Асноўныя трэнды сусьветнага дзіцячага кнігадруку, патрапіўшы ў якія, аўтарская казка робіцца бэстсэлерам і абавязковым пунктам хатняй бібліятэкі кожнага дзіцяці, сабрала для Радыё Свабода наша аўтарка Паліна Масьлянкова.
Калі акінуць вокам кніжныя паліцы сучасных дзетак і прааналізаваць папулярныя цяпер сьпісы 100 кніг для дашкалятаў, там, апрача клясыкі, можна заўважыць мноства сучасных перакладных выданьняў папулярнага ў сьвеце фармату, якога, аднак, пакуль зусім няма ў беларускай дзіцячай літаратуры.
Кніжныя сэрыялы
Усе дзеці любяць чытаць адны і тыя ж кніжкі па сто разоў — гэта дазваляе дзіцяці пераканацца ў трываласьці навакольнага сьвету. Аднак далёка ня ўсе бацькі гатовыя па сто разоў чытаць адно і тое ж. У гэтым, відаць, і сакрэт папулярнасьці кніжных сэрыялаў: яны дазваляюць узгадніць дзіцячыя патрэбы з дарослымі магчымасьцямі. Але гаворка тут не пра кніжныя сэрыі, якіх у нашай літаратуры даволі («Нашым дзеткам», «Каляровы ровар»), а менавіта пра сэрыялы, у якіх дзейнічаюць адны і тыя ж пэрсанажы, але пры тым гэта не адна кніга з мноствам глаў, а адна гісторыя на адну кніжку са сваёй завязкай, кульмінацыяй і разьвязкай.
Кніжкі-сэрыі можна чытаць у адвольным парадку, яны не маюць нейкага лінейнага сюжэту. Гэтая адметнасьць дае чытачу выбар: з аднаго боку, не абавязвае прачытаць усе кніжкі, каб дазнацца, што будзе ў канцы, а з другога — калі адна кніжка даспадобы, то хочацца набыць усе, каб мець у хатняй бібліятэцы ўсю калекцыю. У сэрыйнасьці хаваецца і маркетынгавы ход сучаснага кнігадруку, і адметнасьць фрагмэнтарнага мысьленьня: прасьцей успрымаць тэкст невялікімі порцыямі, чым за раз праглынуць літаратурны шэдэўр.
Кніжныя сэрыялы часам маюць яскравую сэзоннасьць. Калі ў лінейцы сэрыяла ёсьць больш за 4 кнігі, то, хутчэй за ўсё, у ёй абавязкова знойдзецца зімовая або калядная кніжка, і яшчэ тры будуць проста ці ўскосна зьвязаныя са зьменамі ў прыродзе вясной, летам і восеньню. Гэтак улюбёныя героі нясуць сваім чытачам прыродазнаўчыя веды.
У топ-10 улюбёных кніг сучаснага дзіцяці гадоў 3-5 дакладна ўваходзяць хоць некалькі шматсэрыйных выданьняў пра кроціка Здэнека Мілера, груфала Джуліі Дональдсан, Пэтсана і Фіндуса Свэна Нурдквіста, Маму Му Юі і Тумаса Вісьляндэраў, мядзьведзіка Бруна Гунілі Інгвэс, бабра Кастара Лярса Клінтынга, слана Элмэра Дэйвіда Маккі, ката Шмяка і баранчыка Расэла Роба Скотана, сьвінку Алівію Яна Фэлканэра, трусікаў Жэнэўеў Юрʼе, троляў Сысэль Бё, мышку Анжэліну Кэтрын Голабэрд, Маленькага дзеда мароза Ану Штонэр і яшчэ мноства пэрсанажаў, якія вандруюць з кнігі ў кнігу ды заваёўваюць папулярнасьць і любоў сярод малечы.
Казкі ў прозе
Калі раней хітамі часьцяком станавіліся вершаваныя казкі (да прыкладу, пра слана Хортана Доктара Сьюза), то цяпер абсалютная перавага на баку прозы. Вядома, з гэтага правіла здараюцца выбуховыя выключэньні: напрыклад, творчасьць Джуліі Дональдсан. Яе кнігі сталі папулярнымі на расейскамоўным рынку дзякуючы шыкоўнаму трыа аўтаркі, мастака Аксэля Шэфлера і перакладніцы Марыі Барадзіцкай. Палюбіўшы дасьціпную гісторыю пра тое, як мышаня драпежнікаў перахітрыла выдуманым зьверам, а потым па-майстэрску правяло і плён сваіх фантазіяў, чытачы з прыхільнасьцю ставяцца і да іншых твораў паэткі, па старонках якіх вандруюць візуальныя згадкі з папярэдніх кніг (герой кнігі пра жывую галінку («Stickman» / «Человеткин») становіцца цацкай дачушкі Груфала и г.д.).
Аднак выключэньні ў гэтым выпадку толькі пацьвярджаюць правіла: папулярная аўтарская казка цяпер мае пераважна празаічную форму: «Ведаеш, як я цябе люблю?» Сэма Макбратні, «Сьнежны чалавек» Эвы Суса, «Найлепшы сьпявак у сьвеце» Ульфа Нільсана і Эвы Эрыксан ды іншыя. Казкі ў прозе вельмі хутка перакладаюцца на ўсе мовы, што спрашчае кнізе шлях да бэстсэлера.
Карцінкі перадусім
У швэдзкім кнігадруку для дзетак існуе правіла: ілюстрацыі павінны займаць тры чвэрці ўсяго развароту кнігі, а тэкст мусіць быць толькі элемэнтам кампазыцыі казачнага сьвету на старонках кнігі. Падобна, гэтага правіла прытрымліваюцца цяпер ва ўсім сьвеце. Пакуль дарослы чытае тэкст, дзіця пасьпявае разгледзець чароўныя акварэльныя ці алоўкавыя ілюстрацыі. Як правіла, за адным мастаком замацоўваецца права на ілюстраваньне ўсяго кніжнага сэрыялу, каб у чытачоў не ўзьнікала дысанансу пры сустрэчы з улюбёнымі героямі ў іншым амплюа.
Сучасныя магчымасьці выдавецтваў дазваляюць выпусьціць кнігі выдатнай паліграфічнай якасьці — настолькі, што цяпер выходзяць ня толькі шыкоўна ілюстраваныя, але нават араматызаваныя кнігі («Прыгоды козьліка Чарлі» Роджэра Рынэра і Патрыка Мэтлера).
Імя мастака, як правіла, зьмяшчаецца на вокладцы кнігі побач з аўтарам, хаця часам аўтар становіцца і зусім не патрэбны. Кнігі-карціны мастачкі Марыі Паўлавай «Ялінка, кот і Новы год», «Верабей і фокусьнік» суправаджаюцца тэкстам некалькіх аўтараў, імёны якіх пазначаныя дробным шрыфтам побач з рэдактарам і карэктарам. А ў прыгодніцкіх кнігах-казках Эрана Бэкера «Падарожжа», «Прыгода» і «Вяртаньне» тэкст наогул адсутнічае! І гэта не мастацкія альбомы, а зразумелыя малечы сюжэтныя казкі, якія разьвіваюць маўленьне і фантазію, дазваляюць дадумаць матывы і пачуцьці герояў, адчуць настрой аповеду праз мазкі, штрыхі і фарбы.
Аўтар і ілюстратар у адной асобе
Ілюстрацыя вядзе рэй у стварэньні кнігі для дашкалятаў. Гэты трэнд даў глебу для зьяўленьня цэлага шэрагу мастакоў, якія вырашылі самастойна прыдумваць гісторыі да сваіх малюнкаў: Утэ Краўзэ, Якаб Мартын Стрыд, Роб Расэл, Лярс Клінтынг, Свэн Нурдквіст, Дэйвід Маккі, Ян Фэлканэр, Эрвін Мозэр, Ліна Жутаўце, Сара Люндбэрг ды іншыя.
Вядома, і раней было шмат аўтараў, якія самі ілюстравалі свае кнігі: узяць хаця б Бэатрыс Потэр ці Тувэ Янсан. Аднак цяпер, калі ілюстрацыя займае дамінантную пазыцыю ў кнізе, супраца мастака і літаратара вымагае шчыльнейшага суаўтарства. Распадаецца пасьлядоўнасьць ад тэксту да ілюстрацыі. А паяднаньне функцыяў аўтара і ілюстратара ў адной асобе дазваляе пазьбегнуць шматлікіх супярэчнасьцяў паміж аўтарам і мастаком, якія, бясспрэчна ўзьнікаюць нават у самых гарманічных дуэтах.
Прыгоды рознага гатунку
Кожны эпізод кніг-карцінак можна жанрава апісаць як прыгоды самага рознага гатунку. Ад клясычных вандровак па лесе («Трусіныя гісторыі» Жэнэўеў Юрʼе) і па дарогах («Віта Белая Крэска» Сары Люндбэрг) да побытавых («Пэтсан і Фіндус» Свэна Нурдквіста) і тэхнічных («Муле Мэк — умелы чалавек» Георга Юхансана) квэстаў. Напрыклад, у кнігах пра Каці Джэймса Мэйхʼю дзяўчынка трапляе ў прыгоды ў карціннай галерэі і вандруе па сьвеце мастацтва праз карціны славутых мастакоў.
Сюжэт кнігі-карцінкі часам можа сягаць да дэтэктыву («Таемны агент Шмяк» Роба Скотана) ці нават блёк-бастэру («Паляваньне на ліса» Свэна Нурдквіста). Пэрсанажы кніг трапляюць у розныя сытуацыі, ладзяць пасткі, разгадваюць загадкі, дасьледуюць злачынствы, змагаюцца з монстрамі, майструюць самалёты і мэханічныя цацкі, каб пабачыць сьвет ці пацешыць сябра.
Інтэрактыўнасьць
Падчас чытаньня сучасных казак дзіцяці адводзіцца больш адказная роля, чым проста слухача. Дэталізаваныя ілюстрацыі вымагаюць уважлівага разглядваньня і пошуку дэталяў: тут адчуваецца ўплыў вімэльбухаў («Гарадок» Ротраўт Сузанэ Бэрнэр — самы яскравы прыклад) — кніг без словаў з мноствам дробных дэталяў для адсочваньня гісторыяў шматлікіх пэрсанажаў, пошуку і падліку дэталяў на старонках. Машыны, самалёты, караблі, дамы ў разрэзе дазваляюць разгледзець унутраную будову мэханізмаў (ілюстрацыі Якаба Мартына Стрыда да гісторыі пра гіганцкую грушу, малюнкі Енса Альбума да гісторыяў пра Муле Мэка).
На ілюстрацыю аказалі ўплыў усялякія разьвівальныя дапаможнікі, якіх плойма цяпер выдаецца для раньняга разьвіцьця дзіцяці. Маленькі чытач, слухаючы аповед, разам з героямі (напрыклад, з Тосяй-Босяй Ліны Жутаўце) праходзіць лябірынты, зьбірае цацкі і расстаўляе іх па палічках, знаходзіць вушкі і перамагае монстра.
Вандроўныя пэрсанажы часам узьнікаюць на старонках іншых кніг аднаго аўтара недзе на трэцім пляне ілюстрацыі — пазнаваньне герояў у новых вобразах таксама патрабуе ад дзетак інтэрактыву. Такім чынам забясьпечвае інтэрактыў і повязь сюжэтаў Аксэль Шэфлер у кнігах Джуліі Дональдсан. Часта мастакі скарыстоўваюць у ілюстрацыі прыём паралельнага сюжэту: маленькая мышка поруч з Муле Мэкам і ягонай Буфай майструе самалёцік, кузуркі ў кнізе пра Шустрыка і Цішку Эрвіна Мозэра ў калянтытуле старонкі паўтараюць за мышанятамі іхныя подзьвігі.
Дынамічнасьць аповеду
Тэкст сучаснай казкі складаецца выключна зь дзеяньняў і дыялёгаў — самых дынамічных формаў маўленьня. Аніякіх апісаньняў і лірычных адступленьняў — усё гэта ў ілюстрацыях. Калі на старонцы 2–3 радкі тэксту, то ён проста мусіць быць ляканічным, але пры гэтым несьці вельмі шмат сэнсу: «Я цябе люблю да самага месяца і назад» — фраза на разварот кнігі Сэма Макбратні «Ведаеш, як я цябе люблю?»
Дынамічнасьць праяўляецца часта і ў саміх ілюстрацыях: дзякуючы эфэкту змазанасьці перадаецца рух герояў. Самі ж героі зьяўляюцца на старонцы да 10–15 разоў у розных позах і з розным выразам твару.
Нават такія лірычныя кнігі, як, напрыклад, «Дзе мая сястра?» Свэна Нурдквіста, у якой настальгічны матыў перададзены праз дынамічны пошук-квэст, суправаджаюцца дэталізаванымі ілюстрацыямі, жвавай сюжэтнай лініяй і яшчэ парай-тройкай інтэрактыўных прыёмчыкаў, каб слухач не заснуў. Нягледзячы на тое, што пераважная большасьць бацькоў чытаюць кнігі дзеткам менавіта перад сном.
Дасьціпнасьць і гумар
Сярод сучасных папулярных выданьняў вы ня знойдзеце адкрыта маралізатарскіх кніг, няма і яскравага падзелу на дабро і зло. Часьцей пэрсанажы гісторыяўнадзяляюцца нейкімі хібамі, якія па-добраму высьмейваюцца ў казках. Тося-Бося — той яшчэ неслух, Крумкач — схільны да эгацэнтрызму, коцік Фіндус — лянотнік і шкода, троль Пайка — баязьлівец і гарэза... Аднак гэтыя героі трапляюць у розныя, часам сьмешныя жыцьцёвыя сытуацыі, зь якіх і так становіцца зразумела, што такое добра, а што такое дрэнна. Высновы застаюцца за маленькім чытачом.
Дасьціпнасьць у стаўленьні аўтара да сваіх герояў часам перадаецца ў самаіранічных фразах пэрсанажаў, у камічных сытуацыях і сьмеху дзейных асобаў. А часам дасьціпнымі выяўляюцца і самі героі: у творах Дональдсан мышаня з кнігі «Груфала», качка з кнігі «Грызун зь вялікай дарогі», зьвяры з кнігі «Верхам на мятле» вельмі кемліва ратуюцца ад нападу, што прымушае ўсьміхнуцца чытача і ўздыхнуць з палёгкай.
Пэрсанажы паўсюль
Пэрсанажы бэстсэлераў вельмі хутка выходзяць за межы кнігі. Па матывах зьяўляюцца мультфільмы ды іншыя пастаноўкі, выдаюцца сшыткі, дзёньнікі і разьвівайкі, распрацоўваюцца настольныя гульні, ставяцца спэктаклі і ранішнікі.
Улюбёныя пэрсанажы зьяўляюцца на дзіцячай вопратцы, заплечніках, зубных пастах і шчотках. Вядома, заўжды можна набыць сабе і цацку ці то ката Шмяка, ці то бабра Кастара, ці то слана Элмэра. Масавая культура вельмі хутка ловіць трэндавыя тэмы і трансьлюе іх у прадметах побыту.
Што да саміх пэрсанажаў, сярод іх часам узьнікаюць розныя выдуманыя істоты кшталту зокаў, покаў і мінэмотаў, але часьцей у кнігах дзейнічаюць простыя і зразумелыя каты, сабакі, парсючкі, каровы, мышы, жабы, куры, сланы і бабры.
Цьвёрдая форма
Сучасныя кніжныя сэрыялы часьцей за ўсё выдаюцца ў цьвёрдай вокладцы альбомнага або кніжнага фармату А4. Усе кнігі сэрыі заўжды маюць падобны дызайн вокладкі і мастацкае афармленьне. Абʼём багата ілюстраваных кніг для дашкалятаў рэдка перавышае 30–40 старонак. Зь цягам часу могуць узьнікаць кішэнныя або кардонныя варыянты папулярных выданьняў ці, наадварот, поўнафарматныя тэкставыя сэрыі для малодшых школьнікаў.
А што ў нас?
Некаторыя намёкі на зьяўленьне кніг падобнага фармату ў Беларусі ўжо ёсьць. Найперш гэта, вядома, выданьне перакладных кніжных сэрыялаў пра Маму Му, Пэтсана і Фіндуса, Віту Белую Крэску, жывёлак на Сонечнай Фэрме ды мумітроляў. «Сьнежны чалавек» Эвы Сусы стаўся кніжным сэрыялам акурат дзякуючы беларуска-швэдзкаму літаратурнаму супрацоўніцтву. Гэта заклала асновы выданьня кніг добрай паліграфічнай якасьці ў нашай краіне.
І вось ужо выйшлі кнігі «Баваўняная дзяўчынка» Дарʼі Вашкевіч з ілюстрацыямі Алены Медзяковай і «Мяне завуць Лахнэска» Алены Маслы з малюнкамі Аксаны Аракчэевай — першыя ластаўкі ў выданьні кніг падобнага фармату. Ходзяць чуткі, што Алена Масла піша працяг, а значыць, гісторыя пра апалоніка Апалёна і пачварынку Лахнэску можа ператварыцца ў першы беларускі кніжны сэрыял для дашкалятаў, выдадзены на належным узроўні.
Вядома, нешта ёсьць і цяпер. Напрыклад, Шубуршун Алеся Карлюкевіча з рэгулярнасьцю сэрыялаў зьяўляецца на паліцах кнігарняў, аднак афармленьне гэтых гісторыяў яшчэ вельмі далёкае ад сучаснага трэнду.
Што да мастакоў, то яны яшчэ пакуль не зусім рвуцца пісаць тэксты да сваіх карцін і выдаваць у выглядзе кнігі. Выключэньне складаюць хіба Надзя Бука, якая напісала і праілюстравала кнігу «Бася і Піглас», і Ганна Сілівончык, якая прыдумляе тэксты да сваіх карцін.
Аднак пакуль усё адно пошук беларускіх кніг для дашкалятаў, прынамсі, з малюнкамі на кожным развароце застаецца няпростай задачай для дарослых. І хто бліжэйшым часам возьме 10 трэндавых інгрэдыентаў і замяшае кніжны бэстсэлер для дзетак па-беларуску, гэта пытаньне.