З ініцыятывы фонду памяці Першай усясьветнай вайны «Крокі», які ўзначальвае вядомы беларускі мастак Барыс Цітовіч, адбыўся аўтапрабег па месцах пахаваньня вайскоўцаў расейскай царскай арміі ў Вілейскім раёне.
Акурат 100 гадоў таму, увосень 1915-га, Вілейка разам з суседнімі Смаргонямі і Мядзелем апынулася на лініі супрацьстаяньня дзьвюх варагуючых імпэрыяў. Амаль тры гады тут вяліся жорсткія баі са значнымі ахвярамі, праціўнікі білі адзін аднаго цяжкай артылерыяй і труцілі газам. І калі германцы стараліся фіксаваць усе свае пахаваньні (зь Нямеччыны дагэтуль паступаюць сродкі, каб падтрымліваць іх у належным стане), то магілы расейцаў збольшага былі страчаныя.
Апошнія чатыры дзясяткі гадоў свайго жыцьця графік, іканапісец, аўтар копіі скарынаўскай Бібліі Барыс Цітовіч прысьвяціў пошуку і аднаўленьню зьвестак пра загінулых салдатаў забытай вайны. У сярэдзіне 1970-х разам з жонкай Валянцінай Пятроўнай — акторкай і рэжысэркай — яны пераехалі зь Менску ў Забродзьдзе пад Вілейкай. Дом, па лёсавызначальным супадзеньні, набылі ва ўдавы салдата, які загінуў у Першую ўсясьветную.
Your browser doesn’t support HTML5
Неўзабаве Барыс Барысавіч наткнуўся ў лесе каля вёскі на зарослыя мохам магілы. Па архіўных дакумэнтах высьветліў, што тут хавалі салдатаў, якія паміралі ў лязарэце ад цяжкіх раненьняў і тыфусу.
Шмат хто зь іх, як выявілася, быў родам з гэтых самых мясьцінаў, іх мабілізавалі пасьля так званага Сьвянцянскага прарыву, калі на пачатку верасьня 1915-га немцы прарвалі расейскую абарону.
Празь нейкі час на ўласныя сродкі Цітовічаў і прыватныя ахвяраваньні ля Забродзьдзя паўстаў першы ў Беларусі мэмарыял на месцы лязарэтных могілак, а пасьля — капліца-помнік і званіца ў гонар загінулых. Побач з царквой разьбіты Парк памяці, а першыя дрэвы на алеі ў 1984 годзе разам з Барысам Цітовічам пасадзілі Васіль Быкаў і Алесь Адамовіч.
Вяртаньне імёнаў герояў і ахвяраў Першай усясьветнай вайны стала для Цітовічаў справай гонару — асабліва напярэдадні 100-годзьдзя ад моманту, калі яна прыйшла на тэрыторыю Беларусі. Удалося знайсьці і ўпарадкаваць дзясяткі раней невядомых магілаў, паставіць крыжы, высьветліць прозьвішчы забітых і памерлых.
Апошняе матэрыялізаванае сьведчаньне руплівасьці — Надбрамная капліца на гарадзкіх могілках. Стала вядома, што там пахавана 300 салдатаў і афіцэраў, якія загінулі падчас вызваленьня Вілейкі ў 1915 годзе. За савецкім часам людзей хавалі... проста паўзьверх салдацкіх целаў. У выніку не засталося месца, каб нават паставіць крыж. Тады зьявілася ідэя капліцы: макет спадар Цітовіч намаляваў сам, сябры-архітэктары стварылі праект, грошы на будаўніцтва зьбіралі па прадпрыемствах.
Ад Надбрамнай капліцы 31 кастрычніка і стартаваў аўтапрабег па адноўленых пахаваньнях, ініцыяваны фондам «Крокі». Пасьля малебну, якія потым айцец Аляксандар ладзіў на кожным прыпынку, калёна больш як з трох дзясяткаў аўтамабіляў і аўтобусаў рушыла ў першы пункт — вёску Любкі. Значную частку кіроўцаў і пасажыраў складалі аматары рэканструкцыі гістарычных падзеяў — мужчыны і жанчыны ў форме вышэйшых і ніжэйшых чыноў царскай арміі, казакоў, добраахвотніц жаночага «батальёну сьмерці», салдатаў і афіцэраў кайзэраўскага войска. Сам Барыс Цітовіч таксама ў строі расейскага афіцэра:
«Мы ў вёсцы Любкі. Вось на гэтым месцы, проста тут, на могілках, былі акопы. Адпачатку мы арыентаваліся на адно пахаваньне з трыма імёнамі, але прыйшла мясцовая жыхарка і сказала: хлопцы, яшчэ мая мама даглядала братэрскую магілу. І калі пачалі падымаць камяні, на адным зь іх, які цяпер у падвалінах помніка, аказаўся выбіты крыж і дата — 1915 год. Атрымалася, што 100 гадоў і гэтыя магілы, і гэты камень чакалі таго моманту, калі нашчадкі нарэшце прыйдуць і схіляць свае галовы перад тымі, хто загінуў. Дзякуй богу, што хоць праз 100 гадоў нарэшце мы тут. Такім чынам, мы тут памолімся, і Валянціна Пятроўна зробіць невялікую паэтычную ўкрапіну».
Нараджэнец гэтых мясьцінаў, падпалкоўнік у адстаўцы, удзельнік баявых дзеяньняў у Аўганістане Станіслаў Суша падчас імправізаванага мітынгу-рэквіему расказаў, што дасканала вывучыў ваенную тапаніміку сваёй вёскі яшчэ дзіцем. Але тады ніхто так і не задаволіў ягоную цікаўнасьць: што насамрэч адбывалася ў ваколіцах Любак? Цяпер ён сябра фонду «Крокі», актыўна дапамагае ў справе мэмарыялізацыі закінутых некалі магілаў:
«У дзяцінстве, як усе малыя, мы цікавіліся тым, што захавалася ад тагачасных падзеяў — усюды навокал акопы, бліндажы. Мы ў гэтым пяску калупаліся, часта знаходзілі патроны, іншыя напаміны пра вайну. Само сабой, задаваліся пытаньнямі: а што тут, уласна кажучы, адбывалася? Дык не было нават у каго пацікавіцца! Акурат пайшлі ў школу, там пра гэта ніхто нічога не расказваў, нейкія аддаленыя зьвесткі даляталі ад сталых людзей. Быў у нас адзін вельмі калярытны дзед Васіль па мянушцы Бягос, дык ён нам апавядаў: менавіта тут, у гэтым куце могілак, былі пахаваныя афіцэры, салдаты. Крыжоў тады ўжо не было, паказаў толькі купіны. Мне гэта запомнілася на ўсё жыцьцё. Шчыра скажу: нават ня думаў, што пройдзе столькі гадоў, і ажыцьцявіцца наша мара — вярнуць нашчадкам імёны іхніх продкаў, якія загінулі».
Наступным пунктам аўтакалёны — вёска Дварэц, таксама вясковыя могілкі. Паміж пахаваньнямі — некалькі сотняў мэтраў. На адным, як удакладняе Барыс Цітовіч, ідэнтыфікаваныя сем прозьвішчаў. На другім — паўсотні безыменных пагоркаў:
«Некаторыя імёны высьветлілі, праўда, ня ўсіх, хто тут загінуў. З правага боку тры вышынькі, абсалютна цудоўныя з гледзішча ваенных пазыцыяў. Яны ўсе зрэзаныя акопамі, і нават сёньня можна ўявіць, якія жорсткія тут ішлі баі. На гэтым месцы сем магілаў. Думаю, гэта далёка ня ўсе вядомыя пахаваньні, бо зусім недалёка, куды мы потым пяройдзем, яшчэ 50 безыменных магілаў. Дарэчы, камянёў тут не было, давялося завозіць. Тое, што імёны адкрываюцца, гэта надзвычай важны момант: чым больш усталёўваем плітаў з прозьвішчамі, тым больш адкрыцьцяў. Скажам, пакуль рабілі ў адным месцы, зьявіліся зьвесткі пра пахаваных у іншых. Так, менавіта ў гэты пэрыяд адкрылася: у вёсцы Рускае Сяло, куды яшчэ паедзем, ужо вядомыя імёны ўсіх загінулых. Але каб так было ўсюды, запатрабуецца яшчэ шмат працы. На сёньня мэмарыялізавана сем аб’ектаў, на два ня трапім, бо яны ў лясах, у цяжкадаступных месцах».
У Рускім Сяле, пра якое згадаў спадар Цітовіч, яшчэ ў 1960-х стаяла царква, а побач — магілы салдатаў расейскай арміі. На пачатку 1970-х дзеля будоўлі трасы Вілейка — Смаргонь на гэтым месцы зрабілі гравійны кар’ер, і магілы зраўнялі зь зямлёй, як і храм. Толькі праз шмат гадоў Барыс Цітовіч дамогся перазахаваньня пад агульным курганом 64 салдатаў, магілы якіх пазнаходзілі ў навакольных вёсках. Гэты мэмарыял стаіць проста пры вілейска-смаргонскай шашы.
Адзін з удзельнікаў прабегу, дасьледчык падзеяў Першай усясьветнай вайны, палкоўнік запасу Валеры Сураеў усьцешаны, што хай сабе і праз стагодзьдзе, але нарэшце аднаўляецца гістарычная справядлівасьць:
«На працягу доўгіх гадоў, нават дзесяцігодзьдзяў намагаліся зрабіць так, каб Першая ўсясьветная вайна, яе героі і ахвяры былі забытыя. На шчасьце, не атрымалася. Не атрымалася, бо жывая найперш людзкая памяць. Гэта лішні раз пацьвярджае, што духоўнасьць — паняцьце адвечнае, яна неразрыўная з нашай гісторыяй. І калі мы сёньня тут сабраліся і ўзгадваем воінаў, якія палі на гэтай зямлі, гэта сьведчыць пра адно: іх душы радуюцца таму, што мы пра іх памятаем. У гэтай сувязі вялікі гонар усім, хто тут прысутнічае: найперш, ініцыятару гэтай справы Барысу Цітовічу. Але таксама і вайсковым чынам расейскага імпэратарскага войска, і прадстаўнікам арміі кайзэра, і казакам, і жанчынам-добраахвотніцам, і пеўчым, якія расчульваюць да сьлёз, і школьнікам. Усім — вялікі гонар за такую патрэбную справу».
У 2004 годзе Барыс Цітовіч стаў ляўрэатам прэміі «За духоўнае адраджэньне», значную частку якой патраціў на будоўлю драўлянай капліцы-помніка ў сваім Забродзьдзі.
А ў сярэдзіне кастрычніка гэтага году стаў ардэнаносцам — за пару тыдняў да расейскага «папсавіка» Дробыша атрымаў ордэн Францішка Скарыны. Каб прызнаць заслугі чалавека, які з уласнай ініцыятывы пачаў выконваць абавязкі дзяржавы, запатрабавалася больш як 40 гадоў.