Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арганізатары адбору на «Эўравізію»: Пытаньні па галасаваньні адрасуйце Белтэлекаму


Пераможца беларускага адбору на "Эўравізію-2016" Ivan
Пераможца беларускага адбору на "Эўравізію-2016" Ivan

Белтэлерадыёкампанія не змагла адказаць, ці была магчымасьць накрутак у галасаваньні гледачоў. Да падазрэньняў у «накрутках» пераможца ставіцца «ніяк».

Пасьля нацыянальнага адбору на сьпеўны конкурс «Эўравізія» Аляксандар Слуцкі, дырэктар гурту Napoli, што заняў у галасаваньні другое месца, апавёў пра «накрутку» галасоў, у якой браў асабісты ўдзел. Але рэакцыі з боку арганізатараў конкурсу не было практычна ніякай.

Слуцкі назваў «сьмешнай» колькасьць галасоў за пераможцу, пратэжэ Віктара Дробыша пад сцэнічным псэўданімам Ivan, і расказаў, што пасьля таго, як раптоўна Ivan пачаў абганяць Napoli ў галасаваньні, «папрасіў нашых сваякоў працягваць галасаваць», пасьля чаго ў іх на тэлефонных рахунках засталося «мінус паўтара-два мільёна», у самога яго — «мінус два трыста». Пры цане голаса ў 4 800 рублёў гэта можа значыць, што адзін толькі Слуцкі мог адправіць каля 500 галасоў.

У прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі Свабоду запэўнілі: правядзеньем галасаваньня займалася кампанія Белтэлекам, якой і трэба адрасаваць пытаньні па галасаваньні. Арганізатары ж сумленна адлюстроўвалі падчас трансьляцыі лічбы галасаваньня, атрыманыя ад апэратара. Белтэлекам абяцаў разгледзець пытаньні пра накруткі, але ня здолеў даць апэратыўны камэнтар.

Спраўдзіць, ці дазволенае шматразовае галасаваньне з аднога нумара і ці прадугледжаныя нейкія санкцыі за накруткі, немагчыма — у правілах нацыянальнага адбору пра наяўнасьць ці адсутнасьць абмежаваньняў на колькасьць галасоў з аднаго нумара не гаворыцца. Таксама як пра іх не гаварылася падчас жывой трансьляцыі адбору.

Пра магчымасьць накрутак і процідзеяньне ім не гаворыцца і ў правілах самой «Эўравізіі». Але ў розных неафіцыйных крыніцах адзначаецца, што звачайна прымаецца ня больш за 20 галасоў з аднога нумара.

Абмежаваньне ў 20 галасоў згадваецца ў правілах аказаньня паслугі галасаваньня на «Эўравізіі» ў мінулыя гады на сайтах некаторых беларускіх мабільных апэратараў. Але пра такое абмежаваньне на нацыянальным адборы не гаворыцца.

Пытаньне да пераможцы галасаваньня пра яго стаўленьне да магчымых накрутак, у тым ліку на яго карысьць, падчас анлайн-канфэрэнцыі на сайце Белтэлерадыёкампаніі не перадалі. Але перадалі іншае, адносна блізкае па тэме, ад Сяргея зь Менску:

— Як вы ставіцеся да інфармацыі пра тое, што галасаваньне за вас было арганізаваным? Галасавалі расейскія студэнты, якія навучаюцца ў Беларусі, і атрымлівалі за кожную SMS 100 расейскіх рублёў.

— Як я магу ставіцца? Ніяк. Я прасьпяваў песьню, выступіў, мы рыхтаваліся да фіналу. 3-4 дні езьдзілі па Менску на разнастайныя тэлепраграмы, тэлешоў, этэры на радыё, была інфармацыя і ў сацсетках таксама. Потым далі вялікую прэс-канферэнцыю ў Гомелі. Мы рыхтаваліся.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG