Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БАЖы прапануюць, каб крэдыты МВФ для Беларусі залежалі і ад свабоды ў інтэрнэце


У Беларусі застаюцца заблякаванымі шэраг сайтаў недзяржаўных мэдыяў і інтэрнэт-рэсурсаў, кіраўніцтва якіх прапануе карыстальнікам шляхі для абыходу забароны.

Па стане на 16 гадзінаў 23 сьнежня з 8 заблякаваных раней сайтаў у Беларусі заставаліся заблякаваныя 4. Гэта belaruspartizan.org, udf.by, gazetaby.com, onliner.by.

Юры Пацёмкін
Юры Пацёмкін

Пры гэтым кіраўніцтва сайтаў прымала захады, каб сайты можна было адкрыць, абышоўшы блякіроўку. Рэдактар udf.by Юры Пацёмкін паведаміў, што ім гэта ўдалося, і патлумачыў, як дзейнічаць, тым, хто хоча наведаць заблякаваныя рэсурсы.

«Гэта можна зрабіць праз любы ананімайзэр. Цяпер ёсьць шэраг розных праграмаў, якія прыстасоўваюцца да браўзэра, і няма ніякіх праблемаў. Прыкладам, я сабе паставіў браўзэр google.com — і няма ніякіх пытаньняў, каб чытаць тую ж „Хартыю“, „Беларускі партызан“ ці „Салідарнасьць“. То бок, сродкаў шмат. Трэба зайсьці на любы пошукавік, задаць пытаньне: „як абысьці блякіроўку“, заказаць пошук ананімайзэраў — вам дадуць шмат спасылак, адрасоў, па якіх можна проста знайсьці і чытаць заблякаваны сайт».

Юры Пацёмкін мяркуе, што блякіроўка сайтаў зьвязаная зь фінансавым становішчам, і пакуль даляравае пытаньне ня вырашыцца, блякіроўка будзе працягвацца. Рэдактар udf.by спадзяецца, што яе здымуць пасьля навагодніх сьвятаў, калі спадзе валютны ажыятаж.

Аляксандар Старыкевіч
Аляксандар Старыкевіч

Гэтага меркаваньня не падзяляе рэдактар інтэрнэт-газэты «Салідарнасьць» Аляксандар Старыкевіч. Паводле яго, беларускія ўлады працягваюць дзейнічаць у рэчышчы, якое вызначылася яшчэ 20 гадоў таму, калі яны пачалі ставіцца да незалежнай прэсы як да ворага. «У лепшым выпадку — церпяць, у горшым — зьнішчаюць». Фінансавы крызіс, паводле рэдактара сайту gazetaby.com, ёсьць толькі падставай для новага наступу на інтэрнэт-мэдыі ў Беларусі.

«Мяркую, што ўлады проста вырашылі прадэманстраваць, што будзе зь непаслухмянымі мэдыямі напярэдадні палітычнай кампаніі пад назвай „выбары прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь“ і ва ўмовах складанага эканамічнага становішча. То бок, альбо вы працуеце па нашых правілах, сярод якіх — выкарыстаньне толькі афіцыйнай інфармацыі, як гэта гучала на нарадзе ў Мінінфармацыі, альбо ваша дзейнасьць будзе забароненая», — лічыць Аляксандр Старыкевіч.

Паводле Аляксандра Старыкевіча, на зьмесьце сайту блякаваньне цягам трох дзён ніяк не адбілася. «Мы ня сталі менш крытычнымі што да дзеяньняў уладаў у фінансавай ці іншай галіне, ня сталі друкаваць зьвесткі, якія лічым дзяржаўнай прапагандай. Наш кантэнт не зьмяніўся. Мы зыходзім з таго, што тыя, каму наша інфармацыя патрэбная, знойдуць, як патрапіць на сайт, і працягваем працаваць дзеля іх», — запэўніў Аляксандр Старыкевіч.

Што кажуць прадстаўнікі ўладаў пра працяг блякаваньня недзяржаўных інтэрнэт-рэсурсаў? У «Белтэлекаме», дзе раней казалі пра магчымы збой абсталяваньня з-за невядомых атак праз інтэрнэт, атрымаць камэнтар не ўдалося — прэсавы сакратар «Белтэлекаму» ўзяла адпачынак, а больш ніхто камэнтаваць не бярэцца. У Міністэрстве інфармацыі слухаўку падняў кіраўнік управы электронных медыяў Уладзімер Ядранцаў.

«Не, нічога на гэты конт не скажу, бо ня маю да гэтага дачыненьня», — сказаў Уладзімер Ядранцаў.

Тым часам Беларуская асацыяцыя журналістаў на паседжаньні сваёй рады прапанавала шэраг захадаў па абароне інтэрнэт-мэдыяў. У тым ліку праўленьню БАЖ рэкамэндавана зьвярнуцца ў Менгарвыканкам па дазвол на правядзеньне масавай акцыі пратэсту супроць абмежаваньня свабоды інтэрнэту пад лёзунгам «Сёньня зьнікла свабода інтэрнэту, заўтра зьнікне каўбаса».

Таксама журналісты маюць намер распачаць грамадзкую кампанію падтрымкі заблякаваных інтэрнэт-рэсурсаў. Сярод прапаноў — зварот да міжнародных фінансавых структураў, у якіх урад Беларусі просіць грашовую дапамогу. Актывісты БАЖ мяркуюць, што згода на міжнародную фінансавую дапамогу Беларусі мусіць залежаць ня толькі ад вызваленьня палітвязьняў, але і ад стану свабоды ў інтэрнэце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG