Аляксандар Лукашэнка плянуе пабудаваць новы завод па вытворчасьці легкавых аўтамабіляў «БелДжы», зрабіць гэтае аўто «блізкім да народнага».
Пры вытворчасьці гэтага аўтамабіля Лукашэнка паабяцаў выкарыстоўваць беларускі вопыт і беларускія напрацоўкі.
«Мая мара, каб мы мелі ня толькі вытворчасьць велікагрузных аўтамабіляў, грузавых, сярэдняй грузападымальнасьці, трактароў, але і легкавых аўтамабіляў, блізкіх да народнага, каб наша краіна магла забясьпечваць патрэбнасьці юрыдычных і фізычных асоб ва ўласных легкавых аўтамабілях», — сказаў Лукашэнка.
Ён адзначыў, што цяпер завод будуецца з удзелам кітайскага крэдыту. Плянуецца, што з запускам першай чаргі тут будзе выпускацца ў год да 60 тысяч аўтамабіляў, і 120 тысяч — з запускам другой чаргі.
Экспэрт аўтамабільнага рынку, рэдактар штотыднёвіка «Аўтадайджэст» Анатоль Шаўчэнка ў інтэрвію Радыё Свабода заявіў, што сытуацыя складваецца неадназначная з пункту гледжаньня рэнтабэльнасьці праекту.
«Geely ў гэтым годзе ўжо прызнаны самым народным у Кітаі, аднак маштабы краіны зусім іншыя. Першае, у што мы будзем упірацца, — гэта тое, што вырабляць 1–2 тысячы аўтамабіляў у год нікому не цікава, таму што ў такім выпадку сабекошт аўтамабіля будзе вельмі высокі. Калі ня будзе экспарту за мяжу, то завод загнецца. Асноўны рынак збыту сёньня — Расея. І Расея будзе імкнуцца зрабіць так, каб гэтыя аўтамабілі туды ня трапілі — я ня думаю, што ў сёньняшняй сытуацыі Расеі патрэбныя нейкія заежджыя аўтамабілі, каб з краіны сыходзілі грошы», — кажа экспэрт.
Шаўчэнка ўпэўнены, што зрабіць «БелДжы» «народным аўтамабілем» будзе вельмі складана, улічваючы цяперашні ўзровень даходаў насельніцтва:
«Народны аўтамабіль павінен быць даступным, а даступным ён будзе толькі тады, калі кошт будзе дазваляць яго купіць сям’і зь сярэднім дастаткам. Сёньня вы ведаеце, як упаў дастатак у кожнай сям’і, і купляць народны аўтамабіль пры цяперашнім узроўні цэнаў ніхто не сьпяшаецца. Калі ён будзе каштаваць па 5–6 тысяч (у чым я сумняваюся), тады ён стане народным. А па цане 9–10 тысяч ён наўрад ці будзе такім. Калі будуць адміністрацыйным мэтадам укараняцца аўтамабілі ад „БелДжы“ ўнутры краіны, то на нейкі час гэта дасьць эфэкт. Але эфэкт, на мой погляд, будзе досыць кароткатэрміновы», — лічыць экспэрт.
Паводле інфармацыі з афіцыйнага сайту «БелДжы», аўто SC7 каштуе на сёньня ад 9850 даляраў, LC-Cross — ад 12 500 даляраў, EmgrandX7 — ад 7890 даляраў.