Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэвальваваны юань пагражае беларускі вытворцам на расейскім рынку


Народны банк Кітая 13 жніўня зноў панізіў курс юаня да даляра — гэтым разам на 1,12%.

Дэвальваваць нацыянальную валюту рэгулятар пачаў у аўторак і сераду, калі курс быў зьніжаны на 1,86 і 1,62% адпаведна. Такім чынам, цяпер кітайскі юань каштуе 6,40 амэрыканскага даляра. Гэта самая значная дэвальвацыя юаня за 20 апошніх гадоў. Яна ўжо прывяла да падзеньня акцыяў на азіяцкіх фондавых рынках.

Якім чынам аслабленьне кітайскіх грошай адаб’ецца на беларускай эканоміцы, якая ў апошнія гады атрымала «зьвязаных» крэдытаў на мільярды даляраў? Ці варта чакаць узмацненьня экспансіі кітайскай прадукцыі пасьля таго, як тамтэйшыя тавары яшчэ больш патаньнеюць?

Афіцыйна ў цэнтрабанку КНР дэвальвацыю тлумачаць захадамі дзеля таго, каб курс абмену юаня больш дакладна адлюстроўваў сытуацыю на рынку. У прыватнасьці, гаворыцца, што меншы курс будзе стымуляваць экспарт. Па выніках мінулага месяца пастаўкі з Кітаю на зьнешні рынак зьнізіліся больш як на 8%, і экспэртэры пачалі біць трывогу, што другая эканоміка сьвету паступова запавольваецца.

Аднак, як лічыць доктар эканамічных навук Барыс Жаліба, рашэньне прымалася з выкарыстаньнем адміністрацыйнага рэсурсу — як да нядаўняга часу гэта рабілася і ў Беларусі. Найперш — каб паціснуць канкурэнтаў на стратэгічных для сябе рынках. А ў выпадку ўзмацненьня кітайскіх пазыцыяў у той жа Расеі, кажа спадар Жаліба, пацерпяць найперш беларускія вытворцы, якія наўрад ці здолеюць нешта супрацьпаставіць такому магутнаму гульцу, як Кітай:

Барыс Жаліба
Барыс Жаліба

«Грашовыя ўлады Кітая, я лічу, усё ж робяць гэта штучна, каб падтрымаць свой экспарт. То бок, я адчуваю, што юань цяпер не ў свабодным плаваньні, як, скажам, расейскі рубель. Вось расейскі рубель якраз у свабодным рэжыме — як пайшоў уніз, так і валіцца. А кітайцы гэта зрабілі па камандзе, таму што ў іх мінусуе экспарт. Паколькі ў апошнія гады гэты паказчык стаў мінусаваць, то неабходна працэс падтрымаць. Адпаведна, трэба адрэгуляваць сваю валюту, узмацніўшы пазыцыі экспарту, у тым ліку на расейскім рынку. І вось у гэтым пляне сытуацыя паўплывае на нас досыць істотна, прычым у даволі кароткатэрміновым пэрыядзе — яны пачнуць больш інтэнсіўна цясьніць нашы беларускія рынкавыя нішы. Як мы ведаем, у Беларусі і так ужо ня першы год кепска складваюцца справы на расейскім рынку — і з кітайцамі, і без кітайцаў. А будзе яшчэ горш. Для нас расейскі рынак усё ж асноўны, і калі кітайскі экспарт узмоцніць там свае пазыцыі, нам ад гэтага, вядома, лепей ня будзе. І так з канкурэнтаздольнасьцю праблемы, а ўзмоцняцца шматкроць».

Ярасалаў Раманчук
Ярасалаў Раманчук

Меркаваньне калегі падтрымлівае кіраўнік Аналітычнага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук. На перакананьне эканаміста, падзеньне кітайскага юаня ўскосна паспрыяе дэвальвацыі беларускага рубля, бо новы віток «валютнай вайны» можа выклікаць дысбалянс на валютным рынку сьвету. На Беларусі, па словах экспэрта, гэта адаб’ецца найперш тым, што яшчэ хутчэй пачне падаць расейскі рубель. А паколькі беларускія грошы прывязаныя да расейскіх, Нацыянальны банк Беларусі таксама будзе вымушаны дэвальваваць сваю валюту — калі, вядома, ня хоча паўтарыць нэгатыўны сцэнар канца 2014 году. Тады, удакладняе спадар Раманчук, улады паўгода проста назіралі, як падае расейскі рубель, у выніку моцна нашкодзіўшы вытворцам і экспартэрам.

За апошнія гады кітайская прысутнасьць у Беларусі стала нашмат больш адчувальнай. Пэкін ужо выдзеліў беларускаму ўраду шматмільярдныя крэдыты, якія падтрымліваюць канкрэтныя праекты — Кітайска-беларускі індустрыяльны парк пад Смалявічамі, завод кітайскіх аўтамабіляў «БелДжы» ў Барысаве, папяровую фабрыку ў Добрушы, горна-ўзбагачальны комплекс Старобінскага радовішча калійных соляў, электрыфікацыю чыгункі ў напрамку ад Менску да Астравецкай АЭС ды шэраг іншых. Пэрспэктыўны плян замацоўвае зьвязанае крэдытаваньне беларускай эканомікі ў памеры 15 мільярдаў даляраў.

Беларуска-кітайскі парк у Смалявічах
Беларуска-кітайскі парк у Смалявічах

Як адаб’юцца мэтавыя пазыкі на крэдытаатрымальніку і амбітных праектах, калі аслабленьне кітайскай валюты будзе працягвацца надалей? Эканаміст Барыс Жаліба лічыць, што пакуль дэвальвацыя юаня не такая значная, каб біць у званы:

«Катэгарычна сьцьвярджаць, што абавязкова будуць праблемы, я ня стаў бы. І найперш таму, што дэвальвацыя не настолькі істотная, каб выклікаць паніку. Першы раз — пад 1,9%, потым — 1,6%, а сёньня — 1,2%. Гэта не дзясяткі працэнтаў, да якіх ужо прызвычаіліся беларусы. Справа ў тым, што кітайскія крэдыты выдзяляюцца нам у трэцяй валюце, у далярах. І аддаваць іх нам будзе патрэбна таксама ў далярах. Канечне, ускосна паўплываць можа, але ж калі грошы вяртаць — ня сёньня і ня заўтра, правільна? І калі экспэрты наўпрост кажуць, што сытуацыя паўплывае ці ў лепшы бок, ці, наадварот, у горшы, дык гэта рабіць дачасна. З гледзішча беларусаў гэта ўвогуле ня лічбы, што там нешта рэгулюецца на 1–2%».

Тым часам у Міжнародным валютным фондзе лічаць дэвальвацыю юаня станоўчым крокам. У апублікаванай заяве МВФ гаворыцца, што абясцэньваньне кітайскай валюты дазволіць рынкавым мэханізмам адыграць істотную ролю ў вызначэньні яе абменнага курсу. Пры гэтым у фондзе адзначаюць, што канкрэтны вынік будзе залежаць ад таго, як новы мэханізм будзе рэалізаваны на практыцы. Прадстаўнікі МВФ лічаць, што на працягу двух-трох гадоў Кітай павінен імкнуцца да пераходу на плаўны валютны курс, для чаго існуюць усе неабходныя ўмовы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG