Былы студэнт БДУ Пётар Маркелаў вернецца на вучобу на фізычны факультэт адразу на трэці курс, калі здасьць акадэмічную розьніцу, а не на другі, як меркавалася раней.
Як ён апавёў Свабодзе, для зьмены рашэньня хапіла аднаго звароту:
«Я напісаў у мінулы аўторак заяву на імя рэктара, у пятніцу, здаецца, яе перадалі прарэктару — і сёньня мне патэлефанавалі і сказалі, што пагадзіліся аднавіць мяне на трэцім курсе. Ніякіх умоваў асаблівых ня ставілі, нічога незвычайнага не рабіў — проста напісаў паперку. Вядома, трэба здаць акадэмічную розьніцу да красавіка, 6 залікаў і 5 іспытаў. Адразу так вырашыла камісія, што аднаўляюць на другім курсе. Я на яе ўплыву ня меў. А пасьля напісаў заяву ў рэктарат — і яе задаволілі. Проста за той час, пакуль я не вучыўся, моцна зьмянілася праграма, таму яны падумалі, што я не змагу акадэмічную розьніцу здаць да красавіка. Але я напісаў, што ў мяне няма праблемаў з вучобай, я пасьпею гэта зрабіць, новых прадметаў для мяне там амаль няма».
Тым ня меней аднаўляюць Пятра на платнай форме, хоць ён сьцьвярджае, што празь недабор студэнтаў адлічаных аднаўляюць звычайна на бюджэтную форму навучаньня.
Афіцыйна Маркелаў быў выключаны за пропускі заняткаў пры сярэднім бале 8,6. Да адлічэньня Маркелаў балятаваўся ў дэпутаты Менскага гарадзкога савету ў 2014 годзе, падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2015-га быў актыўным назіральнікам і ладзіў відэатрансьляцыю з выбарчага ўчастку, спрабаваў зарэгістраваць студэнцкае аб’яднаньне «Інтэрмарыюм», якое б бараніла адлічаных студэнтаў.
Цяпер Маркелаў хацеў бы працягваць ранейшую дзейнасьць. Пра «непажаданасьць» такой дзейнасьці яго не папярэджвалі наўпрост, але ўскосна намякалі — казалі «ня ганьбіць факультэт». Новых пагрозаў на свой адрас, кажа Маркелаў, ён пакуль ня чуў.