Быў «дармаедзкі» падатак — стануць «дармаедзкія» тарыфы

Валянцін Жданко

Мой знаёмы «дармаед» Віктар пра новы прэзыдэнцкі дэкрэт даведаўся з майго тэлефанаваньня. І вельмі ўзрадаваўся, што ад яго нарэшце адчэпяцца і ня будуць больш спаганяць «дармаедзкі» збор.

Віктар жыве ў вёсцы на Гарадзеншчыне. Калісьці працаваў мэханікам у калгасе, але калі заробак там зьнізіўся меней як да ста даляраў за месяц, кінуў гэтую безнадзейную справу і падаўся на расейскія будоўлі. Звычайна ён праводзіць у Маскве і Падмаскоўі некалькі месяцаў, будуе там разам з брыгадай такіх жа гастарбайтэраў багатым расейцам катэджы, робіць рамонты ў кватэрах — потым вяртаецца дамоў на адпачынак. І так — ужо другі дзясятак гадоў запар.

У Віктара сямʼя, двое ўжо амаль дарослых дзяцей, невялікая хатняя гаспадарка. Жонка працуе настаўніцай. У раскошы сямʼя не купаецца, але і не бядуе.

Крыху астуджаю радасьць Віктара згадкай пра тое, што ад «дармаедаў» улады ўсё ж не адчэпяцца: іх зьбіраюцца прымусіць аплочваць «датаваныя дзяржавай паслугі». Але Віктара гэта ня надта турбуе.

— А якія гэта паслугі яны за мяне аплочваюць? Хата ў мяне свая. Вада — з уласнага калодзежа. За дровы і торфабрыкет плачу без усялякіх ільготаў. У нас тут у вёсцы ніякай ЖКГ увогуле няма.

Нагадваю пра адукацыю, пра мэдыцыну. Тут Віктар задумваецца.

Адна дачка ў яго вучыцца на платным аддзяленьні ў Горадні, ва ўнівэрсытэце. Другая — заканчвае школу.

Дык што, мяне цяпер за школу прымусяць плаціць?

— Дык што, мяне цяпер за школу прымусяць плаціць? А тое, што жонка ў гэтай школе дваццаць гадоў працуе — не залічыцца? Ды і з Канстытуцыі ж, здаецца, права на бясплатную сярэднюю адукацыю не выкрэсьлівалі... А што да мэдыцыны. У нашай раённай паліклініцы бясплатна можна хіба толькі ў чарзе пасядзець. Нядаўна трэба было зуб лячыць — плаціў за ўсё напоўніцу...

Увогуле, ніякіх пэўных адказаў на сапраўды балючыя для беларускага грамадзтва праблемы беспрацоўя і галечы новы прэзыдэнцкі дэкрэт не дае.

Давайце ўважліва ўчытаемся ў тэкст. Хто цяпер падпадае пад дзеяньне дэкрэту, каго будуць лічыць дармаедам? Гэта «вызначыць урад у найбліжэйшы час».

А за якія канкрэтна паслугі давядзецца плаціць «дармаедам» па максымальных тарыфах? Такі пералік складуць чыноўнікі да 1 красавіка 2018 году. А хто будзе кантраляваць, весьці ўлік, вызначаць падвышаныя тарыфы і вызваляць ад іх? Правільна, усё тыя ж чыноўнікі, а дакладней — адмыслова створаныя пастаянныя камісіі, у якія ўвойдуць дэпутаты, адмыслоўцы службы занятасьці, ЖКГ, міліцыі і г.д.

Карацей кажучы, хто пэўна не застанецца бяз справы і бяз добрых заробкаў — дык гэта чыноўнікі. І ўвесь дэкрэт — ня столькі пра «дармаедаў», колькі пра пашырэньне чыноўніцкай улады над чалавекам.

А што да «дармаедаў», то ім патрэбныя зусім не чыноўніцкія камісіі і ня іхная бурная дзейнасьць у справе складаньня ўсё новых абмежавальных сьпісаў і правілаў. Калі заробку калгаснага мэханіка Віктару будзе хапаць на тое, каб утрымліваць сямʼю — можаце быць пэўныя, ні пра якую Расею ён і думаць ня будзе. Але дзеля гэтага, напэўна, давялося б адмысловым дэкрэтам абавязаць чыноўнікаў ствараць працоўныя месцы ў калгасе, а не «адмысловыя камісіі».

Дэкрэт № 1: вольнага доступу да базы «дармаедаў» ня будзе

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.