Самі студэнцкія арганізацыі зьвярнулі ўвагу на некарэктнасьць такіх абвінавачаньняў і нагадалі пра крымінальную адказнасьць за перашкоды іхняй законнай дзейнасьці.
Студэнцкія арганізацыі Беларусі зьвярнуліся з адкрытым лістом да Каардынацыйнай рады студэнцкага самакіраваньня Беларускага дзяржаўнага мэдыцынскага ўнівэрсытэту і рэктара ўнівэрсытэту.
У звароце гаворыцца пра паведамленьне, якое нібы распаўсюджваў у сацсетцы намесьнік старшыні рады Віктар Серы, і прыводзіцца скрыншот. У тым паведамленьні «Братэрства арганізатараў студэнцкага самакіраваньня», «Цэнтар разьвіцьця студэнцкіх ініцыятываў» і «Студэнцкая рада» называліся «несанкцыянаванымі» і «незаконнымі», адрасатаў прасілі правесьці прафіляктычныя гутаркі са старастамі групаў і празь іх давесьці да студэнтаў, што дзейнасьць згаданых арганізацыяў — гэта «мэтанакіраванае ўвядзеньне ў зман з элемэнтамі антыдзяржаўнага характару».
Студэнцкія арганізацыі нагадваюць, што згодна з Канстытуцыяй кожны мае права на свабоду аб’яднаньняў, а згодна з артыкулам 31 Кодэксу аб адукацыі студэнты маюць права на ўдзел у прафсаюзах, моладзевых і іншых аб’яднаньнях. Ніякія дзяржаўныя органы не выносілі ніякіх пастановаў або рашэньняў, якімі дзейнасьць названых арганізацыяў прызнавалася б супярэчнай заканадаўству. Дый увогуле такіх паняцьцяў, як «несанкцыяваная арганізацыя» і «антыдзяржаўная дзейнасьць», у беларускім заканадаўстве няма.
Таксама аўтары звароту нагадваюць, што згодна з артыкулам 194 Крымінальнага кодэксу Беларусі перашкоды законнай дзейнасьці грамадзкіх аб’яднаньняў, якія прывялі да значных парушэньняў іх правоў і законных інтарэсаў, караюцца штрафам, пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады альбо папраўчымі працамі тэрмінам да двух гадоў.
Віктар Серы ў размове з карэспандэнтам Свабоды казаў, што ня ведае пра ліст, але настойліва цікавіўся, ад каго зьявілася такая інфармацыя. Суразмоўца пацьвердзіў, што ён намесьнік старшыні Каардынацыйнай рады студэнцкага самакіраваньня БДМУ па інфармацыйна-ідэалягічнай працы і што чуў пра згаданыя арганізацыі, але ня змог сказаць, ці выступае ён супраць іх дзейнасьці. Таксама ён адмовіўся тлумачыць, якім чынам абіраецца рада студэнцкага самакіраваньня.
Падобна, што са студэнтамі БДМУ такія гутаркі пакуль не праводзіліся, альбо калі праводзіліся, то не з усімі — прынамсі, пра гутаркі ня ведаюць некалькі апытаных Свабодай студэнтаў Мэдунівэрсытэту.
Хто гэта прыдумаў?
Студэнты распавядаюць Свабодзе, што Каардынацыйная рада — нявыбарны орган, залежны ад рэктарату. Адзін са студэнтаў БДМУ называе Каардынацыйную раду «марыянэтачнай» і мяркуе, што яна нявыбарная і складаецца з прадстаўнікоў студсавету, БРСМ і прафкаму. Свайго імя ён просіць не называць, бо ўнівэрсытэт забараняе даваць камэнтары прэсе без узгадненьня з адміністрацыяй.
Іншы студэнт распавядае, што ўдзельнікі Каардынацыйнай рады прызначаюцца зьверху, без шырокага ўдзелу студэнцтва. Ініцыятыву зь лістом ён зьвязвае з асобай кіраўніка рады Зьмітра Салаўёва. Той, кажа студэнт, стварыў у радзе прэзыдыюм, у які ўвайшлі толькі людзі, якім ён давярае, бо з астатняй радай меў канфлікты, і цяпер ад імя прэзыдыюму дае людзям загады рабіць тыя ці іншыя рэчы, прасоўвае свае асабістыя ідэі.
Ініцыятыву зь лістом не выконваюць, мяркуе студэнт-мэдык, бо яна паходзіць не ад дэканату і рэктарату, а ад «прамытых» студэнтаў. Дзейнасьць Каардынацыйнай рады, кажа ён, ня мае рэзанансу:
«Усім абыякава, што кажа гэтая Каардынацыйная рада, бо яны не прадстаўляюць інтарэсы студэнцтва, былі створаныя ненатуральна, гэта спроба паказаць сваю дзейнасьць, сваю вагу. Орган проста для дэкарацыі».
Чаму «несанкцыянаваныя» і ў чым «зман» і «антыдзяржаўнасьць»?
Старшыня «Братэрства арганізатараў студэнцкага самакіраваньня» (установа «Студэнцкая фабрыка думкі») Аляксандар Луцэвіч распавядае Свабодзе, што ягоная арганізацыя займаецца падтрымкай студэнцкага самакіраваньня, тлумачэньнем прынцыпаў Балёнскага працэсу і іншымі адукацыйнымі мерапрыемствамі. У такіх дзеяньнях суразмоўца ня бачыць нічога «антыдзяржаўнага»:
«Мы таксама задаліся пытаньнем, як гэта „несанкцыянаваная“, бо такога азначэньня нідзе няма. Што яны мелі на ўвазе, мы самі ня ведаем. Магчыма, мелі на ўвазе, што незарэгістраваная, але з рэгістрацыяй у нас усё добра. „Антыдзяржаўная дзейнасьць“ — шукалі ў законах Рэспублікі Беларусь, такога азначэньня таксама няма.
Магчыма, „антыдзяржаўным“ у нас называюць тое, што мы імкнёмся да таго, каб Беларусь стала паўнавартасным чальцом Балёнскага працэсу, каб сфэра адукацыі стала лепшай, каб краіна разьвівалася — магчыма, гэта прылічылі да „антыдзяржаўнага“, магчыма, гэта ў нас дрэнна.
Калі ў нас нешта забараняюць... „Ляпісаў“ забараняюць, Вольскага, Алексіевіч — значыць, гэта знак якасьці.
Гэта такая рэкляма, што арганізацыя добрая, гэта сыгнал студэнту, што трэба прыходзіць да нас, рабіць з намі нешта лепшае для нашай краіны».
Сябра «Цэнтру разьвіцьця студэнцкіх ініцыятываў» Яўген Міхасюк распавядае, што арганізацыя нічым забароненым у Беларусі не займаецца, мае афіцыйную рэгістрацыю з 2011 году і не ўяўляе, як унівэрсытэт мог яе не «санкцыянаваць»:
«Наша арганізацыя займаецца адукацыйнымі мерапрыемствамі для студэнтаў на тэмы студэнцкага лідэрства, студэнцкага самакіраваньня, Балёнскага працэсу. Сустракаемся з партнэрамі, у тым ліку эўрапейскімі, абмяркоўваем сытуацыю з адукацыяй у Беларусі. Нашага дырэктара час ад часу запрашаюць на тэлевізію, у тым ліку беларускую неафіцыйную, ён там выступае ў якасьці незалежнага экспэрта ў галіне вышэйшай адукацыі — ён заўсёды, канечне, шчыры, але стрыманы, ня памятаю, каб ён каго абразіў. Калі ў іх ёсьць асабістыя крыўды, трэба разьбірацца, размаўляць.
Наколькі я ведаю, шмат якія выпускнікі нашых адукацыйных праграмаў пачынаюць задавацца пытаньнем, чаму ва ўнівэрсытэтах ня ўсё ідэальна, чаму мы адстаём ад Эўропы, чаму ня маем самакіраваньня. Але гэта нармальны працэс станаўленьня студэнцтва ў Беларусі. Гэтыя пытаньні паўсталі б з намі ці бяз нас».
Старшыня «Студэнцкай рады», зарэгістраванай як прафсаюзная група пры прафсаюзе «РЭП», Алесь Крот кажа, што ягоная арганізацыя займаецца юрыдычнай дапамогай студэнтам, адукацыйнымі сэмінарамі і трэнінгамі, ладзіць маніторынг выпадкаў ціску на студэнтаў. Ён мяркуе, што такія лісты не абмяжоўваюцца адным унівэрсытэтам:
«Хутчэй за ўсё, у больш-менш вялікіх дзяржаўных унівэрсытэтах усе атрымалі такую разнарадку, проста ў БДМУ гэта „выйшла“.
Пералічаныя арганізацыі, мяркую, даўно „сядзелі ў глотках“ унівэрсытэтаў, псавалі станоўчы імідж. Але апошняй кропляй, можа, стала тое, што калі пачаўся ціск на актывістаў #студэнтысупраць у сьнежні, мы рабілі некалькі заяваў, у тым ліку з гэтай нагоды ў Эўрапейскі студэнцкі зьвяз. Пасьля гэтага была заява з боку (рэктара БДУ) Абламейкі, што нібыта нейкія незразумелыя арганізацыі прадстаўляюць студэнцтва на эўрапейскім узроўні».