Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Bosch: Сытуацыя ў Расеі адкідае бізнэс ва ўсім рэгіёне на 5 гадоў назад


Сябра праўленьня кампаніі Robert Bosch GmbH Увэ Рашке
Сябра праўленьня кампаніі Robert Bosch GmbH Увэ Рашке

Падаўжэньне санкцыяў Эўразьвязу супраць афіцыйнай Масквы наўпрост рэзануе на сытуацыі ў расейскай эканоміцы: інвэстары канстатуюць рэцэсію, згортваньне рынку і страту прыбыткаў.

Падчас гадавой прэс-канфэрэнцыі ў Маскве сябра праўленьня кампаніі Robert Bosch GmbH Увэ Рашке заявіў, што слабы абменны курс, няпростае палітычнае асяродзьдзе, заходнія санкцыі і расейскае эмбарга прывялі да «прасяданьня» рэгіянальнага рынку СНД, Украіны і Грузіі на траціну ў параўнаньні з 2013 годам.

Паводле ягоных словаў, пачынаючы ад другой паловы 2014-га попыт на прадукцыю Bosch у Расеі і на сумежных тэрыторыях скараціўся, продажы ў эўра зьнізіліся амаль на 10%. Як прагназуе Увэ Рашке, зьніжэньне пакупніцкай актыўнасьці будзе назірацца ня толькі цягам гэтага году, але і ў агляднай будучыні: «Фактычна ўжо можна казаць, што наш бізнэс адкінуты на 5 гадоў назад», — падсумаваў топ-мэнэджэр карпарацыі Robert Bosch GmbH.

Згодна з прагнозам кампаніі, рэцэсія ў эканоміцы і нестабільная палітычная абстаноўка ў рэгіёне непазьбежна адаб’юцца на карпаратыўным бізнэсе. Пры ўмове стабілізацыі эканамічны рост у той жа Расеі прагназуецца не раней за 2017 год. Але ўчорашняе рашэньне Эўразьвязу працягнуць санкцыі супраць Крамля можа скарэктаваць гэтыя разьлікі.

Герхард Пфайфэр
Герхард Пфайфэр

Паўнамоцны прадстаўнік групы кампаніяў Bosch у СНД, Украіне, Грузіі і Манголіі Герхард Пфайфэр пацьвердзіў, што праблемы Расеі адрэзанавалі на сумежных рынках, так ці інакш залежных ад буйнога эканамічнага партнэра. Практычна на ўсіх тэрыторыях мясцовыя валюты дэманстравалі падзеньне, расла інфляцыя і скарачалася пакупніцкая здольнасьць насельніцтва. Па некаторых пазыцыях спад асабліва адчувальны: так, рынак электраінструмэнтаў скараціўся на 35%. На тле падзеньня коштаў на нафту і ваеннага канфлікту на ўсходзе Ўкраіны давялося перагледзець некаторыя інвэстыцыйныя пляны.

Юры Нечапаеў
Юры Нечапаеў

Тым ня меней, як адзначыў генэральны дырэктар падразьдзяленьня «Бош Тэрматэхніка» Юры Нечапаеў, з улікам лякалізацыі некаторых відаў вытворчасьці справы ў кампаніі Bosch яшчэ не такія дрэнныя, як у іншых інвэстараў: пяць прадпрыемстваў, якія выпускаюць прадукцыю пад вядомым брэндам, удзельнічаюць у праграме імпартазамяшчэньня, і іх прадукцыя пасьпяхова рэалізуецца ў Мытным саюзе:

«Не пакрыўлю душой, калі скажу, што з увядзеньнем санкцыяў супраць Расеі, вядома ж, узьніклі праблемы з фінансаваньнем праектаў — асабліва ў прамысловым сэгмэнце, у якім працуе наша кампанія, пастаўляючы прамысловую абагравальную тэхніку. Тым ня меней нават у такой няпростай сытуацыі мы працягваем заваёўваць долю рынку, што вельмі важна на пэрспэктыву. І галоўны фактар посьпеху для гэтага — наша лякальная вытворчасьць, якая дазваляе вырабляць канкурэнтаздольны прадукт і ўдзельнічаць у праграмах імпартазамяшчэньня на расейскім рынку».

А вось Беларусь — занадта легкавагавы гулец, каб абмяркоўваць пэрспэктывы лякалізацыі тут нейкай вытворчасьці. Мала таго, у выніковым прэсавым рэлізе па выніках 2014 году няма нават згадкі пра праекты, якія яшчэ нядаўна падаваліся як «флягманскія» — супрацоўніцтва зь Менскім маторным заводам, прадпрыемствам «БелДжы», якое вырабляе ў Барысаве легкавыя аўтамабілі «Джылі», вытворцамі будаўнічай тэхнікі на вялікіх колавых шасі (МАЗ і БелАЗ) і г.д. Паводле Герхарда Пфайфэра, скарачэньне заходняй прысутнасьці адбываецца найперш за кошт зьніжэньня эканамічнага росту ў Беларусі, і варыянты аздараўленьня пакуль не прадбачацца:

«Мы не абмяркоўваем канкрэтных заказчыкаў, але магу сказаць, што рынак рухавікоў і рынак будаўнічай тэхнікі ў Беларусі для нас прыярытэтны. Адпаведна, калі ў нашых заказчыкаў — вытворцаў рухавікоў ці вытворцаў будаўнічай тэхнікі — справы ідуць добра, гэта азначае, што і ў нас таксама справы добрыя. Таму цяперашняя сытуацыя тлумачыцца ня тым, што прадукцыя Bosch дрэнная ў сваёй канкурэнтаздольнасьці, а тым, што ў беларускіх заказчыкаў ёсьць свае кліенты, у якіх гэтаксама зьніжаюцца продажы. Спадзяюся, як толькі палепшацца справы ў заказчыкаў нашых беларускіх партнэраў, наш бізнэс гэтаксама вернецца ў ранейшае рэчышча».

Што тычыцца плянаў на бягучы год, то, як удакладніў спадар Пфайфэр, у найлепшым выпадку экспэрты прагназуюць беларускай эканоміцы стагнацыю — нязьменнасьць паказьнікаў у параўнаньні з годам папярэднім. Аднак ужо першыя месяцы гэтага году прымушаюць сумнявацца нават у такой пэрспэктыве. Відавочна, што вынікі ўсё ж будуць горшыя, чым летась.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG