якіх на працягу году вынесена два і больш пісьмовыя папярэджаньні Міністэрства інфармацыі;
• якія зьмяшчаюць інфармацыйныя паведамленьні і (або) матэрыялы, накіраваныя на незаконны абарот наркотыкаў, іншую інфармацыю, забароненую або абмежаваную да распаўсюджваньня ў адпаведнасьці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь, а таксама рашэньнямі суду, якія ўступілі ў законную сілу;
• уладальнікі якіх ня выканалі законнага патрабаваньня дзяржаўнага органа аб ліквідацыі парушэньняў заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб сродках масавай інфармацыі.