Мінінфарм адабраў у Белтэлекама долі ў «Рускім радыё», «Радыё Бі-Эй» і «Космас-ТВ»

Згодна з пастановай Савету міністраў, апублікаванай (PDF) 5 кастрычніка, Мінінфарм атрымае долі «Беларускага радыётэлевізійнага перадавальнага цэнтру» ў дзьвюх радыёстанцыях і адным кабэльным апэратары.

У БРТПЦ, які ад 3 кастрычніка далучаны да «Белтэлекаму», адбяруць 34% долі «Радыё Бі-Эй» (што адпавядае ўнёску ва ўстаўны фонд 44 200 даляраў), 34% «Рускага радыё» (367,2 беларускага рубля) і 29% «Космас-ТВ Мэдыя» (58 беларускіх рублёў).

З далучэньнем БРТПЦ «Белтэлекам» фактычна стаў манапалістам у трансьляцыі эфірнага радыё і ТВ (дротавае радыё спыніла працу ў Беларусі 1 кастрычніка).

Пры гэтым «Белтэлекам» фармальна ня ёсьць інтэрнэт-манапалістам: прадаваць зьнешні трафік (з-за межаў і за межы) у Беларусі разам зь ім могуць Нацыянальны цэнтар абмену трафікам (структура Апэратыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзыдэнце) і «Беларускія воблачныя тэхналёгіі» (51% належыць НЦАТ, значная доля — расейскім бізнэсоўцам).