Прызначаны на мінулым тыдні міністрам культуры Юры Бондар даў дзяржаўнаму тэлеканалу СТВ першае інтэрвію на новай пасадзе.
Бондар расказаў, што толькі прыехаў з кінастудыі «Беларусьфільм», у якой адбываецца маштабная рэканструкцыя. Завяршэньне рэканструкцыі хочуць прымеркаваць да 7 лістапада — дня Кастрычніцкай рэвалюцыі. У сувязі з гэтым міністар заявіў, што «трэба мяняць стаўленьне гледача да беларускага прадукту», каб яго любілі і паважалі прынамсі таму, што ён «свой». Але да перакладаў замежных фільмаў на беларускую ён паставіўся ня так адназначна:
«Гэта выдатна, гэта нармальны рух, — казаў Бондар пра пераклады замежных фільмаў на беларускую. — Ня ведаю, наколькі гэта павінна набыць дзяржаўны маштаб, але гэтым пасьпяхова займаюцца, наколькі я ведаю, прыватныя студыі ў межах дзяржаўнага прыватнага партнэрства. Хоць ёсьць другі бок: ці маем мы права ўмешвацца ў задуму, творчую ідэю стваральніка фільму?»
Пры гэтым Бондар адзначыў, што замежныя фільмы, перакладзеныя на расейскую ў 1980-я «голасам, як з прышчэпкай на носе», сталі «часткай культуры таго часу».
Ці выказваўся Бондар за пераклад фільмаў толькі на расейскую, ці за трансьляцыю фільмаў з аўдыё на мове арыгіналу і субтытрамі на беларускай ці расейскай, ён не ўдакладніў.
Кіраўнік перакладніцкага праекту «Кінаконг» Андрэй Кім на Facebook адзначыў, што плянуе і надалей займацца перакладам фільмаў на беларускую, а да іншых камэнтароў наконт выказваньня міністра не гатовы.