18–19 кастрычніка ў Беларусі зь візытам знаходзіцца намесьніца памочніка Дзяржсакратара ЗША ў справах Эўропы і Эўразіі Брыджыт Брынк. Гэта ўжо трэці візыт Брыджыт Брынк у Менск: яна наведвала Беларусь у лістападзе 2015 году і ў траўні 2016-га.
Гэтым разам спадарыня Брынк сустрэлася зь міністрам замежных спраў Беларусі Ўладзімерам Макеем, а таксама з прадстаўнікамі апазыцыйных партыяў, грамадзянскай супольнасьці і праваабаронцамі. І на ўсіх гэтых сустрэчах абмяркоўваўся ўвесь спэктар двухбаковых адносін:
«Мне вельмі прыемна паведаміць, што ў хуткім часе рэжым прыпыненьня санкцыяў у дачыненьні да дзевяці беларускіх прадпрыемстваў будзе працягнуты яшчэ на 6 месяцаў пасьля 31 кастрычніка. Зьмякчэньне санкцыяў спрыяе эканамічнай незалежнасьці Беларусі, яе палітычнай незалежнасьці, сувэрэнітэту. І падчас сёньняшніх сустрэч я падкрэсьлівала, што для захаваньня таго станоўчага патэнцыялу, які ўжо назапасіўся ў двухбаковых адносінах, магчымы далейшы рух па шляху ўмацаваньня дэмакратыі і правоў чалавека. Паляпшэньне адносін пойдзе на карысьць абедзьвюм дзяржавам. Сьведчаньне таго, што адносіны палепшыліся, мы ўжо назіралі цягам году, калі былі прыпыненыя санкцыі.
За гэты час быў павялічаны штат дыпляматаў нашай амбасады, што дазволіла нам больш шчыльна працаваць у такіх кірунках, як гандлёвае супрацоўніцтва, бясьпека. Мы таксама пашырылі дыялёг у сфэрах двухбаковых адносін, якія маюць стратэгічнае значэньне для абедзьвюх дзяржаў. Па меры таго як Беларусь будзе рабіць далейшыя крокі дзеля ўдасканаленьня дэмакратыі і правоў чалавека, Злучаныя Штаты Амэрыкі захоўваюць гатоўнасьць да пашырэньня нашых двухбаковых сувязяў».
Па меры таго як Беларусь будзе рабіць далейшыя крокі дзеля ўдасканаленьня дэмакратыі і правоў чалавека, Злучаныя Штаты Амэрыкі захоўваюць гатоўнасьць да пашырэньня нашых двухбаковых сувязяў
Брыджыт Брынк таксама заўважыла, што падаўжэньне прыпыненьня санкцыяў зьвязанае ў пэўнай ступені з ацэнкай Злучанымі Штатамі парлямэнцкіх выбараў:
«Пасьля выбараў мы зрабілі заяву, віталі мірны характар правядзеньня выбараў, адзначылі пэўны прагрэс. Заўважылі таксама і тое, што ў парлямэнце ўпершыню за 12 гадоў будуць прадстаўлены альтэрнатыўныя дэпутаты. Мы спадзяёмся, што гэтыя два чалавекі ў парлямэнце будуць выкарыстоўваць свае мандаты безь перашкодаў, так, як гэта робіцца ва ўсім сьвеце.
Але мы таксама адзначалі і некаторыя сурʼёзныя праблемы, якія рабілі ўплыў на выкананьне Беларусьсю тых абавязаньняў, якія краіна брала на сябе ў пляне правядзеньня выбараў. Мы лічым, што ажыцьцявіць тыя рэкамэндацыі, якія зрабіла БДІПЧ АБСЭ, вельмі важна для паляпшэньня выбарчага працэсу».
На просьбу журналістаў пракамэнтаваць заяву Аляксандра Лукашэнкі, зробленую 11 верасьня, што ёсьць дамоўленасьць, згодна зь якой ЗША і Беларусь пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША ўрэгулююць праблему амбасадараў, Брыджыт Брынк адказала так:
«Мы разьлічваем на тое, што нармалізацыя адносін зь Беларусьсю адбудзецца. Гэта тычыцца і пытаньня абмену амбасадарамі, але гэта паступовы працэс, які, як мяркуецца, будзе ўключаць у сябе і вяртаньне амбасадараў. Я ня бачыла гэтай заявы Лукашэнкі, але я магу сказаць, што бакі падзяляюць погляд, што тычыцца нармалізацыі, паляпшэньня адносінаў. Але гэта паступовы працэс, і вяртаньне амбасадараў — адзін з этапаў».
На пытаньне, што канкрэтна ў пляне пашырэньня дэмакратыі, правоў чалавека павінен зрабіць беларускі бок дзеля таго, каб супрацоўніцтва разьвівалася далей, Брыджыт Брынк адказала, што гэта тычыцца ў першую чаргу выбарчага працэсу:
«Ёсьць шэраг рэкамэндацыяў, якія зрабіла АБСЭ, якая назірала за выбарамі. Рэкамэндацыі АБСЭ носяць, хутчэй за ўсё, доўгатэрміновы характар, яны тычацца ў першую чаргу працэсаў, але ні ў якім разе ня вынікаў выбараў. Адна з рэкамэндацыяў тычылася фармаваньня выбарчых камісіяў, каб яны былі інклюзіўныя, каб туды ўваходзілі самыя розныя людзі. Другая рэкамэндацыя палягала ў тым, каб была забясьпечана празрыстасьць працэсу падліку галасоў. Гэта толькі два прыклады, але АБСЭ распрацавала цэлы шэраг рэкамэндацыяў».