15000 чалавек адзелі ў «вышымайкі». Арт Сядзіба правяла чарговы фэстываль у Менску

У дзяржаўны Год культуры «Арт-сядзіба» прапануе 12 уласных культурніцкіх ініцыятываў. Але міністэрству культуры яны не падыходзяць.

У менскай кавярні Loft 18 сакавіка праходзіць «Дзень вышымайкі» — форум для бізнэсоўцаў, якія хочуць падтрымаць выпуск прадукцыі з нацыянальным калярытам, і канцэрт беларускамоўных гуртоў. Мерапрыемства «Арт-сядзібы» і Symbal.by прысьвечанае пяцігодзьдзю «Арт-сядзібы» і дзяржаўнаму Году культуры.

Каардынатар «Арт-сядзібы» Мікіта Броўка распавёў пра дасягненьні крамы Symbal.by. Вышымаек, якія пачаліся са здымка чалавека ў цішотцы з арнамэнтам на Facebook, на сёньня прадалі 15 тысяч. На сайце крамы пабывалі наведнікі са 135 краінаў сьвету, хоць ён мае толькі беларускамоўную вэрсію. Па словах Броўкі, сайт цяпер становіцца ня проста крамай, а «агрэгатарам беларускай культуры» і нават супрацоўнічае з прадпрыемствам «Скарбніца», якое належыць адміністрацыі Лукашэнкі.

ВІДЭА З ФЭСТЫВАЛЮ

Кіраўнік «Арт-сядзібы» і дырэктар Symbal.by Павал Белавус згадаў, што культурніцкая пляцоўка сёлета будзе адзначаць пяцігодзьдзе на Каляды. За гады існаваньня «Арт-сядзіба» некалькі разоў пераяжджала зь месца на месца, бо «адкуль толькі не выганялі», — кажа Белавус.

Павал Белавус

Але папулярызатараў беларускай культуры і сымболікі праблемы з уладамі «натхнялі на новыя справы». Стваральнікі «Арт-сядзібы» распавядаюць, што пачалі якраз тады, калі зачынілі Сядзібу БНФ (цяпер дзейнічае па новым адрасе) і першымі ў Менску адчынілі вольную прастору (альбо каворкінг) у былых заводзкіх памяшканьнях. Цяпер падобных прастораў у Менску паболела, але да «Арт-сядзібы» нярэдка зьвяртаюцца па кансультацыі як да ці ня самай дасьведчанай арганізацыі ў галіне.

«Нас не падтрымлівае дзяржава, у нас няма датацыяў, мы не БРСМ, але маем багата ідэяў, якія хочам і можам зрабіць», — кажа Белавус.

«Арт-сядзіба» пачалася як хобі, якое не прыносіла грошай. Але, па словах Белавуса, пачала ператварацца ў «вялікія, шумныя, камэрцыйныя» праекты — і цяпер «Арт-сядзіба» хоча «заявіць пра сябе па-новаму». У Беларусі абвешчаны дзяржаўны Год культуры, а ініцыятыву «Дня вышыванкі» перахапіў БРСМ. Пляцоўка была гатовая да супрацы зь дзяржавай у папулярызацыі беларушчыны, але не атрымалася. Намесьніца міністра культуры Ірына Дрыга ў адказ на прапанову правесьці супольны Дзень роднай мовы ці Дзень вышыванкі паведаміла, што ў іх заплянаваныя дзяржаўныя мерапрыемствы, і «Арт-сядзіба» пад іх не падыходзіла. У адказ на гэта «Арт-сядзіба» вырашыла абвясьціць уласны Год культуры — альбо Год «Арт-сядзібы». І пад яго мае цэлы тузін праектаў.

12 праектаў «Арт-сядзібы» на год

1. Музычны фэстываль «Каго любіш? Беларусь люблю». Арганізацыя не адмаўляецца ад ідэі, хоць на 25 сакавіка яго не дазволіла правесьці нібыта ўцечка этыленгліколю ў Палацы спорту. Ідэя застаецца ранейшай, кажа Белавус: сабраць усіх музыкаў, якіх называюць забароненымі, «і паказаць, што яны ня страшныя». Адзін канцэрт «Крамбамбулі» ў Вільні, мяркуе ён, — гэта мільён даляраў, вывезеных за мяжу.

2. Сэрыя кніжак-размалёвак «МРБ». Размалёўку плянуецца зрабіць у фарматах А4 і нататніка-альбома паштовак, малюнкі і тэксты ўжо ствараюцца шэрагам беларускіх мастакоў.

3. Вялікі Сьпеўны сход, які плянуе зладзіць «Арт-сядзіба», мае сабраць да тысячы чалавек. Зладзіць такі, кажуць арганізатары, можна, напрыклад, у Палацы мастацтваў ці на вольным паветры. Па іх задуме, мерапрыемства мае вывесьці на новы ўзровень Сьпеўныя сходы, якія ладзяць Аляксей Чубат і Сяргей Доўгушаў. Тэксты песень будуць дэманстравацца на вялікім экране, як у «караоке», а сама імпрэза займее шырокую інфармацыйную падтрымку. Ёсьць і ідэя павазіць вялікі Сьпеўны сход па Беларусі, а таксама зладзіць сьпеўны флэш-моб у буйным гандлёвым цэнтры.

4. «Багач» — першая беларускамоўная энцыкляпэдычная настольная гульня, распрацаваная вакалістам Amaroka Зьмітром Афанасенкам. Гульня практычна гатовая, засталося знайсьці спонсара. «Багач» нагадвае добра вядомую «Манаполію», толькі заснаваную на мапе Менску, які ён быў колькі стагодзьдзяў таму.

5. Трэці «Дзень вышыванкі» арт-сядзібаўцы хочуць правесьці ў парку Горкага — і прапануюць Менгарвыканкаму далучыцца да арганізацыі. Папярэднія два «Дні вышыванкі», у межах якіх адбываліся кірмашы, выставы і канцэрты, сабралі ў Менску па некалькі тысяч чалавек.

6. Сэрыя мяккіх цацак для дзяцей і дарослых. Найперш у яе ўвойдзе Дзед-Барадзед — паводле ўласнага дасьледаваньня «Арт-сядзібы», самы вядомы беларускамоўны пэрсанаж, створаны для «Калыханкі» Артурам Вольскім. Арыгінальную ляльку, якую бачылі па тэлевізіі дзеці 80-х—90-х, у Белдзяржтэлерадыёкампаніі выкінулі на сьметнік. У «Арт-сядзібе» лічаць, што такую ляльку павінен мець кожны — і лялька будзе сьпяваць сваю песьню. Яшчэ адна цацка з сэрыі — герой канца 90-х і пачатку «нулявых» Паца-Ваца, якога хочуць навучыць весьці дыялёгі зь дзецьмі. Трэцюю цацку ў «Арт-сядзібе» прапануюць абраць супольна як сымбаль Беларусі 2010-х. Цацкі прапаноўвалі вырабіць дзяржаўным мерапрыемствам, але тыя просяць перадаплату і згодныя брацца толькі за буйныя партыі.

7. Свой спэктакль «Браніслаў», прысьвечаны Браніславу Тарашкевічу, «Арт-сядзіба» плянуе разьвіць да трылёгіі. Ужо вядзецца праца над спэктаклем «Францішак» (пра Францішка Багушэвіча), у далейшай пэрспэктыве — спэктакль «Вацлаў» (пра Вацлава Ластоўскага). «Браніслава» ўжо паказалі тройчы, і штораз месцы для гледачоў хутка сканчаліся. На «Дні вышымайкі» запісвалі на наступны паказ — 27 сакавіка. Да ўсіх спэктакляў арт-сядзібаўцы пішуць сцэнары самі, акторы ў іх непрафэсійныя.

Значкі, якія раздавалі наведнікам

8. «Радзіма Дае!» — глябальны супольны музычны праект з элемэнтамі рэаліці-шоў, для рэалізацыі якога патрэбная супраца з тэлеканалам. Арганізатары згадваюць як прыклад супольныя праекты «Народны альбом» і «Я нарадзіўся тут» — кажуць, хочуць зладзіць нешта падобнае, але з новым пакаленьнем музыкаў, якое якраз вырасла на згаданых праектах 20-гадовай даўнасьці. Удзельнікі праекту маюць жыць разам два месяцы ў катэджы пад Гародняй, рэпэтаваць і запісваць матэрыял ды даваць анлайн-справаздачы.

9. Шэсьць экспэдыцыяў «Сымбалі Беларусі». Каманда дасьледчыкаў наведаюць у розных абласьцях Беларусі шэсьць аўтэнтычных майстроў, якія ткуць, шыюць і ствараюць сымбалі сваёй малой радзімы. Іхныя працы залічбуюць і выкладуць у адкрыты доступ, каб паказаць разнастайнасьць сымбаляў Беларусі. Аўтары лічаць, што на сёньня колькасьць лічбавых матэрыялаў з нацыянальнай сымболікай даволі абмежаваная. Для гэтага праекту патрэбны спонсар.

10. Выданьне кнігі «Аўтастопам па Азіі» па матывах падарожжаў Аляксандра Гойшака, які вандруе якраз цяпер аўтаспынам. Сачыць за ягонымі падарожжамі па Эўропе і Азіі можна ў ягоным відэаблогу на Свабодзе.

11. Традыцыйна ў плянах «Арт-сядзібы» распрацоўка і распаўсюд прома-прадукцыі з сымбалямі Беларусі — стужкі, налепкі на машыны і значкі — або цукеркі з «Пагоняй» і «Вершніцай», якімі арт-сядзібаўцы зьбіраюцца частаваць на Дзень Волі.

12. Калядны фэстываль «Арт-сядзіба зьбірае сяброў», на якім арганізатары хочуць сабраць усіх супрацоўнікаў, валянтэраў і партнэраў, калегаў, суседзяў, прыхільнікаў і ворагаў, каб падвесьці вынікі 5-гадовай дзейнасьці.

Кавэр-бэнд «Арт-сядзібы»

На «Дні вышымайкі» «Арт-сядзіба» прэзэнтавала свой першы беларускамоўны кавэр-бэнд. Гурт, як кажуць арганізатары, створаны, каб паказаць, што па-беларуску можна «танцаваць, адпачываць і піць ня вельмі моцныя алькагольныя напоі», а ў барах і рэстарацыях могуць гучаць песьні нават забароненых у Беларусі музыкаў.

На канцэрце «Арт-сядзібы» на «Дні вышымайкі» разам з кавэр-бэндам выступаюць Amaroka, «Час лайна» і «Амплітуда сьмеласьці», а па заканчэньні канцэрту да другой ночы плянуецца танцавальны сэт ад Martin S. І дыджэй-сэт ад Vinsent-а.

Глядзіце фотарэпартаж з імпрэзы