Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Топ-20 прыватных дзіцячых садкоў Менску


Калі ты жывеш у спальным раёне, дзе новабудоўлі растуць як грыбы, і пры гэтым гадуеш дзіця, то трапіць у садок каля дома, дзе і без таго 35 дзетак у групе, амаль нерэальна. А нават калі і трапіш, то адвечныя хваробы і савецкія мэтады выхаваньня часам прымушаюць бацькоў забіраць дзетак дадому і забясьпечваць ім хатняе выхаваньне або шукаць іншых шляхоў сацыялізацыі дзіцяці.

У пошуках прыватнага садка для сваёй дачкі Паліна Масьлянкова склала рэйтынг, куды трапілі тыя садкі, цэнтры і клюбы, якія прымаюць дзетак на поўны дзень, а значыць, маюць для гэтага ўсё неабходнае: кваліфікаваны пэрсанал, матэрыяльную базу, адпаведнае памяшканьне, уласную кухню, спальныя месцы і агароджаную тэрыторыю для прагулак.

1. Global Child

Адрас: Менск, вул. Браніслава Тарашкевіча, 6.

Сайт: gcc.by

Global Child
Global Child

У прэстыжным клюбе Global Child, апрача розных курсаў і праграмаў, ёсьць альтэрнатыва дзіцячаму садку, у якім дзіця разьвіваецца на дзьвюх мовах — расейскай і ангельскай — ня толькі на занятках, але і ў побыце. У садочку ўсяго каля 25 чалавек, разьбітых на групы па 5-7 чалавек паводле ўзросту. У час глябалізацыі вельмі важна выхаваць у дзіцяці цікаўнасьць да ўсяго на сьвеце, лідэрскія навыкі і ўменьне працаваць у камандзе, асацыятыўнае мысьленьне і здольнасьць успрымаць інфармацыю, творчыя памкненьні і жаданьне спазнаваць нешта новае. Дасьведчаныя пэдагогі вучаць дзяцей разбураць бар’еры камунікацыі, мець актыўную пазыцыю і пераадольваць страхі праз гульні, спартовыя спаборніцтвы, творчыя заняткі, танцы, сьпевы і тэатральныя пастаноўкі.

Кошт: 80 эўра — клюбная карта, 850 эўра на месяц.

2. «Зялёны ўзгорак»

Адрас: Менск, 1-я Базісная вул., 33.

Сайт: green-hill.by

Дзіцячы садок «Зялёны ўзгорак» — установа элітная, бо кошт і прапанаваныя паслугі, інтэр’ер і экстэр’ер — усё на вельмі высокім узроўні. Праграма садка мае тры асноўныя складнікі: акадэмічны, творчы і здароўезьберагальны. З акадэмічнага боку тут займаюцца разьвівальнымі гульнямі, паглыбленым вывучэньнем ангельскай мовы, разьвіцьцём маўленьня, лёгікі, абстрактнага мысьленьня. У межах падрыхтоўкі да школы пэдагогі разьвіваюць асабістую, матывацыйную і валявую гатоўнасьць дзіцяці да атрыманьня ведаў. З творчых актыўнасьцяў у праграму ўключана музыка і сьпевы, танцы і тэатар, традыцыйныя і нестандартныя тэхнікі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. З боку фізычнага здароўя садок прапануе актыўныя заняткі фізкультурай і плаваньнем, фіта-бар, ароматэрапію, кіслародныя кактэйлі, жамчужныя ванны, індывідуальныя заняткі зь лягапэдам і псыхолягам. У садку плянуецца 2 групы па 12 чалавек.

Кошт: 790 эўра.

3. «Елісеевы палі»

Адрас: Сеніца, Цьвяточная вул., 45.

Сайт: elispolya.by

Дзіцячы садок «Елісеевы палі» унікальны ў сваім родзе, бо яго заснавальніца Алена Мяшкова задумала стварыць ідэальны дзіцячы садок для свайго сына Елісея, калі яшчэ насіла яго пад сэрцам — і стварыла, пачынаючы ад першай цаглінкі ў падмурку будынка і заканчваючы апошнім заключэньнем санстанцыі, калі сыну споўнілася 3 гады. У садочку 4 групы па 10 чалавек. Тут імкнуцца даць дзецям усё, што неабходна для гарманічнага разьвіцьця: ад дэкаратыўна-прыкладной творчасьці, музыкі, харэаграфіі, спорту да ангельскай мовы, граматы, матэматыкі, лёгікі, а таксама заняткі зь лягапэдам і псыхолягам — каб бацькі, аддаўшы за садок круглую суму, не былі вымушаны ўвечары весьці дзіця яшчэ на гімнастыку ці ў школу мадэляў. Тут прадумана кожная дэталь — як у інтэр’еры, так і ў экстэр’еры, а таленавітыя пэдагогі ды іншы пэрсанал робяць усё магчымае, каб «Елісеевы палі» сапраўды сталі ідэальным дзіцячым сьветам ня толькі для Елісея, але і для іншых шчасьліўчыкаў.

Кошт: 600 эўра на месяц.

4. «Кей-Эс-Ві»

Адрас: Менск, Заслаўская вул., 15.

Сайт: ksv.schools.by

Гэта садок, заснаваны на сучасных мэтодыках выхаваньня і навучаньня, дзе дзіця адчувае сябе часткай вялікай і дружнай сям’і, а ўвесь адукацыйны працэс адкрыты для бацькоў. Праграма робіць акцэнт на разьвіцьці маўленьня, лёгікі і элемэнтарных матэматычных уяўленьняў, азнаямленьні з мастацкай літаратурай, навучаньні чытаньню і пісьму, эстэтычным і фізычным выхаваньні, псыхалягічнай падрыхтоўцы дзіцяці да школы. Тут адна рознаўзроставая група ад 3,5 да 6 гадоў да 18 чалавек, заняткі праходзяць па падгрупах. Выпускнікі садка могуць працягнуць сваё навучаньне ў пачатковай школе, якая разьмешчана ў гэтым жа будынку.

Кошт: 640 даляраў на месяц.

5. «Совушка»

Адрас: Менск, Цна, вул. Сасновы Бор, 46А.

Цнянка, Спартыўная вул., 15.

Сайт: sovushka.by

Дзейнасьць дзіцячага клюбу «Совушка», які месьціцца па двух адрасах у Цьне і ў Цьнянцы, заснавана на раскрыцьці індывідуальных здольнасьцяў дзіцяці, разьвіцьці свабоднай творчай асобы. У садку 3 групы па 5-6 чалавек, аб’яднаных па ўзросьце, узроўні разьвіцьця і зацікаўленьнях. Часам малодшыя і старэйшыя дзеткі аб’ядноўваюцца для набыцьця навыкаў сацыялізацыі: старэйшыя вучацца клапаціцца пра малодшых, малодшыя цягнуцца за старэйшымі. У кожнага пэдагога свая сыстэма і індывідуальны падыход да кожнага выхаванца.

Кошт: 600-700 даляраў на месяц (у залежнасьці ад філіялу і абранай сыстэмы аплаты).

6. «Давайце расьці»

Адрас: Менск, Цнянская вул., 8.

Сайт: kinders.by

​У садку «Давайце расьці» няма бясконцых забаронаў і ціску на маленькага чалавека. Тут навучаньне злучана з гульнёй, створана атмасфэра для паўнавартаснага разьвіцьця асобы. У чатырох узроставых групах заняткі праходзяць па ўласных праграмах (ад 2 да 8 чалавек у падгрупе). Напрыклад, у ясельнай групе «Сьветлячкі» няма жорстка рэглямэнтаванага навучаньня, але максымальна забясьпечана рухальная актыўнасьць і разьвівальны прадметны асяродак, які актывізуе мысьленьне, уяву, пошукавую дзейнасьць. У эмацыйна значных сытуацыях дзеці авалодваюць маўленчымі, творчымі, фізычнымі навыкамі, якія дапамагаюць ім у сацыялізацыі і камунікацыі з раўналеткамі. Асаблівая ўвага надаецца эстэтычнаму разьвіцьцю: маляваньне, лепка, аплікацыя, канструяваньне, музыка і рух — для дзіцяці даступны ўсе творчыя актыўнасьці.

Кошт: 550-600 эўра на месяц.

7. «Дзіця будучыні»

Адрас: Менск, Камуністычная вул., 19.

Бараўляны, Лескаўка, Цэнтральная вул., 52А.

Сайт: detsadrb.by

​Садок, які выхоўвае дзяцей будучыні, прапануе шырокі спэктар паслугаў: ад навучаньня чытаньню і пісьму па кубіках Зайцава, заняткаў у пакоі Мантэсоры, тэатральна-танцавальна-музычнай дзейнасьці, ангельскай мовы, мастацкай творчасьці да кансультацый дэфэктоляга, індывідуальных заняткаў, фізіяпрацэдураў, плаваньня і шахматаў па-беларуску. Тут таксама ёсьць школа выходнага дня «Лясковачка», дзе тыя ж паслугі могуць атрымаць дзеткі, якія ня ходзяць у садок на пастаяннай аснове. У філіялах садка па 2 групы: малодшая (3-4,5 гады) і старэйшая (4,5-6 гадоў); на Камуністычнай у групе 12-13 дзяцей, а ў Бараўлянах — 8-9.

Кошт: 600 даляраў на месяц.

8. «Маленькі прынц»

Адрас: Менск, Заслаўская вул., 14.

Менск, Цнянка, Спартыўная вул., 17.

Сайт: sadik.by, lprince.by

У садочку «Маленькі прынц» працуюць пэдагогі, якія адказваюць за тых, каго прыручылі. Тут абдымаюцца пры сустрэчы, бяруць на ручкі, вядуць у групу. Заняткі праходзяць паводле аўтарскай праграмы энцыкляпэдычных ведаў «Рэха», выкарыстоўваюцца некаторыя напрацоўкі «Пралескі», «Дзяцінства», «Школы 2100». Апрача гэтага, у індывідуальным парадку пэдагогі вучаць дзетак чытаць і пісаць, а лягапэд і псыхоляг праводзяць карэкцыйна-разьвіцьцёвыя заняткі. Тут займаюцца ўласнымі тэатральнымі пастаноўкамі, а таксама наведваюць зь дзеткамі тэатры, музэі, выставы і канцэрты. У садку на Заслаўскай 2 групы па 20 чалавек (3-5 і 5-7 гадоў), заняткі праводзяцца па падгрупах. У садку ў Цнянцы (у групах па 12 чалавек) абраны лінгвістычны кірунак: тут праходзяць заняткі з носьбітамі мовы, ужываюцца аўдыё- і відэаматэрыялы, а таксама тэхналёгія English Day, калі ўсе выхавацелькі з выхаванцамі і бацькамі камунікуюць выключна па-ангельску.

Кошт: 600 даляраў на месяц (існуе сыстэма зьніжак).

9. «Апельсін»

Адрас: Сеніца, вул. Багдановіча, 3.

Сайт: apelsin.by

Аснову для пасьпяховага навучаньня і выхаваньня ў садочку «Апельсін» складае ўтульная атмасфэра, арыентацыя на індывідуальныя адметнасьці дзіцяці, захаваньне здароўя і загартаваньне дзяцей, разьвіцьцё творчай асобы, выкарыстаньне сучасных мэтодык і тэхналёгій, задавальненьне натуральнай патрэбы дзіцяці ў гульні. У садочку ёсьць свой лягапэд і псыхоляг, пэдыятар і мэдсястра, а таксама кабінэт фізіяпрацэдур. Да адукацыйнага працэсу прыцягваюцца ня толькі выхавальнікі, але і вузкаспэцыяльныя пэдагогі: выкладчыкі ангельскай мовы, музыкі, харэаграфіі, акторскага майстэрства, выяўленчага мастацтва і фізычнай культуры. Штогод «Апельсін» набірае ў ясьлі (2-3 гады) да 6 чалавек, малодшую групу (3-4 гады) да 10 чалавек, сярэднюю групу (4-5 гадоў) да 10 чалавек, старэйшую групу (5-7 гадоў) да 12 чалавек. «Апельсін» — гэта ня толькі садок, але і пачатковая школа, і летнік, і «Ангельскі клюб», і фотагурток «Вачыма дзяцей».

Кошт: 600 даляраў на месяц.

10. «Эка-эл»

Адрас: Ждановічы, Сонечная вул., 9а.

Сайт: eco-el.schools.by

«Эка-эл» — гэта прыватная сярэдняя школа, якая пачынаецца зь дзіцячага садка, з самых маленькіх яе выхаванцаў. Тут прымаюць дзетак з трох да сямі гадоў і дзеляць іх на тры ўзроставыя групы: «Чамучкі», «Непаседы», «Фантазёры», у падгрупах па 8 дзетак. Навучаньне тут заснавана на інтэграваным курсе пазнавальных заняткаў і творчых гурткоў. Шахматы, басэйн, харэаграфічная і тэатральная студыі, ангельская і нямецкая мовы, кулінарная школа і творчая майстэрня — гэта далёка ня ўсё, што прапануе садок «ЭкаэЭл». На сайце можна пабачыць ня толькі мэню, але і пляны праектнай дзейнасьці для кожнай групы: як тая ці іншая тэма вывучаецца і асэнсоўваецца па кніжках, карцінках, назіраньнях за прыродай, увасабляецца ў малюнках, аплікацыях ды іншых творах.

Кошт: 550 эўра на месяц.

11. «Крыніца»

Адрас: Калодзішчы, Брэсцкая вул., 28.

Ратамка, Падгорная вул., 22.

Сайт: istok-club.by

Гэта хатні дзіцячы клюб, у якім дзеткі адчуваюць сябе як дома. Сюды можна прыходзіць на некалькі гадзінаў, на канкрэтныя імпрэзы альбо стаць часткай гэтага дома. На дадзены момант у Калодзішчах адна рознаўзроставая група ад 2 да 7 гадоў, максымум 10 чалавек. У штаце пяцёра чалавек (каардынатар, 3 выхавацелі і кухар), а таксама чацьвёра пэдагогаў па музыцы, творчасьці, канструяваньні і ангельскай мове, якія прыяжджаюць у клюб раз на тыдзень. Выхавацелі з выхаванцамі ладзяць розныя імпрэзы і сьвяты, ходзяць у паходы і на пікнікі. Садок абапіраецца на вальдорфскую пэдагогіку з акунаньнем у творчасьць і блізкасьць да прыроды. Тут лічаць, што адукаваць дзіця па матэматыцы, грамаце і пісьму ня так істотна, як абудзіць у яго цікаўнасьць да спазнаньня. Экалягічна чыстыя прадукты і хатняя кухня, цацкі з прыродных матэрыялаў, кнігі, якія абуджаюць фантазію, натхненьне, інтарэс да жывёльнага і расьліннага сьвету, музычныя інструмэнты і звычайныя побытавыя рэчы — усё задзейнічана ў выхаваўчым працэсе. Сёлета адчыніўся філіял «Крыніцы» ў Ратамцы, а значыць, яшчэ на адзін садок, у якім дзеці пачуваюцца як дома, стала больш.

Кошт: Аплата пагадзінная, то бок за фактычна наведаныя гадзіны (пропускі аплочваць ня трэба). 1 гадзіна — 50 тысяч рублёў. На поўны дзень (10 гадзін) 450 тысяч рублёў. Ёсьць магчымасьць пакідаць дзетак на вечар, ноч і выходныя дні (65 тысяч у гадзіну). У пераліку за 22 наведаныя поўныя дні на месяц атрымліваецца 550 даляраў.

12. «Дзеткі-канфеткі»

Адрас: Бараўляны, вул. Рачная, 2/2.

Сайт: detkikonfetki.org

Месяц таму адбылося ўрачыстае адкрыцьцё яшчэ аднаго прыватнага садка — на гэты раз у Бараўлянах. У садочку дзьве групы з салодкімі назвамі «Карамэлькі» (5-6 гадоў) ды «Ірыскі» (3-4 гады), у групе да 12 чалавек. Садок прапануе, апрача стандартных музычных, творчых, спартовых і агульнаадукацыйных заняткаў, індывідуальныя заняткі з лягапэдам і выкладчыкам ангельскай мовы. Гэты садок абіраюць за магчымасьць прыбываньня дзяцей па індывідуальным графіку, кансультаваньне бацькоў па пытаньнях разьвіцьця дзяцей, невялікую напаўняльнасьць групаў, незвычайныя майстар-клясы і сьвяты, тэматычныя тыдні і рознаўзроставае ўзаемадзеяньне дзяцей.

Кошт: 500 даляраў на месяц.

13. «Хогвард»

Адрас: Менск, Утульная вул., 15.

Сайт: chastnyy-detskiy-sad-hogvard.html

Садок з гучнай назвай «Хогвард» знаходзіцца ў вельмі ўтульным месцы Менску — на катэджнай вуліцы Ўтульнай, непадалёк ад лесапарку Мядзьведжына. Пляцоўка тут абсталявана арэлямі і горкамі, ёсьць цэлая вэранда з аўтапаркам і стэляжамі цацак для вуліцы. Выхавацелькі ўсе зь вялікім досьведам: спраўна шыхтуюць малечу па парах, умела разрульваюць канфлікты і хутка супакойваюць дзетак. У малодшай (3-4 гады) і старэйшай (5-6 гадоў) групах па 16-18 чалавек, але заняткі па матэматыцы, лёгіцы, шахматах, ангельскай мове і каратэ праходзяць па падгрупах. Ёсьць басэйн з выездам у дзяржаўны садок — за асобную плату. Чацьвер тут — дзень беларускай мовы.

Кошт: 500 даляраў на месяц.

14. «Тата Ліс»

Адрас: Менск, пр. Пушкіна, 31а.

Сайт: papa-lis.chatoff.by

​У садок «Тата Ліс» ходзяць дзеткі ад двух да сямі гадоў у рознаўзроставую групу да 20 чалавек, а заняткі вядуцца па падгрупах па 4-5 чалавек. У залежнасьці ад узросту дзеці займаюцца музыкай, танцамі, сьпевамі, спортам, канструяваньнем, мастацтвам, шахматамі, беларускай і ангельскай мовамі, пісьмом і чытаньнем па кубіках Зайцава, матэматыкай, разьвязаньнем вынаходніцкіх задачаў і азнаямленьнем з навакольным сьветам. У садку ёсьць лягапэд, басэйн і саўна. Гэты гарадзкі садок адметны тым, што ўлетку дзеці адпачываюць і займаюцца ў загарадным катэджы ў лесе ля Менскага мора ў Ратамцы.

Кошт: 495 даляраў на месяц.

15. «Рамонак»

Адрас: Драздова, Цэнтральная вул., 66.

Тарасава, Заслаўская вул., 48.

Сайт: ramonak.by

У садочках «Рамонак» пэдагогі імкнуцца захоўваць балянс паміж інтэлектуальным, творчым і фізычным разьвіцьцём сваіх выхаванцаў, карыстаючыся напрацоўкамі вальдорфскай пэдагогікі, мэтодыкі Зайцава, Нікіціных, Мантэсоры. Для выхаваньня гарманічна разьвітай асобы тут займаюцца спазнаньнем навакольнага сьвету, вывучэньнем ангельскай і беларускай моваў, выяўленчай і тэатральнай дзейнасьцю, практычнай матэматыкай, шашкамі і шахматамі, арт- і казкатэрапіяй, гімнастыкай і плаваньнем. Дадаткова «Рамонак» прапануе дзіцячы масаж ды цырульню, конныя прагулкі ды ігру на фано, дзіцячыя сьвяты ды кансультацыі псыхоляга. Тут 4 групы па 5-10 чалавек у залежнасьці ад узросту, на кожную групу прыходзіцца па 2-3 спэцыялісты.

Кошт: 490–520 даляраў на месяц (індывідуальны падыход — аплата можа быць зьніжана за кошт адмовы ад гурткоў і басэйну).

16. Magikland

Адрас: Менск, зав. Багдановіча, 26.

Сеніца, вул. Бэзавая, 18.

Сайт: magikland.by

Клюб маленькіх чараўнікоў прымае дзетак ад 1,5 да 7 гадоў у групы ад 5 да 12 чалавек у залежнасьці ад узросту. Прафэсійныя пэдагогі ствараюць максымальна камфортны асяродак для паўнавартаснага і гарманічнага разьвіцьця, раскрываюць разумовы і творчы патэнцыял дзіцяці. На занятках па грамаце, матэматыцы, навакольным сьвеце, выяўленчым мастацтве, музыцы, танцах, тэатральнай дзейнасьці дзіця засвойвае новыя веды і ўменьні, разьвівае фантазію і імкненьне да самавыяўленьня ў творчасьці. У садочку праводзяцца цудоўныя сьвяткаваньні ўрачыстасьцяў, поўныя сюрпрызаў і чараўніцтва.

Кошт: 490–520 даляраў на месяц.

17. «Камарык»

Адрас: Ждановічы, Вішнёвая вул., 12.

Сайт: komarik-minsk.by

Некалькі месяцаў таму пад Менскам адчыніўся дзіцячы садок па сыстэме доктара Яўгена Камароўскага. У групах тут падтрымліваецца здаровы мікраклімат, неспрыяльны для распаўсюджаньня бактэрый і вірусаў: частыя праветрываньні, нізкая тэмпэратура (18-20°) і высокая вільготнасьць (60%), адсутнасьць дываноў, канапаў і мяккіх цацак-пылазборнікаў. Тут не падмяняюць гульнёвы працэс адукацыйным: выхавацелькі жыва ўцягваюць сваіх выхаванцаў у ролевыя гульні, тэатралізаваныя шоў, творчыя пасядзелкі і кулінарныя подзьвігі. Калі адну і тую ж забаву можна правесьці на вуліцы ці ў памяшканьні, перавага аддаецца гульням на вольным паветры: нават у дождж дзеткі выходзяць на двор — у гумовых ботах і пад парасонамі. У садку ёсьць лягапэд і выхавацелька, якая заўсёды размаўляе толькі па-ангельску. У садку плянуецца 3 групы па 6-7 чалавек: ясельная (1,5-2 гады), малодшая (2-3 гады) і старэйшая (4-6 гадоў).

Кошт: 450 даляраў на месяц. Першы тыдзень — бясплатна.

18. «Альтэрнатыва»

Адрас: Менск, вул. Рафіева, 30.

Сайт: alt-school.by

У прыватны садок «Альтэрнатыва» прымаюць дзетак ад 2 да 5 гадоў і падзяляюць іх на групы: ясельная (2-3 гады), малодшая (3-4 гады), сярэдняя (4-5 гадоў) і старэйшая (5-6 гадоў) да 10-12 чалавек у групе, а потым ахвотныя могуць працягнуць навучаньне ў школе «Альтэрнатыва». Навучаньне заснаванае на праграме «Пралеска», тэорыі разьвязаньня вынаходніцкіх задачаў і разьвіцьця творчага ўяўленьня Зайцава, праграме вывучэньня ангельскай мовы Мешчараковай, а таксама на аўтарскіх мэтодыках пэдагогаў садка. Навучаньне праходзіць у выглядзе комплексных заняткаў, дзе адна і тая ж тэма раскрываецца праз разьвіцьцё маўленьня, выяўленчае мастацтва, музыку ды іншыя формы ўспрыняцьця. У садочку шмат увагі надаецца псыхалягічнаму разьвіцьцю дзіцяці: узбагачэньню эмацыйных рэсурсаў, камунікацыйных магчымасьцяў, фармаваньню станоўчай самаацэнкі, упэўненасьці ў сабе, павышэньню ўвагі да іншых, згуртаваньню дзіцячага калектыву, разьвіцьцю гульнёвай дзейнасьці. Таксама пэдагогі імкнуцца да гармоніі ў фізычным (здаровы лад жыцьця, гігіена, спорт), пазнавальным (кругагляд, маўленьне, літаратура, матэматыка) і эстэтычным (маляваньне, лепка, аплікацыя, музыка) разьвіцьці сваіх выхаванцаў.

Кошт: 400 эўра на месяц. Першыя тры дні бясплатна.

19. «Шчасьлівыя дзеткі»

Адрас: Ждановічы, Беларускі зав., д. 7.

Сайт: happy_kids_minsk

Нядаўна адчыніўся яшчэ адзін прыватны садок у Ждановічах, які наведваюць шчасьлівыя дзеткі 2,5-5 гадоў. У праграму ўключана толькі тое, што, на думку заснавальнікаў, напраўду патрэбна дзіцяці ў дашкольным узросьце: заняткі зь лягапэдам і выкладчыкам ангельскай мовы, творчая студыя і разьвіцьцёвыя гульні з элемэнтамі мэтодыкі Мантэсоры. У суполцы «Ўкантакце» рэгулярна выкладваюцца падрабязныя фотасправаздачы заняткаў і гульняў — дадатковая магчымасьць для бацькоў быць далучанымі да жыцьця дзіцяці падчас працы.

Кошт: 390 даляраў на месяц. Першыя тры дні — бясплатна.

20. «Лесавічок»

Адрас: Вялікае Сьціклева, 2-гі завулак, 7а.

Хатні дзіцячы садок «Лесавічок», які раней месьціўся ў Калодзішчах, цяпер пераехаў у Вялікае Сьціклева і стаў некамэрцыйнай ініцыятывай: аплата тут невялікая і празрыстая для бацькоў. Тут не прапануюць абавязковага навучаньня чытаньню і пісьму, бо лічаць, што дзіця павінна найперш адаптавацца ў соцыюме, нагуляцца ў дзяцінстве і сьвядома падысьці да наступнага кроку — да ведаў. Выхаваньне заснавана на вальдорфскай мэтодыцы. У садочку прапануецца шмат фізычных і творчых актыўнасьцяў (у панядзелак — лепка, у аўторак — жывапіс, у сераду — спорт, у чацьвер — кулінарыя, у пятніцу — музыка і сьпевы), асноўная мэта — каб дзіця знайшло сабе занятак па душы. На кухні перавага аддаецца натуральным прадуктам: хлеб, печыва, сочыва, марозіва, ёгурты — усё гэта робіцца ўласнаруч разам зь дзеткамі. У «Лесавічку» адна рознаўзроставая група ад 3 да 7 гадоў, у групе 15 чалавек.

Кошт: 350 даляраў на месяц (330 за першы месяц).

Р.S. Усе кошты прыведзены выключна для даведкі (на лістапад 2015 году), аплата адбываецца ў беларускіх рублях па адпаведным курсе на дату аплаты. Фота ўзяты з архіваў прыватных дзіцячых садкоў і клюбаў Менску.

Паліна Масьлянкова
для Радыё Свабода

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG