Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў на сустрэчы зь міністрам замежных справаў Расеі Сяргеем Лаўровым, што Беларусь гатовая накіраваць міратворчы кантынгент ва Ўкраіну, перадае БЕЛТА.
«Мы гатовыя выдзеліць адпаведны міратворчы кантынгент, калі гэта будзе прымальна для ўсіх зацікаўленых краінаў, для таго, каб удзельнічаць у вырашэньні міратворчых задачаў», — сказаў Макей Лаўрову.
Макей нагадаў, што Аляксандар Лукашэнка прапаноўваў накіраваць на Данбас беларускіх міратворцаў яшчэ ў 2014 годзе. Таксама Макей падкрэсьліў, што Беларусь «гатовая зрабіць усё» для таго, каб канфлікт на Данбасе вырашыўся, а менская кантактная група па Данбасе, «як бы хто ні ацэньваў» ейную дзейнасьць, «уносіць плённы, важны ўнёсак у рэгуляваньне крызісных сытуацыяў».
Лаўроў жа адзначыў, што пазыцыя Беларусі ў дачыненьні крызісу ва Ўкраіне «адлюстроўвае і пазыцыю Расеі».
Але ў гэты ж дзень першая віцэ-сьпікер Вярхоўнай рады Ўкраіны Ірына Герашчанка заявіла, што падтрымка расейскай пазыцыі па Крыме ў галасаваньнях на Генэральнай асамблеі ААН «ідзе насуперак гучным заявам аб нэўтральнасьці». Галасаваньне Беларусі супраць рэзалюцыі аб правах чалавека ў Крыме яна назвала «нажом у сьпіну» Ўкраіне.
Расея і Ўкраіна па-рознаму бачаць міратворчую місію ААН на Данбасе
Украіна і шэраг дзяржаваў сьвету, у ліку якіх ЗША, падтрымліваюць ідэю ўвядзеньня на тэрыторыі Данбасу, акупаваныя прарасейскімі сэпаратыстамі, міратворчай місіі ААН.
Расея падтрымлівае само па сабе ўвядзеньне міратворцаў ААН, але выступае за тое, каб міратворцы разьмяшчаліся «ў месцах, дзе назіральнікі АБСЭ ажыцьцяўляюць кругласутачны маніторынг у зонах разьвядзеньня сілаў і сродкаў бакоў» (спачатку Ўладзімір Пуцін прапаноўваў, каб яны былі толькі на лініі разьмежаваньня).
Кіеў адзначае, што міратворцы могуць увайсьці ў Данбас толькі пасьля вываду сілаў Расеі і маюць быць «на ўсёй акупаванай тэрыторыі да самай расейска-ўкраінскай мяжы».
Лаўроў заявіў, як перадае ТАСС, што пазыцыя Ўкраіны па міратворцах «ня мае пэрспэктывы», бо Ўкраіна нібыта хоча «перарэзаць усе кантакты Данбасу са зьнешнім сьветам і затым усталяваць там свае парадкі, цалкам ігнаруючы менскія пагадненьні».
Міратворчая рота ў Беларусі ёсьць, але ваяваць за мяжой беларусам забаронена
У 2005 годзе ў Беларусі была сфармаваная міратворчая рота ў складзе 120-й гвардзейскай асобнай мэханізаванай брыгады, цяпер яна дысьлякуецца ў Віцебску на базе 103-й гвардзейскай асобнай мабільнай брыгады.
Пра вопыт баявых дзеяньняў міратворніцкай роты не паведамлялася, але вядома, што беларускія вайсковыя лекары удзельнічалі ў міратворчай місіі ААН у Лібане (UNIFIL).
Але менавіта ваяваць за мяжой ня ў складзе міжнародных міратворчых апэрацыяў, да якіх далучылася Беларусь, і ўдзельнічаць у замежных вайсковых фармаваньнях беларусам нельга. Тым беларусам, якія ваююць за іншыя дзяржавы (у тым ліку дабраахвотнікам, што ваююць бясплатна), паводле артыкулу 133 КК пагражае ад 3 да 7 гадоў пазбаўленьня волі з магчымай канфіскацыяй маёмасьці.