Глыбоцкі райсуд завяршыў разгляд заявы жыхароў вёсак Вайшкуны і Станчыкі, якія лічаць, што будоўля праваслаўнай царквы і летніка на беразе ўнікальнага возера — незаконная. Рашэньне будзе абвешчана пасьлязаўтра а 10-й раніцы.
У судзе пацьвердзілася: будоўля царквы на возеры Балдук распачалася без грамадзкага абмеркаваньня.
Разгляд судовай справы пачаўся 6 лістапада. Вяскоўцы з Пастаўскага раёну падалі пазоў супраць Пастаўскага райвыканкаму, бо менавіта ўлады мусяць арганізоўваць грамадзкія слуханьні па пытаньнях будаваньня падобных аб’ектаў. Але судовы працэс праходзіць у Глыбоцкім райсудзе: так пастанавіла абласное судовае кіраўніцтва, каб разгляд быў як найбольш аб’ектыўны.
На мінулым судовым пасяджэньні судзьдзя Андрэй Тарасевіч запатрабаваў, каб Лынтупскі сельсавет, на тэрыторыі якога будуюць царкву, прад’явіў дакумэнты пра арганізацыю грамадзкіх слуханьняў. Паколькі слуханьні не праводзіліся, хоць раней прадстаўнікі ўладаў прапаноўвалі лічыць слуханьнямі грамадзкі сход, арганізаваны прыватнымі асобамі па зусім іншых пытаньнях, дакумэнты ў суд прадстаўленыя не былі.
Пазыцыя мясцовых уладаў тым часам зьмянілася: прадстаўнікі Лынтупскага сельсавету і Пастаўскага райвыканкаму заявілі, што «ў грамадзкіх слуханьнях усё адно няма сэнсу».
Нібыта таму, што праект будоўлі ўжо зацьверджаны, дый сама будоўля ўжо пачалася. У адказ на гэта юрыст Рыгор Фёдараў запярэчыў: маўляў, выходзіць, што дастаткова сесьці ў цягнік, каб мець законныя правы на паездку, а набываць квіток ужо не абавязкова...
Спадар Фёдараў прадстаўляе ў судзе арганізацыю «Экадом», якая займаецца праблемай будоўлі на возеры Балдук. Пазыцыя арганізацыі застаецца нязьменнай: у адпаведнасьці з законам «Аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасьці ў Рэспубліцы Беларусь» рашэньні мясцовых органаў улады па пытаньнях забудовы прымаюцца выключна пасьля грамадзкіх слуханьняў. У дадзеным выпадку слуханьняў не было, і мясцовыя ўлады парушылі закон, а таксама правы тутэйшага насельніцтва.
Эколягі зьвяртаюць увагу на тое, што пытаньне будоўлі царквы каля возера Балдук дужа вострае. Мала таго, што насельнікі бліжэйшых вёсак — каталікі, і дагэтуль не зразумела, якім чынам за 40 кілямэтраў ад райцэнтру і ад бліжэйшай праваслаўнай царквы была ўтворана частка пастаўскага прыходу Мікалая Цудатворцы «Жыватворная крыніца».
Само возера Балдук — унікальны аб’ект прыроднага асяродзьдзя. Але ўмяшаньне ў ягоную экасыстэму можа загубіць вадаём.
У Балдуку надта доўгі водаабмен — каля 30 год, і гэтая акалічнасьць вымагае, каб наведваньне гэтых мясьцін турыстамі было абмежавана. Вядома, ніякія абмежаваньні ня будуць дзейнічаць, калі на беразе зьявяцца праваслаўны храм і дзіцячы летнік.
Фундатар будоўлі, менскі прадпрымальнік Мікалай Рамановіч, які прыехаў на суд з адвакатам, настойваў, што будзе будавацца толькі храм. Аднак дакумэнты сьведчаць пра іншае: Віцебскі аблвыканкам ужо даў дазвол збудаваць тут жа праваслаўны летнік.
Спадар Рамановіч даводзіў суду, што збудаваць храм — усё адно што ўзьвесьці лазьню або хляўчук на ўласным падворку. Галоўнае, каб у гаспадара знайшліся грошы.
Аднак чамусьці ён не акцэнтаваў увагу на тым, што будоўля вядзецца не ў ягоным двары. І нават не насупраць, як прапаноўвалі яму эколягі і актывісты мясцовай ініцыятывы «Балдук» у якасьці альтэрнатывы.
Будуюць новы храм на тэрыторыі, якая належыць пастаўскаму прыходу. Будоўля абнесена плотам, але месца храма ўжо пазначана праваслаўнымі крыжамі, зроблены пад’язныя дарогі, па якіх ужо рухаецца цяжкая тэхніка.
Да слова, будоўля вядзецца ня проста на тэрыторыі пастаўскага праваслаўнага прыходу. Будаўнічым плотам абнесена частка тэрыторыі гідралягічнага заказьніка «Швакшты», які месьціцца на паўночным беразе возера, у Віцебскай вобласьці. Супрацьлеглы, паўднёвы бераг — гэта ўжо Меншчына, а дакладней — тэрыторыя нацыянальнага парку «Нарачанскія азёры».
Будаўніцтва на тым, «менскім» беразе, строга забаронена. А на «віцебскім» — дазволена мясцовымі ўладамі, нават не зважаючы на парушэньне заканадаўства.
Мясцовыя жыхары, актывісты і эколягі спадзяюцца, што суд пацьвердзіць заўважанае імі парушэньне заканадаўства. І што будоўлю, якая нясе шкоду навакольнаму асяродзьдзю і якую разгарнулі без грамадзкага абмеркаваньня, можна будзе спыніць.